Новости Молодечно и Молодечненского района

Хвастаты дэгустатар

  • 2024-10-12 07:15:00
  • Татьяна КНЯЗЕВА

Гэтай восенню парадаваў ураджай вінаграду. Хоць і расце на дачы ўсяго пару гатункаў, але хапіла, каб паласавацца самім ды радню з сябрамі пачаставаць. «Няма сёлета галоўнага дэгустатара – хвастатага», – пранеслася ў думках, калі зразала чарговую наліўную гронку. Што гэта за дэгустатар такі? Расказваю…

Была ў нас нямецкая аўчарка Дэя. Як яна з’явілася – гэта асобная гісторыя. І дарэмна мы хваляваліся: у нас малыя дзеці, і сабака можа іх пакрыўдзіць! Чатырохногі сябар аказаўся сапраўдным – разумным і верным. А яшчэ хітрым.

Наша лецішча знаходзіцца няблізка ад Маладзечна, таму працуем у садзе, агародзе толькі ў выхадныя, і тое не кожныя. Тэрмін выспявання вінаграду розны – толькі і сачы, каб у час сабраць: шпакоў, якія жадаюць пакаштаваць салодкія ягады, налятае процьма. Яшчэ адным «таварышам», які пільна чакаў тэрмін збору ўраджаю, аказалася Дэя. Дарэчы, вельмі любіла яна ласавацца агароднінай і садавіной. Для сабакі натуральныя «вітаміны» былі карысным дадаткам да асноўнага меню. Бывала, і саджаць яна «дапамагала»: сартавой бульбы насенне прыгатуем, а перад пасадкай колькі недалічым. Потым высвятлялася: Дэя адну пакаштуе, а другую абавязкова зарые ў зямлю. І ўлетку «квітнее» зялёны буйны бульбяны куст дзе-небудзь пад півоняй або касачамі. Увосень жа замест «страчанай» адной выкопваем больш за дзясятак. Вось як бывае: калі ў адным месцы страціш, у іншым абавязкова нечакана знойдзеш.

Выспяваюць яблыкі, грушы – хвастаты гадаванец тут як тут, ляжыць пад дрэвам і хрумкае – частуецца. Моркву Дэя выбірала лапай ды носам самую буйную. Хіба толькі цыбулю, гарбузы і кабачкі не чапала... Напэўна, лічыла нас абібокамі і не разумела, чаму ўраджай не збіраецца, калі ён ужо выспеў.

І вось пасадзілі мы вінаград Мінскі ружовы. У першы год выспела толькі адна гронка. Ці трэба расказваць, як чакалі, каб ягаду пакаштаваць? «Ну, яшчэ крышачку... І сонейка добра прыгравае... Няхай дзянёк-другі гронка павісіць, нальецца салодкім сокам і водарам, а ўвечары перад ад’ездам дамоў абавязкова знімем», – толькі і прыгаворвалі. І ўявіць не маглі, што да густу Дэі накшталт садавіны-агародніны дабавяцца яшчэ і ягады! Тым больш што яна не звяртала на вінаграднік аніякай увагі... У нядзелю раніцай мы ўбачылі ля лазы задаволенага чатырохногага сябра і пустэчу замест вінаграднай гронкі…

Але даравалася Дэі ўсё. А тыя ягады… Яны сапраўды аказаліся смачнымі – у гэтым мы ўпэўніліся на наступны год.

Таццяна КНЯЗЕВА