Новости Молодечно и Молодечненского района

Увлеченная посткроссингом: это ожидание сюрприза и радость

  • 2017-09-05 06:16:05
  • Лилия Липницкая

Праект, створаны партугальцам Паола Магаляэшам у 2005 годзе, уцягнуў у свае рады амаль увесь свет. Каб далучыцца да шматтысячнай каманды, трэба зарэгістравацца на сайце postcrossing.com. Пасля чаго сістэма прысвоіць вам унікальны нумар і выдасць пяць выпадковых адрасоў, на якія трэба выслаць карткі. На старонках адрасатаў пазначаны тэматычныя перавагі. Калі адрасат атрымае картку і зарэгіструе яе на сайце, ваш адрас будзе выдадзены наступнаму чалавеку. А праз некалькі тыдняў у вашай паштовай скрыні з’явіцца маляўнічае пасланне з прывітаннем на замежнай або рускай мове.

Маладзечанка Алена Шпырковіч, супрацоўніца лабараторыі прадпрыемства «Велес-Міт», пра спосаб абмену паштоўкамі даведалася выпадкова.
— Я пачынаючы пасткросер. Згодна са статыстыкай сайта майму захапленню ўсяго каля 500 дзён. Цяпер у мяне 177 паштовак з 28 краін, я адправіла іх 170 у 38 краін, — расказвае дзяўчына.

Самая першая паштоўка прыляцела да яе з Літвы. Казачны сюжэт — маленькі эльф, які сядзіць на спіне аленя, — адзін з самых любімых у Лены, аматаркі раманаў-фэнтэзі.

Па словах субяседніцы, па-за канкурэнцыяй у пасткросераў з розных краін — кошкі. Але Алена аддае перавагу русалкам, кветкам, рэпрадукцыям вядомых мастакоў, анёлам, матылькам, драконам і інш.

— Людзі з розных краін свету любяць напісаць на паштовых картках нешта пра сябе, сваю сям’ю, хатніх жывёл, аб надвор’і за акном. Тыповае паведамленне для расіян — захапленне Беларуссю, — расказвае дзяўчына.
Часам можна прачытаць і пасланні накшталт «час піць шампанскае і танцаваць на стале» альбо «слухай сваё сэрца». Натура рамантычная можа расцаніць гэта як падказку лёсу сярод паўсядзённай мітусні. Дарэчы, Алена расказала аб цікавым супадзенні: паштоўка з Ірландыі прыйшла да яе якраз у дзень Святога Патрыка, які з’яўляецца ў гэтай краіне нацыянальным святам.

— Я не люблю шмат пісаць пра сябе. Пішу коратка, звычайна абмяжоўваюся стандартнымі фразамі: «Шчаслівага пасткросінгу. З найлепшымі пажаданнямі, Лена з Беларусі».

Спецыяльныя паштоўкі ёсць у кнігарні і на пошце, але Лена найчасцей купляе праз інтэрнэт: так больш танна. Заказвае адразу каля двух дзясяткаў картак рознай тэматыкі на свой густ. Адны з самых папулярных запытаў пасткросераў — пейзажы гарадоў і краін.

— Як варыянт — зрабіць паштоўку самому. Нескладана сфатаграфаваць кветкі або пейзаж за акном, калі пад рукой добрая фотакамера, — гаворыць Алена.
Па словах субяседніцы, каб прачытаць пасланне на паштоўках, хапае базавай англійскай. Калі трэба — яна звяртаецца да электроннага перакладчыка. У яе калекцыі ёсць унікальны экзэмпляр. Почырк жыхара Канады настолькі дзіўны, што тэкст цяжка нават разабраць, не тое што перакласці.

На думку Алены, самыя экзатычныя для яе паштовыя карткі з краін Азіі — Кітая, Японіі, Малайзіі, Сінгапура, Тайваня. Яны адрозніваюцца сваім дызайнам і нават фактурай паперы. Пасткросеры любяць наклейваць асаблівыя ці ўнікальныя маркі, па якіх можна вывучаць гісторыю і культуру краіны. Сярод папулярных марак, выпушчаных «Белпоштай», — серыя з сабакамі і кошкамі.

Часам агульнае хобі людзей з розных краін перарастае ў сяброўства. Яны пішуць адзін аднаму ў сацсетках, дасылаюць лісты, сувеніры і нават ездзяць у госці.

— Ва ўладальніка такой калекцыі абавязкова ўзнікне жаданне падарожнічаць па свеце. Але гэта для мяне пакуль што дорага, — гаворыць Алена. — Пры асаблівым настроі люблю пераглядаць паштоўкі. Некаторыя сябры здзіўляюцца, навошта я трачу на гэта столькі грошай. Але хіба можна вымераць грашыма эмоцыі — чаканне сюрпрызу і радасць, якую адчуваеш, калі адчыняеш паштовую скрыню? Хіба не цуд — прачытаць пажаданне добрага дня ад незнаёмца, які жыве за тысячы кіламетраў ад цябе?


Фота: Аляксей ПЛАТКО.