-- Па выніках анлайн-галасавання Софія Іосіфаўна апярэдзіла сваіх сапернікаў з вялікім адрывам. Калі аб’явілі абласны конкурс, мы адразу прапанавалі яе кандыдатуру, бо былі ўражаны яе вырабамі, звязанымі пруткамі і кручком. Яны вельмі дасканалыя, арыгінальныя, разнастайныя. Да таго ж Софія Іосіфаўна вельмі камунікабельны чалавек, вялікая аптымістка. Яе жыццястойкасці, любові да жыцця і людзей можна павучыцца, -- гавораць супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, якія выканалі ганаровую місіяю -- уручылі пераможцы дыплом і падарункі.
Вось ужо чатыры гады Софія Іосіфаўна карыстаецца паслугамі аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму. Яе наведвае вельмі вопытны і адказны сацыяльны работнік Людміла Кухтарскіх.
Для конкурснай прэзентацыі творчасці рукадзельніцы супрацоўнікі РТЦСАН знялі відэафільм. Расказваюць, што запісалі ўсё з першага разу, настолькі натуральна і свабодна Софія Іосіфаўна вяла сябе ў час здымак.
-- Мне не прывыкаць! Я 20 гадоў удзельнічала ў клубным аб’яднанні «Адпачынак» гарадскога Палаца культуры, на сцэне мы пастаянна былі ў зоне ўвагі. Да таго ж у пачатку 2000-х разам з іншымі ўдзельнікамі нашага «Адпачынку» здымалася ў двух кінафільмах -- «Ворагі» і «Апошні браняпоезд», -- расказвае мая субяседніца і прыгадвае, як яна трапіла ў эпізод у «Ворагах». -- Па задуме рэжысёра, мужчына павінен быў весці каня. Здымкі былі ў Красным Беражку, там і «арандавалі» каня. Але яго гаспадар напярэдадні залішне выпіў, не мог зрушыць з месца. Прапанавала яго замяніць -- я ж у вёсцы, у Палачанах, вырасла. Восень, балота, холадна. Між тым ісці трэба было басанож. Толькі ўзяла лейцы, як згодна са сцэнарыем выпусцілі ватагу дзяцей -- яны бягуць, крычаць. Я спалохалася: каб конь не панёсся ды ногі мне не адтаптаў… Але нічога, абышлося.
Для аднаго з нумароў «Адпачынку» Софія Іосіфаўна звязала кручком больш за 30 беленькіх капялюшыкаў. Яны вельмі далікатныя, вытанчаныя. А як выдатна форму трымаюць!
-- Два дні -- і капялюшык гатовы. Але ж потым яму трэба было форму надаць. Крухмаліла і надзявала іх на пластмасавую міску. Спецыяльна яе ў магазіне выбірала, на галаву сабе прымярала. Прадаўцы на мяне глядзелі як на дзівачку, -- з усмешкай расказвае рукадзельніца.
Сцены яе ўтульнай кватэры ўпрыгожваюць звязаныя і вышытыя пано. На канапе -- утульны плед, вышытыя падушкі. А якія прыгожыя льняныя абрусы, сурвэткі, модныя цяпер каўнерыкі для сукенак ды блузак -- проста вачэй не адарваць...
Цяпер ужо цяжка паверыць, што да гадоў трыццаці Софія не ўмела вязаць. Замуж яна выйшла ў 16. Завочна, маючы ўжо траіх дзяцей, закончыла Мінскі індустрыяльны тэхнікум. Жыла іх сям’я ў Прудах, Софія працавала на цагляным заводзе, работа была трохзменнай. Ад нялёгкай працы ды вечных клопатаў па доме сэрца пачало даваць збой. І кардыёлаг даў ёй параду навучыцца вязаць, бо такі занятак супакойвае нервы, добра ўплывае на арганізм. Па кніжцы развучвала ўзоры, ды так захапілася, што рукадзелле стала спадарожнікам усяго жыцця. Калі ўжо перабралася ў горад, працавала ў СПМК-124 нарміроўшчыцай, старшым інжынерам, начальнікам аддзела працы і зарплаты, купіла вязальную машыну «Нява». Не толькі світары ды сукенкі, нават калготкі навучылася на ёй вязаць. У савецкія часы дэфіцыту на адзенне машынка была выдатным падмогай.
Цяпер Софія Іосіфаўна больш вяжа кручком. Ідэі бярэ з часопісаў, аднак будучы творчым чалавекам у кожны выраб уносіць нешта сваё. Нядаўна купіла смартфон, падключылася да інтэрнэту, у якім знойдзеш усё што душа пажадае.
-- Вось пачала вязаць плед з квадратаў, -- дзеліцца рукадзельніца новай ідэяй, якіх у яе безліч.
Паказала нам невялічкі станочак, пры дапамозе якога ніткі звіваюцца ў жгуты, з якіх майстрыха вяжа ўтульныя дыванкі. Многім з радні, знаёмых падарыла мяккія, цёплыя тапачкі. Яна наогул любіць дарыць свае вырабы на добрую памяць. А найперш сваім цудоўным дзецям, унукам, праўнукам. Дарэчы, адну з праўнучак у яе гонар назвалі Софіяй, паміж імі розніца ў 80 гадоў…
Софія Іосіфаўна шмат гадоў з’яўляецца майстрам раённага цэнтра рамёстваў, сябруе ўз многімі аднадумцамі. Асабліва цёплыя адносіны склаліся з Аляксандрай Клімко -- выдатнай вязальшчыцай, вышывальшчыцай. Разам яны ўдзельнічаюць у выстаўках народных рамёстваў у Вязынцы, на Нацыянальным фестывалі беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне, іншых мерапрыемствах.
Значыць, зусім хутка, у чэрвені, на фестывалі маладзечанцы і госці нашага горада змогуць палюбавацца самабытнымі вырабамі Софіі Чэрнікавай. А пазнаць яе сярод іншых можна па белым вязаным капялюшыку -- ён здалёк відаць. І такога больш ні ў кога няма…