Першы баркас патануў
«Ні за што не запісаўся б у суднамадэльны гурток, каб ён быў у школе – там усё асацыіруецца з вучобай і «абавязалаўкай». Але ў савецкія часы ў жылых дамах працавалі гурткі ад тагачаснага Дома піянераў. Так я пяцікласнікам услед за сябрамі прыйшоў на вуліцу Будаўнікоў, 8. Спачатку займаўся ў Аляксея Васільева, больш працяглы час – у Мікалая Хрэшчыка», — расказвае Віталій, які сам вось ужо 13 гадоў вядзе гурток «Тэхнічнае мадэліраванне ў цэнтры творчасці дзяцей і моладзі «Маладзік». Пачынаў, як і цяперашнія навічкі, з папяровых караблікаў, самалёцікаў, танкаў, машын. «Перш чым майстраваць мадэлі з дрэва, пластыку, жалеза, хлопчыкі павінны навучыцца разбірацца ў чарцяжах, запасціся ўседлівасцю», — перакананы педагог.
З усмешкай прыгадвае свае першыя спаборніцтвы, якія праходзілі ў маі на вадаёме ў Насілаве: «Мой карабель-баркас патануў, я ныраў, каб яго выратаваць, а ўсе смяяліся…». Ды толькі першая няўдача не расчаравала. Наадварот, захацелася зрабіць больш дасканалыя мадэлі, каб дастойна выступаць на спаборніцтвах. Найбольш перспектыўнымі палічыў для сябе менавіта караблі – так са школьных гадоў пачалася яго адысея, якая і сёння радуе новымі адкрыццямі. Цікава, што ад прыроды Віталій ляўша. І хоць у школе яго ўпарта перавучвалі і піша ён правай рукой, усю іншую работу выконвае левай. Калі глядзіш на яго караблі з міліметровымі дэталямі, міжволі прыходзіць параўнанне з ляўшой Ляскова, які без мікраскопа падкаваў блыху…
Пасля школы Віталій не расстаўся са сваімі хобі, яшчэ больш, яно паўплывала і на выбар прафесіі: вучыўся па спецыяльнасці «металарэжучыя станкі» ў політэхнічным каледжы, пазней закончыў эканамічны ўніверсітэт. Цяпер працуе на Мінскай фабрыцы мэблевых дэталяў, а кожную нядзелю спяшаецца ў «Маладзік», дзе яго чакаюць каля паўтара дзясятка юных тэхнікаў.
За гэты час на ліку Шахно шмат перамог на рэспубліканскіх, міжнародных спаборніцтвах. Мой субяседнік расказвае, што чарцяжы мадэляў раней адшукваў у старых польскіх часопісах, цяпер карыстаецца спецыялізаванымі інтэрнэт-форумамі. З матэрыялаў выкарыстоўвае драўніну, пластык, латунь. Часта паралельна стварае некалькі мадэляў. Здараецца, што работа зацягваецца на некалькі гадоў. Сярод такіх «даўгабудаў» – прататып браняносца «Барадзіно», для завяршэння якога пакуль не хапае дакументацыі. Чарцяжы, пашпарт з тэхнічнымі характарыстыкамі, дакладная адпаведнасць арыгіналу, філіграннасць у выкананні – неабходныя патрабаванні для выступлення ў гэтым адным з нямногіх відаў спорту, дзе мышцы не адыгрываюць ніякага значэння і ўдзельнікі не праходзяць допінг-кантроль. Яшчэ больш, у спаборніцтвах можна прымаць удзел завочна: аб дастаўцы мадэляў клапоціцца кіраўніцтва зборнай Беларусі. Праўда, гэта заўсёды звязана з рызыкай: а раптам пры транспарціроўцы яны папсуюцца?
У практыцы майго субяседніка былі выпадкі, калі мадэлі падалі, ламаліся. «Пад песні «Еўрабачання» дома забаўляліся з сынам, махалі рукамі ды зачапілі мадэль, якая стаяла на стале. Яна разламалася напапалам. А на наступны дзень яе трэба было везці на спаборніцтвы. Цэлую ноч над ёю праседзеў, да раніцы была як новенькая», — успамінае Віталій. Падаў і «Рышэлье», праўда, не так катастрафічна, аўтару давялося яго перафарбоўваць.
У 24 гады Шахно атрымаў званне майстра спорту па суднамадэлізме. Дома ў яго створаны міні-музей з мадэляў караблёў, паруснікаў, катараў, падводных лодак. Прызнаецца, што некаторыя хацелі купіць, і не за малыя грошы, але як адарваць ад сэрца сваё дзецішча, над якім карпеў некалькі гадоў?
Сын бацьку апярэдзіў
«У кожнага хлопчыка, дарослага мужчыны абавязкова павінна быць хобі, якое б адцягвала ад вуліцы, дрэнных звычак», — перакананы мой субяседнік. З ім пагаджаецца і яго старэйшы сын Арцём, які ў свае 15 гадоў выканаў нарматывы на званне майстра спорту, 12 разоў стаў чэмпіёнам рэспублікі як сярод юніёраў, так і сярод дарослых спартсменаў. Яго дыярама на вадзе тройчы прызнавалася вышэйшым дасягненнем у краіне. Заваёўваў бронзу, серабро на чэмпіянатах Еўропы сярод юніёраў. «Сын мяне апярэдзіў!» — не без гордасці гаворыць Віталій Станіслававіч. Зразумела ж, ён сам прыклаў для гэтага нямала намаганняў, а самае галоўнае – стаў прыкладам для пераймання, змог зацікавіць. У пяць гадоў, калі яшчэ не ўмеў ні чытаць, ні пісаць, хлопчык запускаў на спаборніцтвах тарпедны катар з дыстанцыйным кіраваннем і атрымаў першую ўзнагароду. Мадэль, зразумела, майстраваў не ён, але прадставіў яе вельмі дастойна. А неўзабаве суднамадэлізм стаў і яго стыхіяй. Услед за татам Арцём пайшоў вучыцца ў політэхнічны каледж. А ўвесь вольны час аддае любімаму занятку. Адна з апошніх яго работ – тарпедны катар, якому не было роўных па дасканаласці выканання, адпаведнасці арыгіналу на Міжнародным конкурсе стэндавых мадэляў у Літве. Арцём стаў бясспрэчным пераможцам, прывёз залаты медаль. У наступным годзе – чэмпіянат міру, хлопец збіраецца прыняць у ім удзел. І гэта будзе новая вяха ў адысеі бацькі і сына Шахно. А там, глядзіш, і малодшы сын Артур падрасце, прыйдзе на дапамогу, тым больш што ён, як і тата, таксама ляўша…
Фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.