Больш за 40 удзельнікаў форуму прыехалі з ўсіх абласцей нашай краіны. Вольга Лабачэўская, доктар мастацтвазнаўства, дацэнт, прафесар кафедры культуралогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, зацікавіла дакладам і прэзентацыяй аб стане і развіцці выцінанкі, яе выкарыстанні ў сучаснай прасторы і дызайне. Наталля Сухая, народны майстар Рэспублікі Беларусь, псіхолаг і арт-тэрапеўт, падзялілася сакрэтамі творчага выразання і расказала аб станоўчым уплыве мастацтва на дзейнасць арт-тэрапеўтаў. Наталля Клімко, народны майстар Рэспублікі Беларусь, пазнаёміла ўдзельнікаў з гісторыяй і рэгіянальнымі асаблівасцямі Навагрудскай выбіванкі. Майстар-клас выклікаў жаданне прымяніць прыёмы ў сваёй творчасці.
Часовая выстава «Грані майстэрства» работ удзельнікаў форуму паказала багацце і разнастайнасць твораў мастацтва выразання з паперы, натхненне майстроў беларускай культурай і вобразамі роднай зямлі.
З дакладам выступіла Цянь Лу -- саіскальніца кафедры тэорыі і гісторыі мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў з Кітая. Яна прадставіла прэзентацыю пра сімволіку колеру ў кітайскай цзяньчжы (мастацтва папяровага выразання).
Асаблівае ўражанне і захапленне пакінулі тэатралізаванае прадстаўленне казкі «Як кот звяроў напалохаў» батлейкі з лялькамі ў тэхніцы выцінанкі тэатральнага гуртка «Жаронцы» Ракаўскага цэнтра народнай творчасці пад кіраўніцтвам Хрысціны Лямбовіч, народнага майстра Рэспублікі Беларусь, і выступленне ансамбля традыцыйнай беларускай музыкі Ракаўскай ДМШ пад кіраўніцтвам Сабіны Пятроўскай. Навучэнцы цыклавой камісіі «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва» дапамагалі ў распрацоўцы лялек для батлейкі.
Удзельнікі форуму шчыра дзякавалі за творчае супрацоўніцтва і абмен вопытам для далейшага развіцця ў гэтым відзе мастацтва. Арганізатары разлічваюць і надалей працягваць традыцыю папулярызацыі выцінанкі, спрыяць аб’яднанню майстроў і папулярызаваць разнастайныя аспекты мастацтва выразання.
Лізавета ЧЫРВОНЦАВА,
выкладчык аддзялення ДПМ Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага.
Фота: архіў КАЛЕДЖА.