Новости Молодечно и Молодечненского района

Святлана Кузьмічова: «Раблю тое, што люблю, і люблю тое, што раблю!»

  • 2018-01-27 06:33:19
  • Людміла Цар

Яшчэ некалькі гадоў таму Святлана нават не думала, што стане гераіняй праекта «Як я змяніў работу і жыццё» на tut.by, сюжэт аб яе творчым захапленні пакажуць на тэлеканале «Мир», а персанальная выстава лялек па сюжэтах казачных твораў выкліча такі рэзананс.

Сёння з ёю нярэдка вітаюцца незнаёмыя людзі, усміхаюцца, аказваюць знакі ўвагі. Ад розных выданняў з’яўляюцца ўсё новыя прапановы расказаць пра сябе. А выставачны графік распісаны на год наперад.

У стыльнай, з густам аформленай кватэры з прыгожым камінам, на якім утульна размясціліся розныя персанажы, зробленыя яе рукамі, размаўляем аб жыцці. Аб тым, што нам дадзена ад нараджэння, а што адкрываецца з часам. На ўласным вопыце Святлана ўпэўнілася, што не трэба баяцца перамен, неабходна давяраць інтуіцыі і дазваляць дзецям рабіць свой жыццёвы выбар. А калі зачыняюцца адны дзверы, адчыняюцца новыя магчымасці.

Сям’ю Святланы з поўным правам можна назваць творчай па духу. Маці Здзіслава Фамінічна працавала бухгалтарам, але якія прыгожыя рэчы вязала сваім дзецям! А ў пяцьдзясят гадоў пачала маляваць карціны. Бацька Рамуальд Сцяпанавіч быў не звычайным зваршчыкам — майстрам па вырабах з металу (а яшчэ ён сам сабраў трактар для сваёй гаспадаркі). Ды і брат Віктар спрабаваў сябе ў музыцы. Нельга сказаць, што звонку дом у Палачанах вылучаўся сярод іншых. Але ў 2004 годзе менавіта іх госцем стаў вядомы тэлевядучы Юрый Жыгамонт у час здымак «Падарожжа дылетанта». Ужо тады былі заўважаны здольнасці да рукадзелля таленавітай дзяўчынкі.

Не такая, як усе

Маленькая Святлана любіла вязаць кручком. Адмысловыя карункі ўпрыгожвалі школьную форму савецкага ўзору, у абноўках яна была сапраўднай модніцай на дыскатэках. Марыла стаць мадэльерам, паехаць вучыцца ў Віцебск, і ўсё ж прыслухалася да бацькоўскіх парад і паступіла на «сястрынскую справу» ў Маладзечанскае медыцынскае вучылішча. Была на тое яшчэ адна важкая прычына – слабае здароўе. І медыцынскія веды былі неабходныя.

Першая пасада пасля размеркавання – медыцынскі рэгістратар у санэпідэмстанцыі (так раней называўся занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі). Канкрэтныя задачы, кабінетная работа… Літаральна праз год прыйшло разуменне таго, што справа не прыносіць ні маральнага, ні матэрыяльнага задавальнення. Праз некаторы час Святлана паступае зноў… у медвучылішча, толькі цяпер на фельчарскае аддзяленне і працуе памочнікам урача-гігіеніста ў той жа ўстанове. Медыцыне аддала больш за два дзесяцігоддзі, але душа патрабавала нечага іншага. Хварэе і адыходзіць на той свет мама. Святлана вельмі цяжка пераносіць гэту бяду і разумее, што ўжо не зможа заставацца ранейшай, трэба нешта мяняць у сваім жыцці. А жаданне быць не такой, як усе, можна ажыццявіць самой.

У канцы 2010 года ў нашай краіне была прынята дырэктыва аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці, якая адкрыла новыя перспектывы многім адукаваным і таленавітым людзям, у тым ліку і маёй гераіні, якая стала вязаць не толькі для сябе, але і прымаць заказы.

«Сонца Каіра», «Антыкварны сад» і «Агатавыя карункі»

У 2013 годзе муж параіў Святлане выставіць свае мадэлі адзення на «Славянскім базары». На жаль, прадаць удалося толькі адну вязаную рэч, але Святлана ехала дамоў без скаргаў і шкадаванняў. У Віцебску яна пазнаёмілася з цікавымі людзьмі, набыла вопыт і ведала, чым будзе займацца далей. А яшчэ ўпэўнілася, што жанчын цікавяць прыгожыя, самабытныя ўпрыгажэнні, біжутэрыя. Карыстаюцца таксама попытам адметныя недарагія сувеніры на магнітах. Можна лічыць, што менавіта з Віцебска бярэ пачатак яе ўсвядомлены творчы шлях, менавіта тады быў вызначаны канкрэтны кірунак работы. Дарэчы, у час нашай размовы з прыгожай разной скрынкі, якую зрабіў яе муж Іван — майстар па дрэве, з’яўляліся аб’ёмныя жаночыя ўпрыгажэнні ў этнічным стылі «Сонца Каіра», «Антыкварны сад», «Агатавыя карункі» з камянёў у тэкстыльнай апрацоўцы, расшытыя бісерам, пацеркамі. Майстрыха расказвае, што кожны раз упрыгажэнне адрозніваецца ад задумы, ніколі не паўтараецца. Ёсць любімае калье, якое яна спецыяльна не даводзіла да ідэалу, каб магла адмовіць нават самаму настойліваму пакупніку. Дарэчы, яна ніколі не дазволіць сабе прапанаваць выраб, які мае нават самыя дробныя агрэхі, якія і заўважыць цяжка. Яшчэ адзін кірунак творчай работы – валенне з воўны, але для Святланы ён здаецца даволі простым. Большай увагі заслугоўваюць так званыя кававыя, ці паддашкавыя цацкі.

Карыца, ваніль, кава патрэбныя для справы

Вы ведаеце, што прыгожыя фігуркі жывёл, іншыя прадметы, пашытыя з бязі, напоўненыя сентыпонам, можна… «выпякаць» у духоўцы?!

Дзякуючы спецыяльнай тэхналогіі вырабу так званых кававых цацак, яны маюць асаблівы прыемны пах, бо прамочваюцца губкай са спецыяльна прыгатаванай сумессю растваральнай кавы, ванілі, карыцы. А потым на некаторы час змяшчаюцца для сушкі ў разагрэтую духоўку (менавіта ў разагрэтую і выключаную, інакш усё можа адправіцца на сметнік — так аднойчы здарылася ў Святланы з калекцыяй слонікаў). У час гутаркі я не магла не пацікавіцца пра яшчэ якія-небудзь кур’ёзныя выпадкі. Жанчына расказала, як здзіўляюцца людзі, калі яна купляе ў магазіне многа пакецікаў растваральнай кавы і заўважае: гэта для маіх лялек.

Кававыя (паддашкавыя) цацкі атрымалі сваю назву з-за таго, што ў працэсе вырабу тканіна (найчасцей бязь) прамочваецца сумессю з кавы, карыцы і ванілі, а гатовыя вырабы выглядаюць так, нібы іх толькі што знайшлі на гарышчы. Існуе легенда аб з’яўленні першай «паддашкавай» лялькі: пашытая цацка доўгі час праляжала на гарышчы невялікай кававай фабрыкі (яе забыла маленькая гаспадыня). Лялька не толькі састарэла, але і набралася водару. Такім чынам яна набыла сваю спецыфічную адметнасць.

У госці да добрай казкі

Святлана гаворыць, што дзякуючы творчай працы ўсебакова пашырае свой кругагляд. Для рэалізацыі творчых праектаў дэталёва вывучае заканадаўчую базу, аўтарскае права. Так было перад адкрыццём першай персанальнай выставы ў Вілейскім музеі, якая адкрылася ў канцы мінулага года. Прыцягвае ўвагу фармат экспазіцыі, якая складаецца з дыярам – гэта своеасаблівыя мінісцэнкі, у якіх героі размяшчаюцца ў адпаведным інтэр’еры. Называецца экспазіцыя «У госці да казкі» і змяшчае каля сямі дзясяткаў персанажаў з 25 вядомых казак. Першай з’явіліся на свет Герда і Кай са «Снежнай каралевы», затым былі Чырвоная Шапачка, Бураціна… Святлану вельмі ўзрушылі добрыя водгукі наведвальнікаў выстаўкі. А вось на пытанне, чаму марафон распачаўся з Вілейкі, адказвае проста: у адпаведнасці з алфавітам. На літару «а» горад не прыгадаўся, Брэст і Барысаў не вельмі зручна, таму ў творчы графік увайшлі Вілейка, Валожын, Лагойск. Запланавана персанальная выстаўка і ў Мінскім абласным краязнаўчым музеі, што ў Маладзечне. А яшчэ ў Мядзеле, Смаргоні, Чэрвені… Ідэя ствараць лялек па матывах казак з’явілася невыпадкова. Аднойчы да Святланы ў госці прыйшла сяброўка з маленькім сынам. Гаспадыня прапанавала ўключыць добры савецкі мультфільм пра Чабурашку, аказалася, што хлопчык нават не чуў пра такога (і многіх іншых) некалі папулярнага персанажа. Тады і нарадзілася ідэя ствараць лялек па матывах вядомых твораў, знаёміць з імі дзяцей, адцягваць увагу ад таго, што прапануе інтэрнэт.

Прызнаюся, надзвычай прыемна было сустрэцца з чалавекам, які літаральна жыве творчасцю. У свой час у друкарні быў выдадзены каталог жаночых упрыгажэнняў, вырабленых яе рукамі. Нельга не пацікавіцца кнігай дзіцячых казак, якія ў свой час напісалі Святлана і яе муж, прыгожа ілюстравала дачушка Ганна, якая цяпер вучыцца на мастацкім аддзяленні ў гімназіі-каледжы. Яна з задавальненнем распісвае пашытых мамай лялек. Творчасць цесна аб’ядноўвае ўсю сям’ю.

Ужо развітваючыся, я затрымалася ля сцяны, дзе ў рамачках вісяць выказванні вядомых людзей. Адно з іх належыць Сакрату: «Бедны чалавек не той, у каго няма ні гроша ў кішэні, а той, у каго няма мары». І Канфуцыю: «Выберы сабе работу па душы — і табе не давядзецца працаваць ніводнага дня ў сваім жыцці». Што дадаць да гэтага? Напэўна, толькі пажадаць кожнаму з нас смела ісці да запаветнай мары і шчыра радавацца за людзей, якія знайшлі сябе ў жыцці.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.