Новости Молодечно и Молодечненского района

Танцевальный «Серпантин»

  • 2018-01-21 13:21:39
  • Ірына Рабушка


Чацвёрты год дзяўчына кіруе студыяй харэаграфіі «Серпанцін» у дзіцячым цэнтры культуры «Расток», куды ў свой час прыйшла па размеркаванні пасля заканчэння мясцовай гімназіі-каледжа мастацтваў. Свет танца адкрыла ёй у роднай Хажоўскай СШ школьны педагог Ірына Сасноўская, якая кіравала гуртком (цяпер яна працуе настаўнікам харэаграфіі ў гарадской СШ №14).

Летась Вікторыя Троцкая была адзначана спецыяльнай прэміяй «Талент» раённага выканаўчага камітэта ў намінацыі «Лепшы кіраўнік творчага калектыву». Нядаўна яна вярнулася з узнагародай з абласнога свята «Табе, Міншчына!», куды запрашаліся лепшыя прадстаўнікі працоўнай моладзі розных сфер дзейнасці, адзначаныя па выніках работы за мінулы год.

У «Серпанціне» пад яе кіраўніцтвам займаюцца 200 выхаванцаў ва ўзросце ад 3 да 13 гадоў. Прычым дзеці не толькі з горада, але і з Насілава, Беразінскага, Палачан, Хажова, Мыслевіч, Вязаўца. Як і многія прадстаўнікі сучаснага пакалення, Вікторыя актыўны карыстальнік інтэрнэту. Але яна не проста бавіць час — харэограф з задавальненнем расказвае пра поспехі сваіх выхаванцаў і запрашае ўсіх на выступленні калектыву. Выдатнае пацвярджэнне прафесіяналізму пачынаючых танцораў і самога харэографа – перамогі на розных конкурсах. Толькі ў мінулым годзе іх было больш за 20!

Ідэі пастаноўкі танца Вікторыі нярэдка прыходзяць за рулём аўто. Тады яна неадкладна паркуецца і пачынае… танцаваць, каб адразу запомніць прыдуманыя рухі. Яна наогул заўсёды танцуе ў думках, калі чуе музыку. Вікторыя закончыла і клас фартэпіяна ў сваёй роднай школе. У яе творчасці цяпер цесна пераплятаюцца музыка і танец.

— Нярэдка рухі, настрой танцавальнай кампазіцыі, рытм і тэмп я «тлумачу» сваім выхаванцам музыкай. І іграю на фартэпіяна, — гаворыць харэограф.

Сцэнічныя вобразы яна таксама любіць ствараць самастойна. А каб правільна рабіць грым, закончыла курсы візажыстаў.

Варта заўважыць і тое, што Вікторыя з’яўляецца кіраўніком танцавальнай групы падтрымкі «Ledi Di» хакейнага клуба «Дынама» (Маладзечна) і сама выступае ў яе складзе. Два гады таму яна прайшла сур’ёзны кастынг. У групу ўзялі ўсяго чатырох дзяўчат. Але толькі дзве з іх, у тым ліку Вікторыя, вытрымалі напружаны графік трэніровак і засталіся да гэтага часу.

Галоўным «суддзёй» для сябе дзяўчына лічыць сваю 80-гадовую бабулю па бацькавай лініі. Нягле-
дзячы на тое, што ўсё жыццё яна працавала ў сельскай гаспадарцы, у яе прыроджаны танцорскі дар.

Фота: архіў Вікторыі ТРОЦКАЙ.