26.12.2022 14:50

Золата саломкі ў залатых руках

«Саломапляценне Беларусі: мастацтва, рамяство і ўменні» ўключана ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.

Ёлачныя цацкі з саломкі, якія стварыла Людміла Мікалаеўна разам са сваімі навучэнцамі, глядзяцца вельмі арыгінальна. Ёлачныя цацкі з саломкі, якія стварыла Людміла Мікалаеўна разам са сваімі навучэнцамі, глядзяцца вельмі арыгінальна.

Гэта радасная вестка прыляцела да нас у пачатку снежня з далёкага Марока, дзе прайшла 17-я сесія Міжурадавага камітэта па ахове нематэрыяльнай спадчыны (ЮНЕСКА). Нагадаем, для Беларусі гэта пяты элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва разам з абрадамі «Калядныя цары» і «Юр’еўскі карагод», Будслаўскім фэстам і традыцыямі бортніцтва.

У сусветным прызнанні беларускага саломапляцення ёсць уклад і маладзечанскіх творцаў. Сярод іх народны майстар Беларусі, старшыня цыклавой камісіі «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва» Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага Людміла Валковіч-Борыс.

Яна больш за 30 гадоў займаецца творчай дзейнасцю. «Канёк», творчая ніша Людмілы Мікалаеўны — саламяныя аплікацыі, якія можна беспамылкова пазнаць па адметным стылі і незвычайных сюжэтах, асаблівай энергетыцы, высокапрафесійнай тэхніцы, мностве дробных дэталяў, глыбокім пранікненні ў беларускія традыцыі, міфалогію, сімволіку. Серыя яе твораў, прысвечаных народным святам, захоўваецца ў Мінскім абласным краязнаўчым музеі. Шмат работ знаходзіцца ў прыватных калекцыях у ЗША, Англіі, Германіі, Нідэрландах, Японіі, Польшчы, Марока, Латвіі, Расіі. А сярод саламяных вырабаў беларускіх майстроў, адпраўленых у якасці прэзентацыйнага матэрыялу на 17-ю сесію ЮНЕСКА ў Марока, ёсць і дзве работы нашай зямлячкі.

Навагодняя ёлка з нацыянальным каларытам

Скончыліся заняткі, з’явілася вольная хвілінка — і Людміла Мікалаеўна дастала скрынку з цацкамі, каб упрыгожыць штучную навагоднюю ёлку. Усе да адной цацкі зроблены з саломкі выкладчыцай і яе навучэнцамі. Тут і верхавіна ў выглядзе анёлка, і званочкі, і мудрагелістыя падвескі, і выявы казачных герояў, жывёл. Вачэй не адарваць ад гэтай прыгажосці і вытанчанасці!

Гэтага анёлка стварыла выпускніца каледжа Маргарыта Рашчынская.

Як і ад пано на сценах, аб’ёмных фігур на паліцах, у шафах утульнага вучэбнага кабінета. Прыходзяць сюды першакурснікі і з першых заняткаў бачаць, да чаго ім трэба імкнуцца, пераконваюцца, якая ж яна шматгранная — наша беларуская саломка!

Не менш уражваюць экспанаты мастацкай галерэі каледжа, адкрытай у пачатку гэтага года. Тут выстаўлены лепшыя дыпломныя работы выпускнікоў розных гадоў, і вырабы з саломкі займаюць сярод іх пачэснае месца. Беларускія сімвалы — волат-зубр, бусел — як быццам асвечаны промнямі летняга сонца. Залатыя купалы цэркваў, вялізны вясельны куфар, упрыгожаны мудрагелістымі арнаментамі саламяных узораў, далікатныя капелюшы, іншыя галаўныя ўборы. А колькі аб’ёмных фігур жывёл, птушак і нават насякомых, што жывуць у нашай мясцовасці!

— Заўважце, толькі беларускія, ніякіх жырафаў, кракадзілаў і сланоў — я ў гэтым прынцыповая, — з усмешкай каменціруе Людміла Мікалаеўна.

У кожнай рабоце не толькі праца, уседлівасць, засвоеныя навыкі, але і палёт творчай фантазіі, арыгінальная ідэя — тое, што і называецца сапраўдным мастацтвам. Даць не сухія веды, а навучыць думаць творча, сумяшчаць розныя матэрыялы, тэхнікі, знайсці сваю нішу і ўласны стыль — такую задачу ставяць перад сабой загадчыца аддзялення і яе калегі. Радуе, што вельмі многія выпускнікі сказалі сваё адметнае слова ў саломапляценні. Сярод іх Маргарыта Рашчынская, Вольга Мешчаракова, Ганна Арцюшэўская, Таццяна Кісель, Таццяна Рынкевіч, сёлетняя выпускніца Вікторыя Кудаш, многія іншыя. У пераважнай большасці саломкай займаюцца дзяўчаты, аднак мая субяседніца ўспамінае цудоўную дыпломную работу выпускніка мастацкай школы Дзмітрыя Мароза. А ў каледжы саломапляценне ў свой час вывучаў Юрый Брылеўскі.

«Удзячная сваім настаўнікам»

— Я аднолькава захапляюся як саломкай, так і выцінанкай. Паспрабавала нават сумясціць гэтыя дзве тэхнікі ў некаторых сваіх работах, сярод якіх «Вяселле». Такія работы я называю «выцісаломка», — расказвае народны майстар.

Яе здольнасці яшчэ ў СШ №5 заўважыў вядомы ў нашым горадзе мастак Рыгор Мяжуеў, даў параду паступаць у дзіцячую мастацкую школу. Мая субяседніца ўспамінае, з якой радасцю і ахвотай па некалькі разоў на тыдзень ездзіла на заняткі з ускрайку горада, як цікава ёй было вучыцца. Адной з выкладчыц была народны майстар Беларусі Вікторыя Чырвонцава, якая захапіла творчую, старанную дзяўчынку саломкай і выцінанкай, дапамагала паверыць у сябе і выбраць прафесію па душы. Людміла вучылася на аддзяленні дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, яе выпуск быў першым у каледжы, а дыплом яна атрымала ў свой дзень нараджэння — 10 студзеня. Завочна закончыла факультэт народных рамёстваў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Спачатку працавала выкладчыкам у дзіцячай мастацкай школе мастацтваў, а з 2003 года выкладае выцінанку, аплікацыю з саломкі, саломапляценне, эксперыментальны тэкстыль на аддзяленні дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва музычнага каледжа. З 2006 года яна прызначана загадчыцай гэтага аддзялення, якое да яе ўзначальвала Вікторыя Чырвонцава.

Людміла Валковіч-Борыс на занятках з трэцякурсніцамі Вікторыяй Кудаш, Маргарытай Янецкай, Ганнай Берасневіч.

Мая субяседніца расказвае, што на ўсіх этапах прафесійнага росту адчувала падтрымку сваіх бацькоў, мужа, дачок, за што ім вельмі ўдзячная. Яе тата Мікалай Казіміравіч змайстраваў унікальныя інструменты для работы з саломкай. Гэты прыродны матэрыял хоць і даступны, танны, аднак патрабуе папярэдняй карпатлівай нарыхтоўкі, апрацоўкі. Калі летам не паклапоцішся, то ў магазіне ці інтэрнэце не купіш… Дарэчы, кожны навучэнец павінен нарыхтаваць ёмкі сноп, каб хапіла матэрыялу на ўвесь год. А сакрэты правільнай нарыхтоўкі саломкі таксама ўваходзяць у вучэбную праграму.

У сваіх аплікацыях Людміла Мікалаеўна выкарыстоўвае толькі натуральныя адценні саломкі, прынцыпова яе не фарбуе. Хіба што пракіпяціць іншы раз у лёгкім содавым растворы, каб зрабіць яшчэ больш залацістай, ці надасць карычневыя адценні, падпаліўшы прасам. Большасць яе аплікацый зроблена на чорным фоне — глыбокім, насычаным, які выдатна падкрэслівае адценні і пералівы нашага беларускага золата. Нельга не ўразіцца яе творамі, прысвечанымі беларускім народным святам, маладзечанскім праваслаўным храмам, многімі іншымі. Народны майстар прызнаецца, што не любіць рабіць копіі, хаця іншы раз і даводзіцца.

Царква Нараджэння Хрыстова на пано Людмілы Валковіч-Борыс «Ражство».

«Для беларусаў гэта не проста рамяство, а само жыццё»

— Людміла Мікалаеўна, чаму, на ваш погляд, менавіта беларускае саломапляценне стала каштоўнасцю для ўсяго чалавецтва? Гэты ж від рамяства распаўсюджаны і ў іншых краінах…

— Для беларусаў саломапляценне не проста рамяство. Для нас гэта само жыццё: у нас шмат палёў, на якіх расце збажына, а саломка — такі даступны, такі падатлівы прыродны матэрыял. Гэта адлюстраванне нашых духоўных каштоўнасцей, наша спадчына, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне, жыве і паднімаецца на новыя вышыні. У Беларусі выдатная школа саломапляцення, шмат таленавітых майстроў, творы якіх адрозніваюцца арыгінальнасцю і разнастайнасцю ідэй, не маюць аналагаў у свеце.

Хочаце ў гэтым пераканацца асабіста? Наведайце мастацкую галерэю музычнага каледжа, пабывайце на выстаўках, якія перыядычна ладзяцца ў горадзе. Вы абавязкова адчуеце гордасць за нашых майстроў і, магчыма, па-новаму адкрыеце для сябе старадаўняе беларускае рамяство, якое атрымала высокае прызнанне на ўсёй планеце.

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: АЎТАР, архіў Людмілы ВАЛКОВІЧ-БОРЫС.

Прочитано 1365 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.