Новости Молодечно и Молодечненского района

Мая сядзіба - мой рай

  • 2020-07-22 06:02:59
  • Анжаліка Крупянькова

Іх вялікі абшыты светла-салатавым сайдзінгам дом на ўскрайку адной з вуліц Зоранькі здалёк прыцягвае позірк. А калі ветлівыя гаспадары запрасілі на падворак, я проста ахнула. І папрасіла іх правесці невялікую экскурсію.

Гордасць гаспадара – вялікая сажалка, якую Мікалай Аляксандравіч выкапаў разам з сынам Ігарам. Яна даволі глыбокая, унукі купаюцца ў ёй. А яшчэ ў сажалку запусцілі карпаў, можна пасядзець на беразе з вудачкай.

У прасторнай альтанцы — вялікі круглы стол мудрагелістай канструкцыі: рукасты гаспадар склаў яго з мноства драўляных сектараў. Над сталом незвычайная люстра, у якую майстар ператварыў кола ад воза. Звонку альтанку таксама ўпрыгожваюць ліхтары. А яшчэ я звярнула ўвагу, што маленькія ліхтарыкі, якія сілкуюцца ад сонца, уманціраваны ў камяні ля дома. Можна быць упэўненым, што ноччу на іх ніхто не наткнецца.

Зону адпачынку з альтанкай, мангалам, лазняй, самаробнымі арэлямі аддзяляе жывая
агароджа з туй, якія акуратна падстрыжаны ў выглядзе шароў.

Раслін вакол дома вельмі шмат. Шыкоўныя кусты ружовых і чырвоных руж, лілеі розных сартоў. Ганак упрыгожаны вазонамі з петуніямі, гартэнзіямі, іншымі кветкамі. Звярнула ўвагу на незвычайны самаробны вазон – такіх раней бачыць не даводзілася.

Глафіра Сяргееўна расказала, што яго зрабіла дачка Наталля: кавалак тканіны, у гэтым выпадку ручнік, апускаецца ў раствор цэменту, затым яму надаецца пэўная форма, і выраб застывае. Пасля гэтага вазон фарбуецца.

— А што гэта ў вас у трубе расце? Няўжо клубніцы? – падышла разам з гаспадыняй да жалезнай трубы, што надзейна ўстаноўлена на высокіх апорах уздоўж плота.

У ёй выразаны круглыя адтуліны, і ў кожнай расце, нібы вазон, кусцік клубніц.

— Гэта таксама Наташына прыдумка, яе эксперымент, — расказвае Глафіра Сяргееўна. – Шкада, вы крыху спазніліся, ягады ўжо абабралі.

— А я якраз прыязджала да Маскалевічаў, калі клубніцы былі ў самым разгары. Такога дзіва ніколі не бачыла, — падключаецца да размовы Ніна Станевіч, былы намеснік старшыні ААТ «Палачаны», ура-
джэнка Зоранькі, якая хаця і жыве даўно ў Груздаве, не страчвае сувязі з жыхарамі роднай вёскі.

Усё жыццё ў калгасе

Ніна Аляксандраўна даўно ведае гэту сям’ю.

— Усё жыццё яны працавалі ў нашым сельгаспрадпрыемстве «Палачаны», былі выдатнымі работнікамі, не раз узнагароджваліся граматамі і падзякамі, — гаворыць яна.

Мікалай Аляксандравіч ужо ў 14 гадоў быў памочнікам камбайнера Анатолія Сакалоўскага. Успамінае, што першую зарплату аддаў бацькам — так было заведзена ў сям’і. Дарэчы, у Зораньцы жылі яго дзяды, прадзеды: глыбока пусціла карані ў гэту зямельку сям’я Маскалевічаў. Мікалай змоладу цікавіўся не толькі тэхнікай, але і музыкай: сам асвоіў гармонік. Праўда, іграў толькі для сябе, як сам гаворыць, для душы. У палачанскай школе ён закончыў курсы механізатараў, прыйшоў працаваць у калгас. Яго першы трактар МТЗ-2 быў з адкрытай кабінай. Цяперашні «Беларус» у параўнанні з ім вельмі камфортны. Мікалай Аляксандравіч ужо на пенсіі, але штогод у разгар сезона на ўласным трактары дапамагае гаспадарцы: грузіць пагрузчыкам рулоны саломы, складае іх у сцірты. І ніколі не адмаўляе ў дапамозе аднавяскоўцам. У яго ёсць усе неабходныя прычапныя ўстройствы, многія сабраў, удасканаліў сам.
Іх шлюбу з Глафірай Сяргееўнай 44 гады. Прыгожая дзяўчына з рэдкім іменем прыехала ў Зораньку васьмікласніцай: яе бацькі купілі тут дом, перабраліся з хутара на Смаргоншчыне. У маладосці працавала швачкай на фабрыцы «Камсамолка» ў Маладзечне, а пасля замужжа і да пенсіі — на ферме ў Зораньцы аператарам па вырошчванні цялят. Маладняк у яе заўсёды даваў добрыя прывагі.

У радавым гняздзе – тры пакаленні

Гады чатыры, а тое і больш, Маскалевічы будавалі свой прыгожы, прасторны дом, і сёння ўсё нешта ў ім дарабляюць, паляпшаюць. Абшылі сайдзінгам, уставілі шклопакеты, правялі паравое ацяпленне,
устанавілі кацёл, хаця і печ пакінулі. Падведзена ў дом вада, ёсць і бойлер – усе гарадскія выгоды, якія аблягчаюць жыццё.

Ды толькі як і раней, не меншае клопатаў у гаспадароў, асабліва летам. Устаюць раненька, нібы на работу — прывыклі змоладу працаваць, рупіцца, не сядзець без справы. Расказваюць, што ў маладыя гады і па тры каровы трымалі. Цяпер у іх адна — з незвычайнай мянушкай Вясна. Пасе яе электрапастух, які Мікалай Аляксандравіч зрабіў сам.

З вялікай любоўю расказваюць Маскалевічы пра сваіх дзяцей – сына Ігара і дачку Наталлю, якія працуюць на «Маладзечнаводаканале», зяця Аляксандра, пра ўнукаў Святлану, Вячаслава, Дзяніса, Аляксандра. Усе яны любяць Зораньку, часта прыязджаюць, дапамагаюць. Дачка — вялікая аматарка кветак. Сын, як і бацька, механізатар, добра разбіраецца ў тэхніцы. Паміж унукамі невялікая розніца ва ўзросце: старэйшым па 20 гадоў, малодшаму – 17, яны дружаць паміж сабой. А гэты прыгожы дом – сапраўднае радавое гняздо, у якім збіраюцца ўжо тры пакаленні.

Тэкст і фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.