Кожная з каманд, у якіх было па пяцёра чалавек, павінна была скласці аднолькавую галаваломку з 360 пазлаў на тэму падводнага свету. Шанс на перамогу толькі адзіны ў таго, хто першым справіцца з заданнем. Другое і трэцяе месцы не прадугледжваліся. Спаборніцтвы нечым нагадвалі шахматна-шашачны турнір, хіба толькі часам гульцы ціхенька раіліся паміж сабой, каб удакладніць далейшыя дзеянні і выпрацаваць тактыку. Першай справілася з задачай зборная каманда школьнікаў горада. На яе выкананне вучням спатрэбілася амаль гадзіна.
Рuzzle (пазлы) у перакладзе з англійскай мовы азначае «галаваломка». Да 1820-х гадоў пазлы выкарыстоўвалі як вучэбныя дапаможнікі. Прычым дэталі не счаплялі, як цяпер, а проста клалі побач на аснову.
Спачатку пазлы былі вельмі дарагімі, пакуль у канцы ХІХ стагоддзя драўніну, з якой іх выраблялі, не замянілі на больш танны кардон. На думку псіхолагаў, складанне пазлаў спрыяе развіццю вобразнага і лагічнага мыслення, увазе і ўспрыняццю прадметаў (элементаў) па колеры, форме і памеры.