Новости Молодечно и Молодечненского района

Сакрэты прадметаў мінулага, або Ці лёгкі хлеб?

  • 2021-02-18 08:24:41
  • Ірына Рабушка

Пачалося ўсё з калаўрота – яго таксама прынеслі вяскоўцы. Потым іншыя выверцы прыцягнулі яшчэ адзін калаўрот (прычым ён даволі добра захаваўся), да якога Ірына прымацавала кужаль, што застаўся ад яе бабулі Веры па бацькавай лініі. Ды стала абдумваць аб далейшым развіцці на той момант нешматлікай выстаўкі, назву якой хутка прыдумала сама — «Сакрэты прадметаў мінулага».

На «музейных» паліцах: гісторыя ў прадметах.

— Цяпер па калаўротах ужо можна ўявіць, як раней пралі ніткі. Нават дазваляю наведвальнікам дакрануцца да прылады і памацаць саматканыя льняныя ніткі, — гаворыць бібліятэкар. – Адразу прыгадваецца, як у Пушкіна «три девицы под окном пряли поздно вечерком…».

Калі глядзіш на серп сялянак жней, што таксама ёсць у калекцыі, успамінаеш верш «Жняя» Янкі Купалы, а начоўкі зноў вяртаюць да творчасці Аляксандра Пушкіна – да яго «Сказки о рыбаке и рыбке». А вось ступа ў чытачоў маладога пакалення найчасцей асацыюецца з Бабай Ягой. І яны вельмі здзіўляюцца, калі даведваюцца, што такі сасуд раней быў практычна ў кожнай гаспадарцы і ў ім пры дапамозе таўкача таўклі, напрыклад, збожжа. На выстаўцы ёсць драўляныя падлогавая ступа і таўкач. Гэтыя прадметы засталіся ў спадчыну таксама ў мясцовых жыхароў, і яны не пашкадавалі іх прынесці ў бібліятэку.

Яшчэ з дзяцінства Ірыну прывучыў з павагай ставіцца да роднай культуры, традыцый яе бацька Андрэй Соніч, які доўгі час выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Выверскай школе і кіраваў ёю. Яна ўнікае ў гісторыю абсалютна кожнага прадмета на выстаўцы і з задавальненнем расказвае пра цікавыя факты наведвальнікам. Дзякуючы гэтаму яе «экскурсіі» не падобныя адна на адну, тым больш што экспанатаў становіцца ўсё больш. У бібліятэчным музейным куточку бываюць не толькі мясцовыя школьнікі, дарослыя жыхары, прыязджаюць ці заходзяць таксама вандроўнікі, якія ўжо ведаюць, што тут з карысцю можна правесці час.

Настаўніца рускай мовы і літаратуры Выверскага дзіцячага сада — базавай школы Лілія Лемяшэўская разам з вучнямі прыйшла ў музейны куток мясцовай бібліятэкі.

— Штораз асаблівую цікавасць выклікаюць каменныя жорны – прыстасаванне для ручнога памолу збожжа. Яны засталіся ад сваякоў у нашай чытачкі Жанны Шырко і выдатна захаваліся, – заўважае Ірына. – Напэўна, усе ведаюць беларускую народную казку «Лёгкі хлеб». Я заўсёды прапаную паспрабаваць папрацаваць на жорнах, каб адчуць, ці сапраўды ён лёгкі.

Тыя самыя жорны і калаўрот.

Ірына з захапленнем расказвае пра прасы, чыгуны, вілкі, бойку, многія іншыя рэчы і раіць абавязкова пачытаць раман Івана Мележа «Людзі на балоце», каб лепш уявіць, як сяляне арганізоўвалі свой побыт пры савецкім часе. Таксама з веданнем справы бібліятэкар раіць пазнаёміцца з нарысам Уладзіміра Караткевіча «Зямля пад белымі крыламі», у якім аўтар падрабязна спыняецца на апісанні прылад працы, адзення, ежы, прадметаў хатняга ўжытку.

У былыя часы лічылася, што ў керамічным посудзе ежа лепш захоўваецца і больш смачная.

— А прасу на вуглях, які выкарыстоўваўся ў 1930-я гады пры панскай Польшчы і прадстаўлены на нашай выстаўцы, зайздросцяць нават музейшчыкі-прафесіяналы, — зазначае Ірына. – Яго прывёз з Мядзельшчыны таксама наш чытач Станіслаў Марцінкевіч. Яшчэ адзін жыхар Вывераў прынёс вельмі прыгожы абрус, вышыты цешчай.

У музейныя экспанаты ператварыліся і векавыя вышываныя работы Ірынінай бабулі Алены па мамінай лініі. Некалі яна была здатнай майстрыхай на Магілёўшчыне – выдатна авалодала дывановай вышыўкай і крыжыкам.

— У нашай сям’і па жаночай лініі ўсе рукадзельніцы! – усміхаецца субяседніца і дэманструе шыкоўную накідку, што сама звязала кручком.
Ёсць у музейным куточку і керагаз яе дзеда Мішы па бацькавай лініі, які жыў недалёка ад Селішча.

— Нават памятаю, як дома ў дзяцінстве пры дапамозе керагазу яечню пяклі, — расказвае Ірына. – А машынку для стрыжкі валасоў дзеду прывезлі з самой Масквы. Некалі гэты інструмент быў адзіны на ўсю вёску. Жыхары збіраліся вечарам у вызначаныя дні і стрыглі адзін аднаго. Захаваўся і дзедаў ліхтар — так званы «кажан». Нярэдка думаюць, што ён сучасны і стылізаваны. Тады тлумачу, што ў сучасных зусім іншы выгляд – яны больш круглыя, меншыя, і шкло ў іх больш пузатае. Мяне не правядзеш!

Цяпер Ірына абдумвае, як у музейным куточку ўстанавіць ткацкі станок, які ёй абяцалі ў хуткім часе прывезці. А таксама спадзяецца, што хтосьці дапаможа адрамантаваць радыёлу. У бібліятэкаркі ёсць шмат пласцінак, у тым ліку з дзіцячымі казкамі – іх у свой час агучвалі прафесійныя артысты. Тады можна будзе ладзіць яшчэ больш атмасферныя падарожжы па старонках гісторыі беларускай культуры і традыцый.

— Сучасная бібліятэка павінна выконваць мноства функцый і абавязкова захоўваць і аднаўляць, калі можна так сказаць, сацыяльную памяць роднай культуры. Музейны куток, што ствараецца ў нас, не толькі крыніца прыцягнення чытачоў, але і штуршок да таго, каб памножыць тое, што мы цяпер маем, — рэзюмавала Ірына Лемантовіч.

Ірына РАБУШКА.
Фота: АЎТАР.