— Цяпер у пчаляроў гарачая пара, — расказаў Анатолій Ігнацьевіч. – Цвітуць летнія меданосы — канюшына, рабіна, маліна. Завяршаецца цвіценне рапсу. Мёд трэба своечасова адпампоўваць. Таму работы шмат. Працую разам з памочнікам Юрыем Нарэйкам.Юрый Нарэйка і Анатолій Смолік за работай.
Даглядаем 130 пчаліных сем’яў. Прычым 40 вуллёў у складзе мабільнага пчальніка знаходзяцца «ў камандзіроўцы» ў іншым месцы.
Субяседнік паведаміў, што ў гаспадарцы ўтрымліваюцца пчолы сярэднярускай пароды. Яны буйныя, прыносяць шмат нектару. Аднак характар у іх можа быць зласлівы. Ды і схільныя да раення гэтыя насякомыя. Усе асаблівасці характару «падапечных» трэба ўлічваць. І пры ўсім тым без пчаліных укусаў не абыходзіцца. Аднак да такіх «нязручнасцей» спецыяліст прывык і нават не звяртае на іх увагі.
— Пчалярствам заняўся даўно, — працягвае Анатолій Смолік. – Пачынаў з двух вуллёў на ўласным пчальніку. Паступова колькасць пчоласем’яў давёў да двух дзясяткаў. Пчаляром у гаспадарцы стаў восем гадоў таму. Да гэтага быў брыгадзірам, начальнікам участка, загадчыкам склада. Працаваць з пчоламі мне падабаецца. Хаця і нялёгкая гэта работа.Пчолы – грамадскія насякомыя. Апыляючы расліны, яны павялічваюць ураджайнасць многіх сельскагаспадарчых культур.
Рабочы дзень субяседніка пачынаецца з абходу пчальніка і падрыхтоўкі інвентару. Яго абавязкі – догляд пчол, падкормка, адпампоўванне мёду, рамонт вуллёў і гэтак далей. Адказны перыяд – раенне. Трэба сачыць, каб раі не «збеглі». Ёсць чым заняцца нават зімой. Напрыклад, у халодны перыяд года трэба падрыхтаваць некалькі тысяч рамак.
Каб пчолы не хварэлі, неабходна апрацоўваць вуллі спецыяльнымі прэпаратамі. Прымяняецца і народны сродак – расліна чыстацел. Даводзіцца таксама пераносіць скрыні з рамкамі. Кожная важыць кілаграмаў 25. Фізічная нагрузка вялікая. Вось чаму сярод прафесійных пчаляроў мала жанчын.
— Пчаліная сям’я за год можа даваць 40-50 кілаграмаў мёду, — адзначыў Анатолій Смолік. – Найбольш смачны, на мой погляд, грэцкі з дабаўленнем малінавага і скрыпнёвага (кипреевого). Выдатныя смакавыя якасці і ў майскага мёду. Увогуле, кожны выбірае салодкі прадукт на свой густ.
Спецыяліст сказаў, што работа пчаляра дадае здароўя. І гэта не жарт. На многіх курортах прымяняецца такі метад лячэння, як апітэрапія (удыханне паветра ўнутры вулля). Ды і ўкус пчол можа павышаць імунітэт.Пчальнік гаспадаркі размешчаны ў маляўнічым месцы.
Пачынаючым пчалярам Анатолій Ігнацьевіч параіў як мага больш вучыцца, пераймаць вопыт у калег са стажам. Гэта пазбавіць ад многіх памылак і пралікаў. Ён таксама даў параду, як знізіць рызыку стаць ахвярай нападаў пчол. Тут не трэба панікаваць і мітусіцца. Калі насякомае не адчувае пагрозы, яно паляціць далей па сваіх справах.
ГЭТА ЦІКАВА
- У пчалінай сям’і можа быць да 80 тысяч асобін, сярод якіх выдзяляюцца матка, працоўныя пчолы і трутні.
- Пчолы вельмі рэдка збіраюць нектар толькі з аднаго віду раслін. Мёд называецца грэцкім, ліпавым і г.д., калі з аднаго меданоса сабрана 40-60 працэнтаў нектару.
- Адпампаваны мёд праз некаторы час крышталізуецца — цукар ператвараецца ў крышталі. На хуткасць працэсу ў першую чаргу ўплываюць суадносіны глюкозы і фруктозы. Чым больш у мёдзе глюкозы, тым хутчэй пачынаецца і адбываецца крышталізацыя.
- Большасць натуральных кветкавых мядоў крышталізуецца на працягу 2-4 месяцаў з моманту адпампоўвання. Крышталізацыю можна паскорыць ці запаволіць, змяняючы тэмпературу. Найбольш хутка яна праходзіць пры 13-14 градусах. Крышталізацыя не пагаршае якасці мёду.
- Ненатуральным лічыцца перапрацаваны пчоламі цукровы мёд, а таксама атрыманы ў выніку выпарвання соку дыні, кавуна, вінаграду і ў працэсе гідролізу лімоннай ці іншай кіслатой бураковага і трысняговага цукру.
Алег БЯГАНСКІ.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.