27 верасня адзначаўся Сусветны дзень турызму. А ў лістападзе спаўняецца 40 гадоў аднаму з найстарэйшых у краіне гарадскому турклубу «Пілігрым», якім Сяргей Мікалаевіч кіруе з 1983 года. І гэта выдатная нагода, каб пагаварыць пра захапленне ўсяго яго жыцця, прыгадаць самыя яркія моманты паходаў.
Сюрпрызы чырвонай цюбецейкі
Пасля пятага класа Сяргей упершыню трапіў на раённы турзлёт на сваёй роднай азёрнай Пастаўшчыне. «Усе тры дні як з вядра ліў дождж. У мяне на галаве — чырвоная цюбецейка, якая намокла і зафарбавала адзенне. Так і хадзіў з чырвонымі пісагамі, — з гумарам прыгадвае мой субяседнік. – Мы, сельскія хлопцы, ва ўсе вочы глядзелі, як спрытна і хутка нашы гарадскія равеснікі замацоўвалі палаткі жалезнымі штырамі, у той час як мы карысталіся нязручнымі самаробнымі драўлянымі калкамі. Вярнуліся і адразу пачалі з дроту рабіць жалезныя, каб на наступным злёце быць на вышыні…».
Яшчэ школьнікам Сяргей лёгка пераплываў кіламетровае возера ля роднай вёскі Стары Двор. Праўда, тайком ад маці, бо яна моцна сварылася, іншы раз нават дубцом перацягвала. Калі здаваў нарматывы па плаванні ў інстытут фізкультуры (на той час конкурс быў тры чалавекі на месца), спыталі, у якой спартыўнай школе займаўся. «А я нават не ведаў, што існуюць спартыўныя школы. Першым маім трэнерам быў тата: садзіў на плечы, заносіў у возера і адпускаў у вольнае плаванне. І мне было зусім не страшна…».
Выпрабаванне марозам
У 24 гады Сяргей упершыню як кіраўнік групы павёў аднакурснікаў у лыжны паход на Кольскі паўвостраў. Ім трэба было перасекчы Анежскае возера. 33 градусы марозу, сінтэтычныя курткі, што бралі з сабой на змену, змерзліся і ламаліся. Сем начэй у палатках! І толькі адну правялі ў маленькай вясковай гасцініцы. Туды ўладкаваў старшыня сельсавета, у якога завяралі турысцкі маршрут. «Перад вамі ленінградскія турысты былі, залезлі ў царкву, так грэліся, што спалілі яе. Таму ідзіце лепш у гасцініцу», — сказаў ён. Без непрыемнасцей не абышлося і ў беларусаў: дачка дэкана педагагічнага факультэта, на якім займаўся наш герой, прымарозіла кончыкі некалькіх пальцаў рук. Але дэкан Сяргея не ўшчуваў, наадварот, пасля паходу яму прысвоілі другі разрад па турызме. Падрыхтоўка ў інстытуце была сур’ёзнай: студэнты займаліся футболам, плаваннем, лёгкай атлетыкай, зімовым і летнім мнагабор’ем. Пасля трэцяга курса Сяргей паралельна закончыў курсы інструктараў пешаходнага турызму, а таксама лёгкавадалазнай падрыхтоўкі. Асноўная яго спецыяльнасць – арганізацыя і кіраванне фізічным рухам.
Маладзечна – гэта лёс
У час аднаго са студэнцкіх паходаў у Карпатах група Сяргея сустрэлася з турыстамі з Маладзечна. У ёй былі Ніна Каняева, Таццяна Пячурава, Аляксандр Траццякоў. Яны за-
прасілі Сяргея ехаць на работу ў Маладзечна, дзе ўжо існаваў турклуб «Пілігрым» пад кіраўніцтвам Сяргея Каняева. Але Бялкоў імкнуўся ў Полацк, бліжэй да родных мясцін. Туды і размеркаваўся, ды месца аказалася занятым. Урэшце трапіў у Маладзечна. Найперш пачаў шукаць тут які-небудзь вадаём. «Прыйшоў на Ушу, расстроіўся – нейкая брудная канава…», — успамінае субяседнік.
«Я ў Белым доме засядаў!»
Так з гумарам гаворыць Сяргей пра сваё першае месца работы старшым інжынерам па фізкультурна-аздараўленчай рабоце жыллёвага ўпраўлення гарвыканкама. «Ніхто не ведаў, чым я павінен займацца. Сам сабе пісаў службовыя інструкцыі, сам іх выконваў. Ствараў для дзяцей па месцы жыхарства аздараўленчыя пляцоўкі, якія сталі папярэднікамі школьных дзённых турыстычных лагераў, вадзіў падлеткаў у паходы, вазіў на раённыя, абласныя злёты. У час іх юныя турысты не толькі спаборнічалі, але і дапамагалі ветэранам вайны, запісвалі іх успаміны — спасцігалі гісторыю не па школьных падручніках. А ў паходах вучыліся вынослівасці, загартоўваліся. «Цяперашняя моладзь жыцця без інтэрнэту ды гарадскіх выгод не ўяўляе, — разважае мой субяседнік. — Нядаўні выпадак: паехалі хлопцы на шашлык, дождж пайшоў, яны касцёр не змаглі раскласці. Нашы самыя юныя турысты і палатку паставяць, і кашу на кастры звараць. Неяк адзін з выхаванцаў з
удзячнасцю напісаў з арміі, што калі трапіў у дэсантнікі, вучыў афіцэра карыстацца компасам. Сваіх сыноў, дарэчы, я з трох гадоў браў у паходы, а ў студэнцтве яны самі вадзілі групы».
У нас карты пад капірку, у немцаў – каляровыя
У 1985 годзе Сяргей трапіў на турысцкі злёт краін эканамічнай узаемадапамогі ў Германію. Больш за ўсё ўразілі якасныя каляровыя карты ў нямецкіх турыстаў. У СССР на той час продаж карт у магазінах забараняўся са стратэгічнай мэтай. Рыхтуючыся ў паход, турысты пад капірку здымалі копіі карты мясцовасці, якую з цяжкасцю раздабывалі. Тады нават самаробныя маглі адабраць…Як і засвяціць фотаплёнку, калі сфатаграфуеш вакзал – стратэгічны аб’ект…
Дарэчы, ужо ў той час у Германіі можна было ўзяць вела-
сіпед на пракат. Пазайздросцілі беларусы і нямецкім турыстычным прытулкам у лясах: прасторныя драўляныя домікі з нарамі, сталом, лаўкамі, печкай, з нарыхтаванымі дровамі – заходзь, начуй…
Беларускі сцяг на вяршыні
У 1994 годзе Бялкоў быў кіраўніком паходу 5-й катэгорыі складанасці з узыходжаннем на Эльбрус. На вяршыню ў 5640 метраў над узроўнем мора падняліся трое з васьмярых турыстаў – Сяргей Бялкоў, Уладзімір Цай і Валянціна Хаменка. Нягледзячы на ліпень, надвор’е было халодным і ветраным. Узыходжанне пачалі ў дзве гадзіны ночы, на вяршыні былі толькі ў 11 раніцы: разгарнулі сцяг Беларусі, сфатаграфаваліся. Незабыўнае пачуццё: ты стаіш на вяршыні, пад табой – Эльбрус.
Пасля гэтага паходу Сяргей першы ў Маладзечне быў удастоены звання майстар спорту па турызме. Пазней яго прысвоілі Сяргею Семенюку і Іне Высоцкай. Роўна праз дзесяць гадоў Бялкоў быў узнагароджаны ганаровым знакам «За развіццё фізкультуры і спорту».
А маладзечанцы і сёння пакараюць Эльбрус: гэтым летам на яго вяршыню ўзышлі Арцём Ценцявіцкі і Ян Талпыга.
Верталёт для параненага сябра
«Ва Усходнім Саяне, у Бураціі, мы трапілі пад каменяпад, адзін з турыстаў атрымаў сур’ёзную траўму нагі, а наперадзе – палова маршруту, — успамінае Сяргей. – Я і яшчэ адзін турыст адправіліся назад праз перавалы да бліжэйшага райцэнтра, каб папрасіць дапамогі. Дарога заняла два дні. Мяне ўразіла, што нас адразу прыняў першы сакратар райкама, бурат па нацыянальнасці. Яшчэ больш, за лічаныя хвіліны вырашыў пытанне транспарціроўкі нашага сябра на санітарным верталёце. Прычым абсалютна бясплатна, хаця ў маёй кішэні ляжалі сабраныя групай 700 рублёў».
Мядзведжы перавал – не проста назва
У тым жа Усходнім Саяне нашы землякі сустрэліся з мядзведзямі якраз на перавале, які носіць назву Мядзведжы. Усяго за метраў трыста раптам заўважылі на прывале вялізную мядзведзіцу з двума малышамі. «Спачатку я разгубіўся, не ведаў, якое рашэнне прыняць: ні дрэў паблізу, ні ўзгоркаў, каб схавацца, — прызнаецца мой субяседнік. – Мядзведзіца хутчэй адрэагавала: адбегла, нібы ўступаючы нам шлях. Мы хуценька пайшлі і ўсё глядзелі ў манокль, як яна стаяла, чакала, пакуль мы не адыдзем на бяспечную адлегласць. Дарэчы, на Камчатцы таксама сустракаліся з мядзведзямі. Там яны менш баязлівыя. Падыходзілі да лагера, даводзілася стукаць у жалезныя талеркі, каб іх адпужваць».
«У краіне – путч, а мы – на Алтаі»
У жніўні 1991-га Бялкоў вадзіў групу на Алтай. Два тыдні вандравалі па гарах, пачалі спускацца, сустрэлі нямецкіх турыстаў. На ламанай англійскай тыя паведамілі надзвычайныя навіны: Гарбачоў не прэзідэнт, СССР развальваецца, у Маскве – танкі. Між тым па дарозе на Алтай беларусы ехалі праз Маскву, гулялі па Краснай плошчы. Тры дні яны ішлі ў няведанні і трывозе, пакуль на метэастанцыі не даведаліся, што путч падаўлены…
Тое, што немцу не зразумець
Побач з немцамі нашы турысты разбілі лагер. Хуценька распалілі касцёр, у кацялках апетытна забулькала. Немцы ж касцёр не раскладалі, елі паасобку кожны са свайго рукзака. А затым па адным пачалі падыходзіць да беларусаў, каб папрасіць кіпеню. Ажно шкада іх стала… Сяргей успамінае артыкул з часопіса «Турыст», у якім амерыканцы расказвалі аб сплаве разам з рускімі па горных рэках Алтая. Калі спыталі, што ім спадабалася найбольш, тыя ў адзін голас адказалі: «Сумесны прыём ежы!». «Суп ці каша з кацялка – тое, што сапраўды аб’ядноўвае розных людзей, — гаворыць вопытны турыст. – І калі я бачу, што чалавек не хоча дапамагаць іншым, трымаецца асобна, што ў яго ўласнае «я» на першым месцы, у наступны паход не запрашу». Дарэчы, за ўвесь час толькі адзін турыст папрасіўся з паловы вандроўкі дадому. Нябедны чалавек, ён доўга хадзіў у «Пілігрым» і ўсё распытваў, якія самыя лепшыя рукзак, красоўкі, іншая амуніцыя. Але «фірма» не дапамагла, сказаў, што надта цяжка з канапы ды ў паход…
Кіраўнік у гару не паедзе
Апошнія гадоў пятнаццаць Сяргей Бялкоў водзіць веласіпедныя паходы. Лічыць іх найбольш прымальнымі для сямейнага адпачынку, калі не кожны можа пахваліцца вынослівасцю: рукзак на плячах несці не трэба. Плануючы маршрут, кіраўнік абавязкова намячае прыпынкі ў цікавых месцах, каб турысты не толькі праехалі кіламетраж, але і даведаліся нешта новае, адкрылі для сябе Беларусь. За дзень у сярэднім даводзіцца пераадольваць па 50 кіламетраў, за тыдзень – больш за 300. Тэмп такі, каб усе маглі справіцца. Пад гару Сяргей цягне веласіпед. «Круціць педалі няма сэнсу: хуткасць малая, а сіл трэба шмат. Лепш прайсціся, каб іншыя групы мышц папрацавалі. І турысты, гледзячы на мяне, не напружваюцца: калі кіраўніку цяжка, то і ім лягчэй у гэтым прызнацца… Такая мая маленькая псіхалагічная хітрасць».
Сёння Сяргей Мікалаевіч працуе інструктарам-метадыстам МГА ФСК «Агеньчык», турклубам «Пілігрым» кіруе на грамадскіх пачатках. У свае 63 гады ён па-ранейшаму ў выдатнай форме, рэгулярна водзіць сямейныя велапаходы. «Гэта тое, што трэба маёй душы!» — гаворыць ён і з юнацкім запалам дзеліцца новымі планамі…
Фота: Вячаслаў ТАБУЛІН, уласны архіў Сяргея БЯЛКОВА.