Для акунання ўсё было арганізавана як належыць. Супрацоўнікі пажарнага аварыйна-выратавальнага атрада паставілі палатку для абагрэву, ля палонкі (іардані) устанавілі лесвіцу і светлавы слуп. Ля купелі ўзвялі ледзяны крыж. Акрамя ратавальнікаў, аказваць дапамогу тым, хто акунаўся, былі гатовы медыкі.
Таўшчыня лёду на возеры складала 15-20 сантыметраў. Людзі радаваліся, што мароз паспеў скаваць вадаём. Гэта дазволіла правесці Вадохрышча згодна з абрадам.
І вось урачыстая служба ў храме Праабражэння Гасподняга завяршылася. Святочная працэсія з харугвамі накіравалася да возера. Святар асвячае ваду. Жадаючыя пагрузіцца ў ледзяную купель вы-
стройваюцца ў чаргу. Першым да палонкі падыходзіць мужчына. Ён ахінае сябе хросным знакам і тройчы акунаецца ў ваду. Тое ж робяць і іншыя.
— Хачу выпрабаваць сябе, таму і вырашыў акунуцца, — сказаў 11-гадовы Арцём Мячай. — Халоднай вады не баюся. Упэўнены, што не захварэю. Сваім учынкам буду ганарыцца.
Яшчэ адзін удзельнік свята — жыхар вёскі Насілава Валерый Забагонскі. Ён пагружаецца ў іардань ужо шмат гадоў. Для яго гэты абрад – выпрабаванне веры. Мужчына падзякаваў ратавальнікам за добрую арганізацыю мерапрыемства.
— Адчуванне цудоўнае! Заўтра яшчэ раз акунуся. Раю ўсім гэта зрабіць, — сказаў Аляксей Буслаўскі адразу пасля ледзяной ванны.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.