Новости Молодечно и Молодечненского района

Наша сядзіба. Вольга Цярэшка, Гарадок

  • 2018-08-27 09:54:50
  • Анжаліка Крупянькова


— Кветкі – маё жыццё, — гаворыць Вольга Ігнацьеўна і гасцінна запрашае нас на сваю сядзібу, якая літаральна патанае ў іх. — Але каб вы крыху раней прыехалі, многія адцвілі ўжо.
Між тым і ў гэтыя жнівеньскія дзянькі тут радуюць вока вяргіні, ружы, якія зацвілі ў другі раз, аксаміткі, цыніі, флёксы, петуніі – усе віды раслін і пералічыць цяжка. Фасад гаража, арку над брамкай аплятае дзявочы вінаград, дзякуючы якому ствараецца каларыт паўднёвага дворыка на беразе мора. Прыемна ў летнюю спёку пасядзець у цяньку жывой альтанкі, палюбавацца кветкамі.

— Мае дзеці, унукі так і кажуць: «Пойдзем у наш батанічны сад!» — усміхаецца біёлаг з больш чым 30-гадовым стажам. – Любоў да кветак у мяне ад бацькоў, якія жылі ў Ляхавіцкім раёне на Брэстчыне. Ведаеце, што тата вёз са сталіцы дамоў, калі прыязджаў праведваць мяне, студэнтку педагагічнага інстытута? Нязменна купляў на Камароўскім рынку клубні вяргінь, насенне розных кветак. Да гэтага часу ў мяне растуць вяргіні, якія вырошчвалі бацькі…

Вольга Ігнацьеўна расказвае, што марыла стаць настаўніцай са школы, якую закончыла з сярэбраным медалём. Але так атрымалася, што спачатку паступіла ў сельскагаспадарчы тэхнікум, тры гады адпрацавала заатэхнікам і толькі пасля гэтага стала студэнткай хіміка-біялагічнага факультэта педінстытута. Прыехала па размеркаванні ў Гарадоцкую школу, выйшла замуж за мясцовага механізатара Сяргея Цярэшку (на вялікі жаль, ён пяць гадоў таму пайшоў з жыцця). Купілі дом, ля якога Вольга адразу ж разбіла клумбы. І вось ужо шмат дзесяцігоддзяў ля яе сядзібы па вуліцы Дайноўскага з ранняй вясны да позняй восені можна любавацца буйствам кветкавых фарбаў.



— Заўсёды радуюся першацветам – крокусам, пралескам. Яны доўгачаканы вясенні падарунак прыроды пасля доўгай зімы. Затым іх змяняюць цюльпаны, ландышы, а там і півоні зацвітаюць, лілеі, ружы распускаюцца. Як усё гэта не любіць, не садзіць? – разважае кветкавод.

Больш за 30 гадоў кветкі Вольгі Ігнацьеўны ўпрыгожвалі звонку і ўнутры Гарадоцкую школу: у навучальных установах біёлагі заўсёды адказваюць за клумбы. Але да гэтага занятку настаўніца ставілася не толькі як да прафесійнага абавязку, укладвала ў яго ўсе свае веды, вопыт, душу. Акрамя кветак садзілі з вучнямі градкі, з якіх навучальная ўстанова назапашвала агародніну на зіму. Разбівалі калекцыйны ўчастак, дзе строга па навуцы вырошчвалі новыя сарты. Вясной школа прадавала насельніцтву па дзве тысячы каліваў расады памідораў, што садзілі ў цяпліцы. Неаднойчы вучні і настаўнікі перамагалі ў розных экалагічных праектах, атрымалі грант фонду Сораса, вельмі прэстыжную ўзнагароду для невялікай сельскай школы.

Яшчэ пяць гадоў Вольга Ігнацьеўна працавала на пенсіі. Часта кіраўнікі многіх мясцовых устаноў прасілі яе, каб дапамагла ўпрыгожыць тэрыторыю. З вучнямі садзіла кветкі каля мясцовага музея, Дома быту, пошты. Шчодра дзеліцца яна насеннем, флянсамі з аднавяскоўцамі: у многіх агародчыках цвітуць яе кветкі. І нават у падмаскоўнай Каломне растуць яе саджанцы вейгелы – кустоў з прыгожымі ружовымі суквеццямі.

Прыемна было пачуць, што былая настаўніца даўно выпісвае «Маладзечанскую газету».

— Без яе, як і без кветак, жыццё было б няпоўным, нецікавым. Як не ведаць навіны раёна, у якім ты жывеш? У мяне шмат знаёмых – калегі, вучні, перыядычна каго-небудзь з іх бачу на газетных старонках. Да таго ж, мой родны брат Аляксей Петух шмат гадоў працаваў журналістам раённай ляхавіцкай газеты. Таму ведаю пра вашу работу не па чутках…     

— А чым займаецеся ўзімку, калі клумбы адпачываюць пад снегам? – пацікавілася ў субяседніцы.
— З маладосці люблю вышываць. Гэта яшчэ адно маё вялікае захапленне.

Няцяжка здагадацца, якія сюжэты часцей за ўсё «малюе» іголкай на тканіне былая настаўніца біялогіі. Зразумела ж, гэта кветкі. Не толькі летам, але і зімой расцвітаюць яны ў яе ўмелых руках…

Фота: Аляксей ПЛАТКО.