Новости Молодечно и Молодечненского района

Ірына Глебец і яе анёлы

  • 2016-12-24 21:54:00
  • Анжаліка Крупянькова

Ірына ўспамінае, што ў водпуску магла прасядзець за саломкай з раніцы да вечара, часам нават паесці забывалася. Настолькі вялікім было жаданне ўвасобіць у жыццё светлыя вобразы. Захоўваюцца анёлы ў Ірыны дома, але перыядычна іх просяць паказаць на выстаўках. Упрыгожвалі яны да свята і Лебедзеўскі касцёл. Хто б ні ўбачыў анёлаў, абавязкова спыніцца ў здзіўленні перад такой дасканаласцю, вытанчанасцю. Яны сапраўды валодаюць добрай энергетыкай, якую ўдыхнула ў іх творца.

Ірына стварыла анёлаў у пачатку свайго шляху да пазнання Бога, яны сталі маўклівымі сведкамі вялікай работы яе душы. За мінулыя гады яна не прапусціла ніводнай нядзельнай службы ў Лебедзеўскім касцёле.  Закончыла Гродзенскі катэхетычны інстытут, тры з паловай года ездзіла туды праз выхадныя, стала настаўніцай рэлігіі. Бог спрыяў ёй: дапамог пабываць на Святой Зямлі ў Іерусаліме, прайсціся тымі сцежкамі, якімі хадзіў Хрыстос. Мая субяседніца ўспамінае, якое ўзрушэнне адчулі яна і ўсе, хто быў побач, у Храме Гроба Гасподняга, многія пачалі спавядацца… Яшчэ адна значная падзея для яе: вянчанне з мужам Генадзіем пасля 13 гадоў сумеснага жыцця…
Шосты год Ірына Яўгеньеўна вядзе ўрокі рэлігіі ў нядзельнай школе пры Лебедзеўскім касцёле. «Бог так захацеў, а я – інструмент», — сціпла гаворыць пра сябе. Яна рыхтуе сваіх выхаванцаў да першага прычасця, першай споведзі. Абавязкова праводзіць з імі каляднае свята, на якім дзеці дзеляцца аплаткамі, просяць прабачэння адзін у аднаго, загадваюць жаданні на ўвесь год, удзельнічаюць у віктарынах, атрымліваюць падарункі.

Дарога да Бога

Ірына Яўгеньеўна прызнаецца, што доўга ішла да Бога, душа тамілася, ёй хацелася нябеснай чысціні. І ўспамінае, як амаль дзесяць гадоў таму ў адзін цудоўны дзень у іх утульны дом у Маркаве завітаў пробашч рымска-каталіцкай парафіі вёскі Палачаны і пасёлка Беразінскае ксёндз Сяргей Бараўнёў. Іх гутарка была нетаропкай і доўгай, і тады ўпершыню Ірына зразумела, чаго ёй не хапае ў жыцці – глыбокай веры, пакаяннай малітвы, шчырай споведзі. Калі чалавеку адкрываецца Бог як найвышэйшае дабро, яго душа напаўняецца станоўчай энергетыкай, якой хочацца падзяліцца з людзьмі. «Каб я была мастаком, малявала б сюжэты з Бібліі. А паколькі з усіх матэрыялаў я найбольш «сябрую» з саломкай, вырашыла стварыць з яе выявы анёлаў», — расказвае мая субяседніца, знатная майстрыха, зацікаўлены педагог, якая ў пачатку 2000-х вяла ў Маркаўскай СШ прафесійнае навучанне, вучыла майстэрству саломапляцення вучаніц 10-11 класаў. У тыя гады школьныя кабінеты і калідоры заззялі саломкай: моладзь асвойвала сакрэты майстэрства, удзельнічала ў выстаўках, пляла для сябе. Але, на жаль, прафесійнае навучанне выключылі са школьнай праграмы.

Ірына Яўгеньеўна выкладала ў гарадской вячэрняй школе, пасля яе закрыцця – у дзяржаўным прафесійным каледжы. А сёлета зноў вярнулася ў Маркаўскую СШ, працуе тут педагогам сацыяльным, вядзе таксама ўрокі працы. Расказвае, што асабліва баліць душа за дзяцей з сем’яў, дзе бацькі  злоўжываюць алкаголем. Разам з калегамі стараецца іх падтрымаць, уберагчы ад дрэнных учынкаў. А каб дапамога гэта была больш дзейснай на энергетычным узроўні, дала сабе зарок: ні ўжываць ні кроплі спіртнога нават у святы. «Гэта мая ахвяра, так я вырашыла для сябе», — дзеліцца жанчына, якая блізка да сэрца ўспрымае беды іншых людзей.

Першым быў архангел Гаўрыіл, які, як сведчыць Евангелле, прынёс Дзеве Марыі добрую вестку пра тое, што ў яе народзіцца сын Ісус Хрыстос. «Я не імкнулася дакладна перадаць біблейскі вобраз святога Гаўрыіла і іншых анёлаў, а ўклала ў іх сваё ўяўленне, стварыла іх падобнымі на людзей», — знаёміць са сваімі творамі рукадзельніца. У руках Гаўрыіла – ражок, сімвал добрых вестак. Вобраз святога Міхаіла, кіраўніка нябеснага войска, якое стаіць на варце дабра і зла, атрымаўся вельмі дынамічным. Нават крылы ў яго больш трывалыя, чым у іншых анёлаў, а ў руках ён трымае шчыт і меч. А вось архангел Рафаэль – апякун урачоў і падарожнікаў — здаецца рамантычным і вельмі разумным: з кнігай у руках, у капелюшы, якія носяць бакалаўры…

-- Радасць свята Нараджэння Хрыстова не перадаць словамі! Той, хто пазнаў Бога, зразумее — дзеліцца пачуццямі жанчына, якая кожныя Каляды сустракае разам з іншымі вернікамі ў сваімі касцёле і шчыра жадае кожнаму аднойчы сустрэцца з Богам, каб адчуць сябе па-сапраўднаму шчаслівым.

Змешчана ў "МГ" за 24.12.2016