02.10.2023 10:00

У калейдаскопе пачуццяў разам з выдатным майстрам

Разнастайныя ўражанні і светлыя пачуцці выклікалі ўнікальныя творы народнага майстра Беларусі, члена Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Людмілы Валковіч-Борыс у наведвальнікаў, якія прыйшлі ў Мінскі абласны краязнаўчы музей на адкрыццё яе персанальнай выставы.

На выставе «Калейдаскоп пачуццяў» прадстаўлены работы, выкананыя ў тэхніках выцінанкі і аплікацыі саломкай. Асаблівасць экспазіцыі ў арганічным спалучэнні гэтых двух відаў мастацтва. Аўтарскі почырк можна пазнаць па адметным стылі і незвычайных сюжэтах, пазітыўнай энергетыцы, высокапрафесійнай тэхніцы, глыбокім пранікненні ў беларускія нацыянальныя традыцыі.

З віншаваннямі да «віноўніцы ўрачыстасці» звярнулася дырэктар Мінскага абласнога краязнаўчага музея Алена Чарнецкая.

-- У музейных фондах захоўваецца адзінаццаць аўтарскіх твораў Людмілы Мікалаеўны. Яны выстаўляюцца не толькі ў нашай установе, але і іншых. Работы адлюстроўваюць сюжэты народных свят, кветкавыя і дэкаратыўныя кампазіцыі, храмы, архітэктуру, беларускую прыроду, разважанні на філасофскую тэматыку. Самыя цёплыя, трапяткія пачуцці напаўняюць сэрца, калі спыняешся ля кожнай з іх і спрабуеш асэнсаваць глыбіню закладзенага аўтарам сэнсу, -- адзначыла Алена Анатольеўна.

-- Ператварыць працу ў мастацтва -- гэта вельмі вялікі талент, -- лічыць кіраўнік секцыі «Выцінанка» Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Вольга Хачкова, якая павіншавала калегу са знакавай падзеяй у жыцці, пажадала доўгага і цікавага творчага шляху, далейшага раскрыцця шматграннага таленту, захавання лепшых нацыянальных традыцый і далучэння да іх моладзі.

Людміла Валковіч-Борыс працуе выкладчыкам Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага з 2003 года. У 2006-м яна ўзначаліла цыклавую камісію «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва». Перадае сваё майстэрства, дзеліцца прафесійнымі сакрэтамі з таленавітай моладдзю.

Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Рыгор Сарока, які шмат гадоў кіраваў каледжам, расказаў аб вытоках стварэння ва ўстанове аддзялення дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Для гэтага патрабавалася не толькі матэрыяльная база, але і творчы асяродак. У Маладзечне існуе моцная суполка мастакоў. Тут ёсць у каго вучыцца і каму перадаць свой талент.

Загадчык выканальніцкага аддзялення каледжа Вольга Кохан адзначыла здольнасць Людмілы Мікалаеўны ў створаных кампазіцыях перадаць эмацыянальны складальнік, своеасаблівую музыкальнасць, лірычнасць тэмы.
Невыпадкова ўзнікла ідэя стварэння сумеснага праекта двух таленавітых людзей Людмілы Валковіч-Борыс і Тамары Бярэзінай, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі. У зборнік «Саломкі залатое чараванне», прэзентацыя якога была прымеркавана да адкрыцця гэтай выставы, увайшлі работы ў тэхніцы саламянай аплікацыі і вершы да кожнай з іх.

-- З Людмілай мы пазнаёміліся яшчэ тады, калі я была настаўніцай, а яна вучаніцай Маладзечанскай сярэдняй школы №5, -- успамінае Тамара Бярэзіна. -- І з той пары для мяне гэта родная душа, блізкі па духу чалавек. Я ўважліва сачу за яе творчасцю, з радасцю чытаю ў мясцовай газеце пра поспехі. На прапанову Людмілы напісаць вершы да яе работ адгукнулася адразу. І раптам аказалася, што да большай часткі работ радкі ўжо ёсць. Лічу гэта сведчаннем таго, што мы крочым у адным кірунку.

Шмат добрых слоў выказалі майстру настаўнікі Маладзечанскай дзіцячай мастацкай школы мастацтваў. Як было трапна заўважана, вельмі важна, каб элементы народнай творчасці знаходзілі практычнае прымяненне, увасабленне ў штодзённым жыцці.

Прагучалі цёплыя словы ад калег і аднадумцаў Лізаветы і Наталлі Чырвонцавых. Шчырыя пачуцці выклікалі віншаванні Людміле Мікалаеўне ад бацькоў і дачушкі.

-- Гэта выстава -- своеасаблівае падвядзенне вынікаў маёй дзейнасці. Трыццаць гадоў я займаюся самастойнай творчасцю, -- сказала Людміла Валковіч-Борыс. -- У 1993 годзе ўступіла ў Беларускі саюз майстроў народнай творчасці. Вялікая ўдзячнасць за маё станаўленне народнаму майстру Беларусі, заснавальніцы Маладзечанскай школы выцінанкі Вікторыі Чырвонцавай. Для ўдасканалення сваёй дзейнасці мне раілі вылучыць адзін напрамак. І ўсе ж не змагла аддаць перавагу саломцы ці выцінанцы, прыгожым атрымліваецца і іх спалучэнне. Лічу сябе багатым чалавекам, бо мне пашанцавала з настаўнікамі, якія далі грунтоўныя веды, разам са мной бацькі, сябры, калегі. Вельмі прыемна што сёння прыйшло шмат навучэнцаў. Прызнаюся, раней не думала, што буду ладзіць такія персанальныя выставы, але неспадзяваныя мары ўвасобіліся ў рэчаіснасць. Таму хачу пажадаць усім: не стамляйцеся марыць, стаўце мэты і смела ідзіце да іх. Дзякуй адміністрацыі Мінскага абласнога краязнаўчага музея за дапамогу ў арганізацыі мерапрыемства. У музейных фондах захоўваюцца мае работы ў тэхніцы саламянай аплікацыі, цяпер у якасці падарунка хацела б пакінуць выцінанку. А якую менавіта -- музейныя супрацоўнікі выберуць самі з тых, што прадстаўлены на экспазіцыі. На памяць няхай застануцца і нядаўна выдадзеныя зборнікі.

Азнаёміцца з аўтарскімі работамі Людмілы Валковіч-Борыс у Мінскім абласным краязнаўчым музеі можна да 1 кастрычніка. І апынуцца ў калейдаскопе пачуццяў разам з выдатным майстрам.

Тэкст і фота: Людміла ЦАР.

Прочитано 1224 раз
Людміла Цар

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.