Кветачніца са старога веласіпеда
Адчыняеш брамку на іх сядзібу — і апынаешся ў кветкавым моры, якое разліваецца ўздоўж усяго плоту, ля выкладзеных пліткай дарожак. У канцы верасня рознакаляровымі зорачкамі радуюць вока астры, буяе петунія, аранжавым дываном цвітуць любімыя кветкі Наталлі Пятроўны аксаміткі, пакуль яшчэ трымаюцца і ружы… Ля дома вітаюць гасцей вясёлы гном, іншыя фігуркі, на якія не шкадуюць грошай гаспадары.
Ля дома ўсіх вітае вясёлы гномік.
— За прэмію, якой мяне ўзнагародзілі за першае месца, куплю фігурку арла, каб засталася памяць! — дзеліцца мая субяседніца.
Нельга не звярнуць увагу на пафарбаваны ў белы колер веласіпед, які ўмелыя рукі дачкі Вольгі ператварылі ў стыльную кветачніцу.
Дзякуючы фантазіі і ўмелым рукам гаспадароў стары веласіпед ператварыўся ў стыльную кветачніцу. Вольга і яе сын Максім задаволены вынікам.
Гаспадары расказваюць, што рамонт дома пачыналі з замены старых вокнаў. Затым перакрылі дах, памянялі дзверы, пераслалі падлогу, зрабілі новую столь, абнавілі мэблю. Адзін пакой упрыгожвае камін, які прыдумала і стварыла Вольга. Замест сапраўднага агню ў ім гірлянда, святло якой вечарам надае памяшканню асаблівую ўтульнасць.
Максіму падабаецца таямнічае святло каміна.
Як і да большасці дамоў у Мароськах, сюды падведзены газ, са свідравіны пампуецца вада, ёсць усе гарадскія выгоды. Многія пры такім адмысловым рамонце разбіраюць печкі, але Тукайлы вырашылі пакінуць.
На ўчастку абсталявана дзіцячая пляцоўка з арэлямі і батутам, ёсць утульная альтанка, дзе прыемна адпачыць, сабрацца сям’ёй. Карысна для здароўя папарыцца ў лазні. Немалая плошча адведзена пад агарод, з якога заўсёды збіраюць добры ўраджай. Наталля Пятроўна і Сяргей Іванавіч трымаюць падсобную гаспадарку — свіней, курэй, гусей, качак. Любімец гаспадара, яго памочнік на ўчастку — конь Міраж, якому ўжо 22 гады.
Сяргей Іванавіч 22 гады даглядае каня па мянушцы Міраж.
Сямейны падрад
Гэты дом для Наталлі Пятроўны родны. Сяргей Іванавіч вырас у вёсцы Скавародкі Маркаўскага сельсавета. Пазнаёміліся на вяселлі ў агульных знаёмых. Іх шлюбу ўжо 34 гады. Разам яны не толькі дома, але і на рабоце, на мясцовай ферме-пяцісотніцы. Наталля Пятроўна — аператар па гадаванні буйной рагатай жывёлы, ветэран працы, знаходзіцца на льготнай пенсіі, але працягвае працаваць. За высокія паказчыкі яна два гады запар прызнавалася лепшым работнікам сельскай гаспадаркі раёна, яе партрэт двойчы змяшчаўся на раённай Дошцы гонару. У свой час працавала на ферме даяркай і яе маці Марыя Кукель. Сяргей Іванавіч таксама вопытны жывёлавод, які аддаў гэтай нялёгкай прафесіі шмат гадоў. Разам з імі працуе жывёлаводам і зяць, муж малодшай дачкі Дзмітрый Руткоўскі. Можна сказаць, у іх сапраўдны сямейны падрад, які сёння сустракаецца не так часта.
У Наталлі Пятроўны і Сяргея Іванавіча дзве цудоўныя дачкі. Старэйшая Святлана жыве з сям’ёй у Чысці, працуе настаўніцай фізічнай культуры і спорту ў мясцовай школе. Вольга – педагог-арганізатар у СШ №12, з мужам і сынам жывуць з бацькамі ў Мароськах. Радуюць бабулю і дзядулю ўнукі Даша і Максім. Дружная сям’я любіць збірацца ў сваім радавым гняздзе на святы, дні нараджэння.
Любуючыся прыгожым падвор’ем сям’і Тукайлаў, разумееш, што за гэтым дабрабытам карпатлівая штодзённая праца людзей, якія любяць свой дом, сваю вёску, не стамляюцца ствараць вакол сябе прыгажосць.
Сэндвіч ад Наталлі Тукайла
Растапіць 200 грамаў маргарыну, дадаць 1 шклянку цукру, 2 яйкі, 3 шклянкі з верхам мукі, 1 чайную лыжку соды, пагашанай воцатам.
Замясіць цеста, выкласці яго на бляху, разраўняць. Невялікую частку цеста пакінуць. На цеста выкласці любое варэнне (гаспадыні найбольш падабаецца чарнічнае).
Кавалак цеста расцерці з мукой у крошку і пасыпаць ёю верх сэндвіча. Выпякаць у духоўцы да гатоўнасці. Перад падачай разрэзаць на кавалачкі.
Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: АЎТАР, архіў Вольгі РУТКОЎСКАЙ.