Новости Молодечно и Молодечненского района

Каб адчуваць сябе падарожнікам, не абавязкова ехаць далёка

  • 2017-07-11 11:58:05
  • Анжаліка Крупянькова

Шашлык на прыродзе – смачна, але нецікава

Мае субяседніцы знаёмыя даўно, усе раней працавалі ў педагогіцы. Алена і цяпер псіхолаг у гімназіі №7. Ларыса – адміністратар медыцынскага цэнтра «Салюс», яна водзіць машыну, таму з транспартам праблем няма. Жанна мае 30-гадовы вопыт экскурсавода, і гэта вялікі плюс. «Я за штурмана», — жартуе яна. Скалясіла Беларусь уздоўж і ўпоперак, маршруты ведае назубок, але любіць адкрываць нешта новае не толькі для сябе, але і для іншых. Яе сяброўкі лёгкія на пад’ём. «Паехалі заўтра ў Мядзел на фестываль!» — тэлефануе Жанна Ларысе і Алене. Яны «расчышчаюць» сабе выхадны дзянёк ад сямейных клопатаў і хуценька збіраюцца ў дарогу. Варыянт адпачынку на прыродзе з шашлыком сяброўкі лічаць сумным. А яшчэ абураюцца, калі чуюць выказванні, што ў нашых мясцінах мала цікавага і няма чаго паглядзець. «Так гаворыць той, хто дрэнна ведае свой край, не цікавіцца яго гісторыяй і культурай. З кожнай паездкі мы вяртаемся ўзрушанымі, набіраемся станоўчых эмоцый, знаёмімся з цікавымі людзьмі», — гавораць жанчыны, якія пабывалі на Ашмяншчыне і Астравеччыне, на Валожыншчыне і Мядзельшчыне, захапляліся прыгожай архітэктурай  Пастаў, удыхалі водар ландышаў у запаведніку «Блакітныя азёры», пазнаёміліся з майстэрствам івянецкіх ганчароў…

Пачалі з Астравецкай «кругасветкі»

Адна справа – ехаць на экскурсійным аўтобусе, і зусім іншая – заправіць машыну і самім планаваць, дзе зрабіць прыпынак, што паглядзець. Два гады таму сяброўкі адправіліся ў сваё першае самастойнае падарожжа на Астравеччыну. Спыніліся ля Крэўскага замка, зайшлі ва ўнутраны двор і былі вельмі ўражаныя маштабамі 700-гадовага абарончага збудавання: сто на сто квадратных метраў. Далей скіравалі на Багушы, дзе з 2000 года дзейнічае Свята-Увядзенскі жаночы манастыр. У Солах, Астраўцы, Гервятах любаваліся старажытнымі храмамі. Убачылі і абрысы, ацанілі маштаб атамнай станцыі, якая будуецца ў Астраўцы.  
У Крэве — «Ляліва», у Гродне — «Казюкі»

У апошні час у краіне праходзяць самабытныя фестывалі, на якіх цікава пабываць. Сярод самых запамінальных мае субяседніцы называюць «Гальшанскі замак», у праграме якога прадстаўленне вулічных тэатраў, рыцарскія баі, выстаўкі майстроў, дэгустацыя старадаўніх страў. Прыемна было прайсціся па Гальшанах з іх таямнічым замкам, драўляным млынам, глінянымі пабудовамі. Па дарозе сяброўкі заехалі ў Валожын, Вішнева, заходзілі ў храмы, кожны з якіх адметны па-свойму. Завіталі на хутар Родзевічы на Ашмяншчыне, дзе пры падтрымцы гранта Еўрасаюза будуецца парк мініяцюр абарончых збудаванняў Беларусі, Літвы: замкі будуць у вышыню 1,5 метра. А на зваротным шляху вандроўніцы скіравалі на Баруны, дзе непадалёк знаходзіцца адзін з пунктаў геадэзічнай дугі Струвэ, устаноўленай 200 гадоў таму.

Пабывалі і на фестывалі «Краса майго краю» ў Мядзеле, які праходзіць на беразе возера Мястра. Да яго пачатку паспелі прагуляцца па Паставах, гістарычны цэнтр якога ў XVIII стагоддзі праектаваў італьянскі архітэктар Джузэпэ дэ Сако. На зваротным шляху заехалі ў знакамітыя Наносы на Нарачы. Дарэчы, пагуляць па вёсцы, падысці да возера можна без уваходнага білета, агароджы там няма.

Незабыўная паездка атрымалася ў Гродна, дзе вясной праводзіцца кірмаш народных рамёстваў «Казюкі». Дабірацца з Маладзечна зручна на цягніку Мінск — Гродна, дарога ў абодва бакі абыходзіцца ў 9,5 рубля. «У шэсць раніцы мы былі ў Гродне, горад толькі прачынаўся і быў увесь наш – упрыгожаны да свята. Мы гулялі па цэнтры, заходзілі ў храмы, пабывалі ў 300-гадовай аптэцы, зазірнулі ў кавярню, дзе з раніцы да кавы частавалі бясплатна блінамі. Не абмінулі «Швейцарскую даліну» — так называецца раён горада ўздоўж Нёмана. І ад кірмашу засталіся яркія ўражанні. Гэта выдатны варыянт нестандартнага правядзення выхаднога дня.

Самабытны фестываль «Пад знакам Лялівы» прапісаўся ў Крэве. Шмат мерапрыемстваў праводзіцца ў Залессі: прыехаў на дызелі, крыху прайшоў – і ты ў палацы Агінскага… А ў верасні нашы зямлячкі збіраюцца ў Ліду на фестываль піва, кажуць, ён вельмі каларытны.

Вольны ўваход у мінскія музеі

У пачатку года Жанна даведалася з інтэрнэту дні бясплатнага наведвання мінскіх музеяў. У Нацыянальным мастацкім, напрыклад, гэта кожная апошняя серада месяца. Чаму б менавіта да яе не прымеркаваць чарговую паездку ў сталіцу? Прыемна правесці некалькі гадзін у музейных залах, а затым, не спяшаючыся, прагуляцца па Ракаўскім прадмесці, Верхнім горадзе, прысесці на музычную лаўку, каб паслухаць паланэз Агінскага… Можна наведаць музей конкі, музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, размешчаны ў былым доме масонаў, прайсціся па вуліцы Зыбіцкай на беразе Свіслачы. А на завяршэнне падняцца на глядзельную пляцоўку Нацыянальнай бібліятэкі, з якой увесь Мінск як на далоні...

Дзень на «Блакітных азёрах»

Гэта выдатны від сямейнага адпачынку, лічаць вандроўніцы. Заказнік  знаходзіцца ад нас за 80 кіламетраў па дарозе на Нарач. Уваход сюды каштуе 2 рублі, ёсць паркоўка, працуе пракат веласіпедаў. 4-кіламетровая пешаходная сцежка ахоплівае 10 прыгожых азёраў, па дарозе – альтанкі, мосцікі праз рачулку, інфармацыйныя стэнды з планам заказніка, звесткамі пра флору і фаўну, глядзельныя пляцоўкі. Інфраструктуру заказніка ацанілі наведвальнікі. Сюды прыязджаюць сем’ямі на цэлы дзень, катаюцца на веласіпедах, ладзяць пікнікі. Маладзечанкі былі тут у перыяд цвіцення ландышаў. Удыхалі іх водар і нават у думках не было сарваць хаця б адну кветачку – шкада псаваць прыгажосць.

Упершыню ў Гарадок

Мае субяседніцы прызнаюцца, што сёлета адкрылі для сябе Гарадок – самабытнае мястэчка на мяжы Маладзечанскага і Валожынскага раёнаў. Не даводзілася тут бываць раней. З усмешкай успамінаюць, што ў першую паездку так і не знайшлі замчышча. Затое былі ў захапленні ад брукаванкі, старых яўрэйскіх дамоў з параднымі выхадамі на вуліцу, будынка млына, паўразваленага, але такога самабытнага. Як шкада, што помнік даўніны да гэтага часу не адрэстаўраваны! Калі спыніліся ля інфармацыйнага стэнда, з мясцовага Цэнтра культуры і быту выйшла яго дырэктар Таццяна Смолік і запрасіла пазнаёміцца з экспазіцыяй, за сімвалічную плату правяла змястоўную экскурсію. «Уразіла льняное адзенне, пашытае ўручную, — якое яно мяккае, як дасканала апрацаваныя швы. А які выдатны крой: у мужчынскіх штанах можна было сесці на шпагат», — дзеляцца ўражаннямі жанчыны, якія неўзабаве прыехалі ў Гарадок у другі раз — настолькі ён ім спадабаўся.

«Усюды нам рады!»

Асобна вандроўніцы адзначаюць добразычлівасць мясцовых людзей, у які б горад ці мястэчка яны ні прыехалі. У вёсцы Лучай на Пастаўшчыне жанчына спецыяльна для іх адамкнула касцёл, якому нядаўна споўнілася 250 гадоў. Цікава, што грошы на яго будаўніцтва ў свой час ахвяравала бабуля Агінскага. Настаяцель Вішнеўскай царквы гасцінна запрасіў пазнаёміцца з храмам, у якім зроблены выдатны рамонт. У Ашмянах быў замкнёны будынак былой сінагогі, але ў краязнаўчым музеі даверліва прапанавалі ўзяць ключы, схадзіць туды самім. І так паўсюдна: гараджане і вяскоўцы ахвотна дзеляцца адметнымі фактамі, расказваюць легенды, раяць, што паглядзець. Незабыўную экскурсію правёў у музеі Францішка Багушэвіча ў Кушлянах яго загадчык, вялікі патрыёт малой радзімы Алесь Жамойцін. Назаўсёды запомніліся яго словы: «Трэба ўсведамляць, хто мы і адкуль мы!». Услед за ім Жанна, Ларыса і Алена гавораць: «Чым больш мы падарожнічаем, тым больш адчуваем сябе беларусамі і ганарымся гісторыяй свайго краю, яго таленавітымі людзьмі».

Фота: Аляксей ПЛАТКО.