Пачатак
Нарадзіўся і вырас Мікалай Мікалаевіч у вёсцы Дварышча Міёрскага раёна. Напэўна, маляўнічыя краявіды ды светлыя ўспаміны пра дзіцячыя гады і натхнілі будучага паэта на творчасць. Вось некалькі радкоў з яго ўспамінаў пра родныя мясціны:
«Мілае майму сэрцу Дварышча размяшчалася на двух пагорках у зеляніне садоў і старых разгалістых дрэў, за вярсту ад старадаўняга бальшака, старажытнага бору, які захоўвае ў сваёй глушы непрыступнае возера. Нізіны зелянелі лугамі, іх летам у вячэрні час накрываў цёплы, як белы пух, туман. У пасляваенны час у вёсцы налічваліся 33 хаты і 123 жыхары, надзвычай далікатныя і тактоўныя. Працавала пачатковая школа. Кожныя суботу і нядзелю ладзіліся вечарыны для моладзі, дзе спявалі, танцавалі і ігралі спектаклі. Шкада, што ўсё засталося толькі ва ўспамінах».
Дзяцінству, вясковаму жыццю прысвечаны адзін з яго ранніх вершаў «Бацькаўшчына наша», дзе ёсць такія радкі:
Помню родныя мясціны,
Вёску ўтульную сваю,
Гай, паўнюткі зеляніны,
Шчэбет птушак у гаю…
Яснай раніцай улетку
Золак ціхі, трапяткі,
Хлопчык шчыра ў жалейку
Сцеле трэлі ля ракі…
Працаваць, як і ўсе вясковыя хлопцы, Мікалай пачаў рана. Ужо ў чатыры гады дапамагаў маці па гаспадарцы. Бацька ваяваў на фронце. Штурмаваў Дрэздэн, Берлін, вызваляў Прагу ад фашыстаў. Быў узнагароджаны медалямі «За адвагу», «За ўзяцце Берліна», «За вызваленне Прагі», «За перамогу над Германіяй», ордэнам Айчыннай вайны другой ступені.
Пасля вайны вучыўся ў школе, дапамагаў бацькам, працаваў у калгасе.
— Я вельмі ўдзячны бацьку і маці за сямейнае цяпло ў маленстве. І потым стараўся знайсці час, каб прыехаць да іх хоць на некалькі дзён — набрацца душэўнай моцы. Калі аслабелі, забраў іх да сябе, атуліў увагай і цяплом,— расказвае Мікалай Мікалаевіч.
Пачатковую школу ён закончыў у роднай вёсцы, затым была сямігодка, якая знаходзілася ў суседняй Ваўкаўшчыне. Чатыры кіламетры да яе летам дварышчанскія школьнікі адольвалі на веласіпедах, а зімой – напрасткі на лыжах. Як здараліся завеі, ішлі праз гурбы пешшу.Такім быў Мікалай Даргель пасля заканчэння сямігодкі (другі злева ў першым радзе).
Шлях у прафесію
У Маладзечна малады спецыяліст прыехаў пасля заканчэння ў 1959 годзе Мінскага архітэктурна-будаўнічага тэхнікума. Працаваў на ўзвядзенні аднаго з першых карпусоў радыёзавода «Спадарожнік». Праз паўтара года быў прызваны на службу ў армію. Трапіў у інжынерныя войскі. Падраздзяленне дыслацыравалася ў Краснаярскім краі. Незнаёмая і суровая Сібір, вакол — бяскрайняя тайга. На падрыхтаваных пляцоўках, дзе раней знаходзіліся лясныя масівы, будавалі важныя дзяржаўныя аб’екты. Працавалі далёка ад населеных пунктаў, акрамя казармы і ўзводзімых аб’ектаў нічога не бачылі. І ў мароз, і ў спёку работа не спынялася. Пазней, успамінаючы службу ў Краснаярскім краі, Мікалай Даргель напіша верш пад назвай «Сибирь нас жизнью окатила», які пачынаецца такімі радкамі:
Ушла беспечность
здесь моя –
Мы слишком рано
повзрослели…
На Гродзеншчыне, дзе працаваў пасля службы ў арміі, ён прайшоў шлях ад майстра, прараба да начальніка будаўнічага ўпраўлення. Прымаў удзел ва ўзвядзенні самага буйнога ў СССР Лідскага лакафарбавага завода, іншых прамысловых і грамадскіх аб’ектаў. Узначальваў прафкам трэста, быў абраны членам Гродзенскага абласнога і Беларускага рэспубліканскага прафсаюза работнікаў будаўнічай галіны. Пасля заканчэння ў 1974 годзе Беларускага політэхнічнага інстытута працаваў інжынерам аддзела капітальнага будаўніцтва, затым намеснікам дырэктара па капітальным будаўніцтве завода «Оптык», які падпарадкоўваўся саюзнаму міністэрству.
Вяртанне ў Маладзечна
Вярнуўся Мікалай Мікалаевіч у Маладзечна ўжо з сям’ёй у 1982 годзе.
Працаваць пачаў у сістэме «Маладзечнасельбуда», былым трэсце №14, які аб’ядноўваў 15 будаўнічых арганізацый і вёў работы ў шасці раёнах. У якасці галоўнага інжынера, начальніка СПМК, а з 1986 года – галоўнага інжынера трэста ён будаваў піянерскія лагеры і санаторыі ў нарачанскім краі, Радашковічах, Валожынскім, Вілейскім, Мінскім раёнах. Узводзіў жылыя пасёлкі для перасяленцаў з чарнобыльскай зоны, прамысловыя аб’екты ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях.
Ужо на пенсіі вярнуўся да кіраўніцтва Маладзечанскай СПМК, але небяспечная хвароба прымусіла больш сур’ёзна заняцца сваім здароўем.
— Пэўны час прыстасоўваўся да новага, інваліднага жыцця, — успамінае Мікалай Мікалаевіч. — Але потым па поклічы душы і сэрца на грамадскіх пачатках узначаліў будаўніцтва ў Маладзечне Свята-Успенскага сабора. Работы вяліся сіламі вернікаў. Зноў давялося арганізоўваць справы на будаўнічай пляцоўцы, вучыць людзей. Тут спатрэбіўся ўвесь мой будаўнічы і жыццёвы вопыт. Цяпер прыемна прайсці міма гэтага майго апошняга аб’екта – храм ззяе веліччу і хараством.
Тэма пераемнасці хрысціянскіх і народных культурных традыцый, захавання душэўнай чысціні і пачуццяў – адна з галоўных у творчасці Мікалая Даргеля. Вельмі яскрава яна гучыць у вершы «Вялікдзень», дзе аўтар з дапамогай яркіх паэтычных фарбаў не толькі трапна перадае настрой, з якім сустракалі і адзначалі калісьці любімае свята ў вёсцы, але і разважае аб сэнсе жыцця:
Мы прыйшлі
ў жыццё ад Бога
Ён — падтрымка
і падмога.
Кожны мае
прызначэнне –
Добрых спраў зямных
тварэнне.
Як бы цяжка ні прыйшлося
Трэба бачыць у хаосе
Тую сцежачку, якою
Пойдзеш ты ў ладу з сабою.
Прызнанне
Мікалай Мікалаевіч адзначае, што яго прафесійная дзейнасць была далёкая ад лірыкі.
— Ніколі не думаў, што стану пісаць вершы, — прызнаецца ён. — Дапамагаў людзям рабіць жыццё лепшым. Але ў другой палове 1980-х трапіў у шпіталь. Для чалавека, які ўсё жыццё шмат працаваў, няма нічога больш страшнага, чым застацца без занятку. І прыйшло натхненне, з’явіліся першыя вершаваныя радкі. А неўзабаве выйшаў і першы зборнік. Потым другі, трэці, чацвёрты, пяты…
Нядаўна Мікалаю Даргелю споўнілася 80 гадоў. Ва ўрачыстай абстаноўцы юбіляра віншавалі ў раённай ветэранскай арганізацыі. Шмат цёплых слоў выказалі ў яго адрас намеснік старшыні райвыканкама Святлана Валько, кіраўнік духоўна-патрыятычнага аб’яднання «Светач» Палаца культуры Ларыса Сысун, старшыня раённай арганізацыі ветэранаў Таццяна Шафаловіч, іншыя прысутныя на гэтай урачыстасці.
Зразумела, як творчая асоба, да гэтай юбілейнай даты Мікалай Мікалаевіч падрыхтаваў чарговы, шосты зборнік вершаў. Кнігу ён прысвяціў ветэранам-беларусам, якія паднялі нашу краіну з руін у пасляваенныя гады, іх пачуццям, перажыванням, імкненню да дабра і разуменню сэнсу жыцця.
— Многае з дум, пачуццяў увайшло ў мае вершы, — адзначае аўтар. — Спадзяюся, яны крануць нечыя душы. Не судзіце вельмі строга, я ж будаўнік. У няпростых умовах выконваў неймаверна важныя справы. Удзячны лёсу, што звёў мяне з гэтай прафесіяй, цудоўнымі людзьмі. Пашанцавала, што разам з усім народам давялося паднімаць краіну з ваеннай разрухі, рабіць прывабнай сярод іншых.
Вячаслаў ТАБУЛІН.
Фота: АЎТАР, архіў Мікалая ДАРГЕЛЯ.