Новости Молодечно и Молодечненского района

Полторы сотни матрешек собрали в молодечненской школе

  • 2018-01-21 09:15:47
  • Анжаліка Крупянькова

— Гэта не першая выстаўка ў нашым музеі. Раней усёй школай збіралі  шкатулкі, пласцінкі, летась стварылі экспазіцыю з календароў. І вось новая ідэя, якую падтрымалі і педагогі, і вучні. Сімвалічна, што 3 студзеня лічыцца Днём рускай матрошкі, — расказвае дырэктар музея і адзначае, што выстаўка выклікае вялікую цікавасць у юных наведвальнікаў.

«А вы мне падорыце адну? У мяне дома такой няма!» — папрасіла адна з дзяўчынак… Захопленыя віртуальнымі гульнямі, некаторыя дзеці ніколі не трымалі ў руках гэтых драўляных лялек.

Нібы казку, слухаюць хлопчыкі і дзяўчынкі гісторыю стварэння дзівосных прыгажунь. Аказваецца, у рускай матрошкі японскія карані. У канцы XIX стагоддзя жонка вядомага мецэната Савы Мамантава прывезла з японскага вострава Хонсю фігурку мудраца Фукурумы, унутры якога было некалькі меншых фігурак.

Незвычайны сувенір і стаў штуршком, каб у 1880 годзе на Маскоўскай фабрыцы цацак «Дзіцячае выхаванне» нарадзілася першая руская матрошка. Яе «бацькі» — токар Васілій Звёздачкін і мастак Сяргей Малюцін. Была яны «васьмімеснай», самая вялікая фігурка ўяўляла сабой сялянскую дзяўчынку з пеўнем у руках, наступным быў хлопчык, затым зноў дзяўчынка, а найменшая лялька – немаўлятка ў пялюшках. А назвалі гэты драўляны цуд самым распаўсюджаным на Русі жаночым іменем Матрона, Матроша.

На выстаўцы ў СШ №1 прадстаўлены ўсе чатыры асноўныя расійскія мануфактуры, якія славіліся сваімі вырабамі. Сямёнаўскія матрошкі румяныя, прыбраныя, упрыгожаныя кветкай шыпшыны, нібы толькі выйшлі з карагоду. На вырабах з сяла Полхаўскі-Майдан малюнак спачатку выпальвалі, а затым расфарбоўвалі. Загорскія адрозніваюцца прымітыўнай манерай роспісу. Вяцкія, самыя паўночныя, падобныя на гарадскіх барынь – стройныя, высокія, некаторых з іх упрыгожвалі саломкай…

— Дзеці, хто памятае, з якога дрэва атрымліваюцца самыя лепшыя матрошкі? – пытаецца дырэктар музея.
— З ліпы! – дружна адказваюць пачаткоўцы.
— Малайцы, запомнілі, — задаволена гаворыць Вольга Аляксандраўна і дадае, што перад тым як прыступіць да работы, майстар два гады сушыць загатоўкі, а каб зрабіць адну фігурку, трэба ўручную выканаць каля 15 розных маніпуляцый.

Самы старадаўні экспанат – матрошку 1972 года выпуску — прынесла на школьную выстаўку настаўніца геаграфіі Людміла Сарока. Больш за дваццаць экзэмпляраў сабралі самыя актыўныя вучні 4 «В» класа разам з настаўніцай Таццянай Гамолка. Некаторыя падзяліліся сваімі гісторыямі. Даніілу Радыну быў усяго годзік, калі тата прывёз яму матрошку з Масквы, дзе працаваў на той час. Ваню Таляронка настолькі ўразіла выстаўка, што ён захацеў сабраць сваю калекцыю  матрошак. Цікавы экспанат і ў дырэктара музея: гадоў дзесяць таму Вольга Аляксандраўна купіла ў Санкт-Пецярбургу сувенір у выглядзе… расійскіх прэзідэнтаў і палітычных дзеячаў: найбольшая фігурка Пуціна, затым ідуць Ельцын, Гарбачоў, Брэжнеў і Ленін.

Ёсць на выстаўцы і неваляшкі. Гэтыя лялькі бяруць пачатак ад праславутага распіснога «Ваньки-встаньки». Дадаюць каларыту старадаўні самавар з сушкамі, яркая шаліноўка, а таксама фотазона – вялікая матрошка, у якой можна сфатаграфавацца. Яе выразаў з фанеры муж Вольгі Смалонскай Сяргей, а расфарбавала школьны псіхолаг Вольга Малафей. У час экскурсіі дырэктар музея прапануе юным наведвальнікам паглядзець мультфільм «Сакрэты матрошкі». Для сучаснай дзятвы гэта яшчэ адно маленькае адкрыццё.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.