Новости Молодечно и Молодечненского района

«Музыка — гэта радасць, яна прыносіць сапраўднае задавальненне»…

  • 2022-07-04 11:27:00
  • Людміла Цар

З творчасцю па жыцці

Больш за сорак гадоў аддаў Валерый Паўлавіч культуры. У яго шмат здабыткаў, гучных перамог, нямала таленавітых вучняў. А асабісты шлях у творчую прафесію пачынаўся з самага маленства.

— У бацькоўскім доме заўсёды гучалі беларускія музыка і песні. Для сямейнай творчасці ў арсенале былі гармонік, мандаліна, балалайка, гітара і, канешне, баян, з якім я пасябраваў на ўсё жыццё, — расказвае Валерый Сальнік. — Музычную школу па класе баяна закончыў у родным Барысаве. Затым было Мінскае музычнае вучылішча імя М.І. Глінкі і Беларуская дзяржаўная кансерваторыя, пасля заканчэння якой пачаў творчую дзейнасць на Маладзечаншчыне. Гэты край заўсёды славіўся таленавітымі людзьмі, было нямала знаёмых, імёны якіх звязаны з музычным мастацтвам, ды і жонка Ірына Мяфодзьеўна з гэтых мясцін.

— У гэты час я спалучаў педагагічную дзейнасць з канцэртнай. З баянам выступаў у інструментальных ансамблях розных музычных напрамкаў і складу з гармонікам – у калектывах народнай творчасці, — працягвае субяседнік. – Памятаю выступленні ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі, Палацы Рэспублікі, канцэртнай зале «Мінск», міжнародным Доме сяброўства, Беларускім дзяржаўным універсітэце. З вялікай радасцю ўдзельнічаю ў культурных мерапрыемствах на Маладзечаншчыне.

Як музыкант і выканаўца, Валерый Сальнік прыняў удзел у некалькіх фестывалях народнай творчасці, атрымаў дыплом лаўрэата на рэспубліканскім фестывалі «Грай, гармонік!» (Мінск), быў удастоены Гран-пры на абласным фестывалі музычнай творчасці «Грай, гармонік!» (Нясвіж). Шэраг выпускнікоў педагога Сальніка атрымалі спецыяльную адукацыю, працуюць у музычных установах рэспублікі. Сярод вучняў ёсць лаўрэаты абласных і рэспубліканскіх конкурсаў.

У добрым родзе ўсё ў згодзе

Вялікім творчым дасягненнем Валерый Паўлавіч лічыць нараджэнне сямейнага інструментальнага ансамбля. Думку пра яго стварэнне падтрымала жонка (яна працуе выкладчыкам па спецыяльнасці фартэпіяна). У склад ансамбля ўвайшлі і дзеці, якія таксама атрымалі прафесійную музычную адукацыю. У рэпертуары сямейнага калектыву музычныя творы розных напрамкаў і стыляў.

— Ансамбль набыў папулярнасць, стаў запатрабаваны на канцэртных пляцоўках. Мы шмат выступалі ў рэспубліцы і за мяжой, станавіліся лаўрэатамі прэстыжных конкурсаў, — расказвае Валерый Паўлавіч. — Былі ўдастоены Гран-пры «Залаты самавар» і тытула «Сям’я – гонар планеты» на міжнародным фестывалі

сямейнай творчасці ў Санкт-Пецярбургу, перамаглі на рэспубліканскім фестывалі сямейнай творчасці ў Слоніме. Атрымалі падзяку за ўдзел у абласным урачыстым свяце, прысвечаным Міжнароднаму Дню сям’і «Яе вялікасць Сям’я», дыплом абласнога фестывалю сямейнай творчасці «У добрым родзе ўсё ў згодзе» за прапаганду і папулярызацыю традыцый сямейнай мастацкай творчасці.

Сям’я Сальнік узнагароджана прэміяй імя Зінаіды Тусналобавай-Марчанка «За выхаванне дзяцей» Беларускага дзіцячага фонду.

— Я і цяпер кожную вольную хвіліну бяру ў рукі інструмент. Не расстаюся з канцэртным баянам з юнацкіх гадоў, — працягвае субяседнік. — Складаю музычныя творы, інструментальныя сюіты на тэмы беларускага жыцця, займаюся апрацоўкай сучасных мелодый. Ніколі не стамляюся ад заняткаў музыкай, заўсёды трымаю форму як канцэртны выканаўца і з любоўю падыходжу да таго, чым займаюся. Упэўнены: музыка — гэта радасць, яна прыносіць сапраўднае задавальненне.

Шэсць дзён працуй, а сёмы іграй…

Дырэктарам Чысцінскай дзіцячай школы мастацтваў Валерый Сальнік стаў у 1995 годзе. Яна размясцілася ў былым будынку сярэдняй школы, прыстасаваным для заняткаў музыкай. Навучэнцаў было 60, настаўнікаў менш за дзесяць, з інструментаў — баян, фартэпіяна, цымбалы, флейта, домра. Цяпер тут 140 вучняў, моцны педагагічны калектыў, а колькасць музычных інструментаў павялічылася ўдвая.

— Пачынаючы з 2012 года ў школе два кірункі дзейнасці – музычны, інструментальны і харэаграфічны. Тут створаны добрыя ўмовы для навучання, — расказвае кіраўнік. — Вядома, не абыходзіцца без праблем, якія стараемся вырашаць. Плануем аб’ёмы работ, фінансаванне, звяртаемся па дапамогу ў райвыканкам, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. Вынік відавочны: зроблены рамонт даху і фасада, заменены вокны.
Адрамантавана крыло школы, якое доўгі час не выкарыстоўвалася, а цяпер стала ўтульным і прыгожым. Там размяшчаюцца класы тэарэтычных дысцыплін, харэаграфіі і флейты. Па-новаму выглядае і клас віяланчэлі. У школе ёсць усё неабходнае для развіцця маладых талентаў.

Валерый Паўлавіч упэўнены, што зацікаўленасць дзяцей у вучобе ў школе мастацтваў ёсць і застанецца. У адрозненне ад камп’ютарнай музыкі гэта жывы гук, жывы інструмент, які дае магчымасць адкрыць людзям свае сэрца і душу. Залічэнне дзяцей у музычную школу адбываецца ў адпаведнасці з іх здольнасцямі. Вядома, трэба мець прыродныя музыкальныя даныя, у ліку якіх памяць, слых, рытмічная аснова, эмацыянальнае ўспрыняцце музыкі, што будуецца на вобразах, мае змест.

— Задача настаўніка – прывіць любоў да музыкі, перадаць свае веды, — адзначае субяседнік. — Я не стамляюся паўтараць сваім калегам: у першую чаргу да нас дзіця прыходзіць як да чалавека, а толькі потым – як да настаўніка і выхавальніка. Як вы пакажаце сябе з самага пачатку — так яны да вас і пацягнуцца. Сям’я ў музычным выхаванні дзяцей мае вялікую ролю. Навучыўся іграць п’есу, дома паказаў, бацькі паапладзіравалі – вось і сямейная радасць. Сабраліся сваякі, каб паслухаць, як ты на баяне іграеш — адбылося свята. Дадатковая адукацыя патрабуе часу для падрыхтоўкі музычных і тэарэтычных прадметаў. Па спецыяльнасці трэба старанна займацца. І чым вышэйшы клас, тым больш увагі трэба аддаваць інструменту. Як сказаў расійскі музыкант Натан Перыльман, «шэсць дзён працуй, сёмы іграй, іграй, іграй».

Новыя вяршыні і добрыя перспектывы

У Чысцінскай дзіцячай школе мастацтваў «прапісаліся» раённы фестываль «Музыка дзяцінства» і адкрыты рэгіянальны фестываль-конкурс для выхаванцаў дзіцячых школ мастацтваў «Гучаць цымбалы на зямлі Купалы». І гэта добрая магчымасць не толькі паказаць свае таленты, але і адчуць святочную атмасферу, якую ствараюць арганізатары.

Ганарыцца ўстанова сваімі навучэнцамі. Дзіяна Пятровіч на ІХ Рэспубліканскім адкрытым конкурсе выканаўцаў на народных інструментах імя
І.І. Жыновіча атрымала званне лаўрэата ў намінацыі «Гітара». Гэта не першая высокая перамога Дзіяны. Раней яна заваявала дыплом першай ступені на VI Адкрытым рэспубліканскім конкурсе музычнага мастацтва Беларусі «Спадчына» ў намінацыі «Сольнае выкананне» з прысваеннем звання лаўрэата, а таксама перамагла ў IV Мінскім гарадскім адкрытым конкурсе юных выканаўцаў на класічнай гітары. Дзяўчына ўзнагароджана заахвочвальнай прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

Ксенія Званская – уладальніца дыплома I ступені Міжнароднага конкурсу-фестывалю «Музыкі святло» ў намінацыі «Інструментальнае выкананне. Фартэпіяна. Сола». Глеб Ярмоленка — пераможца абласнога тура ІХ Рэспубліканскага адкрытага конкурсу выканаўцаў на народных інструментах імя І.І. Жыновіча, уладальнік дыплома лаўрэата міжнароднага фестывалю «Новыя вяршыні» ў намінацыі «Гітара».

У ліку актыўных і паспяховых удзельнікаў разнастайных харэаграфічных турніраў Ягор Міхаленка, які заняў трэцяе месца ў рэспубліканскіх спаборніцтвах «Мinskcup 2021» і на першынстве Рэспублікі Беларусь па спартыўных танцах у Магілёве. Высокія дасягненні ў харэаграфічнай пары Соф’і Шэкалян і Сямёна Кібзюка, якія перамаглі ў міжнародным турніры «Royalball 2021», чэмпіянаце і першынстве Рэспублікі Беларусь 2021 года. Гонарам школы з’яўляюцца выпускнікі, асабліва тыя, для каго музыка стала прафесіяй і сэнсам жыцця.

Людміла ЦАР.
Фота: архіў Валерыя САЛЬНІКА.