14.11.2022 15:08

Аляксандр Ясюкевіч: «Кожны бачыць прыгажосць па-свойму»

— Дзе ў вашай вёсцы каваль жыве? — спыталася ў першага сустрэчнага ў цэнтры Яхімоўшчыны.

— Вунь у тым двухпавярховым доме з высокімі комінамі, — адказаў, не задумваючыся, мужчына.

Аляксандр Ясюкевіч: «Кожны бачыць прыгажосць па-свойму» "Маладзечанская газета"

Відаць, кожны тут ведае Аляксандра Ясюкевіча, адзінага каваля на ўсё наваколле.

Калі прайшла колькі крокаў па вуліцы, заўважыла каваныя вароты і брамку — візітку майстра.

А ў двары мяне сустрэў ён сам. Даўно чула пра майстэрства Аляксандра Вячаслававіча, і вось напярэдадні Дня каваля пашчасціла пазнаёміцца з ім.

Бегаў у кузню да Ждановіча

— Цяга да жалеза ў мяне з дзяцінства. У класе чацвёртым бегаў у калгасную кузню, што стаяла на гары, дзе цяпер кацельня, — дзеліцца ўспамінамі мой субяседнік. — Там Мікалай Ждановіч працаваў. Ён даваў мне жалеза папсаваць, пры гэтым сачыў, каб я рукі не папаліў.

— І ў такім узросце ўжо нейкія рэчы кавалі?

— Ну, хіба прабой да дзвярэй мне давяралі скляпаць, — адказвае з усмешкай.

— Напэўна, вы маляваць любіце? — пацікавілася я, разглядаючы мудрагелістыя завітушкі на кветачніцах, ліхтарах, ажурным навесе над ганкам.

— У школе цярпець не мог урокі малявання, ды і цяпер без усялякіх малюнкаў і чарцяжоў працую, усё трымаю ў галаве, — адказвае мой субяседнік.

Гаворыць і пра тое, што спецыяльна кавальскай справе нідзе не вучыўся, усе сакрэты спасцігаў сам на практыцы. Доўгі час працаваў у будаўніцтве, але гадоў 20 таму вырашыў заняцца справай, да якой заўсёды цягнулася душа. Аформіў рамесніцтва, выконваў заказы, самымі распаўсюджанымі сярод якіх былі казыркі над ганкам, вароты, брамкі, кветачніцы. Ніводны з соцень вырабаў не паўтарыўся, кожны — ручная аўтарская работа. Цяпер рамесніцтвам не займаецца, працуе ў кузні толькі для патрэб сваёй сям’і.

Пушка, якая страляе петардамі

— Шкада, што не фатаграфавалі ранейшыя вырабы, такі б альбом атрымаўся! – падключаецца да размовы жонка Аляксандра Вячаслававіча Ніна Уладзіміраўна, з якой ён 42 гады ідзе разам па жыцці.

У іх тры цудоўныя дачкі Юлія, Алеся, Святлана і васьмёра ўнукаў. У гонар кожнага дзіцяці і ўнука пасадзілі бярозкі, якія ўтульна ахінаюць сядзібу з розных бакоў.

А ў двары якіх толькі дзівосаў няма! Ганак упрыгожвае ажурны казырок, перад уваходам — кветачніцы, крыху далей — ліхтарыкі. Ля арэляў — стол, зроблены з вялікага каменю з-пад жорнаў. Колькі гадоў таму гаспадар склаў каменную печ тандыр. Побач — прасторная альтанка, упрыгожаная каванымі элементамі. Але мяне найбольш здзівіла… пушка, якая па святах страляе петардамі на радасць унукам.

Каваль паказаў сваю кузню, расказаў, што раней жалеза расплаўляў пры дапамозе вугалю, цяпер карыстаецца газавым балонам.

— Награваю метал да белага колеру, аднак важна не пера-трымаць, інакш яно загарыцца, пачне іскрыцца, як бенгальскі агонь, — тлумачыць майстар.

Ён сам зрабіў розныя станкі, прыстасаванні, якія дапамагаюць падпарадкоўваць метал сваім фантазіям — скручваць, пераплятаць, ператвараць у пялёсткі кветак…

— Кожны па-свойму бачыць прыгажосць. Некаторыя кавалі любяць строгія геаметрычныя формы, напрыклад, ромбы, а мне падабаюцца раслінныя арнаменты, плаўныя лініі, што перацякаюць адна ў адну, пераплятаюцца, уюцца, — дзеліцца майстар.

Акрамя кузні ён абсталяваў прасторную майстэрню, у якой уздоўж сцен стварыў уласны музей старадаўніх рэчаў. Адных толькі сякер я налічыла пятнаццаць. Самая старажытная — з XVIII стагоддзя. Ёсць тут і сякера, з якой вярнуўся з вайны дзед Аляксандра Вячаслававіча.

— Не магу прайсці міма даўніны. Латунны самавар з медалямі розных выставак купіў на базары. А некаторыя рэчы ледзь не пад нагамі падбіраю, як, напрыклад, вялізны камень ад жорнаў ці драўляныя, жалезныя вагі…

На вялікім вымпелы акуратна размешчаны значкі, юбілейныя медалі савецкай эпохі. Сярод іх узнагароды яго маці Юзэфы Іосіфаўны Гурыновіч, якая ўсё жыццё працавала на мясцовай ферме даяркай, была адзначана высокім званнем «Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі БССР».

Люлькі для ўнукаў — сямейная рэліквія

Аляксандр Вячаслававіч шмат працы ўклаў у бацькоўскі дом, разам з жонкай адрамантавалі яго, надбудавалі другі паверх. У гасцінай гаспадар склаў камін, вывеў на страху высокія незвычайнай формы коміны з чырвонай цэглы польскіх часоў.

Не менш уражвае каваная мэбля ва ўтульным доме Ясюкевічаў. На кухні — стол і крэслы, якія спачатку былі цёмнымі, але іх пафарбавалі ў белы колер, яны глядзяцца вельмі прыгожа і па-сучаснаму. У спальні — каваны ложак, у гасцінай — камін, крэсла, арыгінальная канапа на жалезных ножках. Падсвечнікі, кветачніцы — усе гэтыя дэталі інтэр’ера аб’ядноў-ваюцца ў адзіны ансамбль і надаюць дому непаўторны каларыт, арыгінальнасць.
Ніна Уладзіміраўна расказала, што муж шмат чаго зрабіў і для сем’яў дачок. Напрыклад, выкаваў чатыры люлькі, у якіх па чарзе гадаваліся ўнукі. Гэта сямейная рэліквія, якая будзе перадавацца з пакалення ў пакаленне. Калі ўнукі падраслі, змайстраваў двух’ярусны ложак. Цяпер адной з дачок выкоў-вае ажурную агароджу для балкона.

— З 12 квадратаў яна будзе складацца, — дзеліцца каваль. — Работа вялікая, але калі яна падабаецца, то і стомы не адчуваеш…

Тэкст і фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.

Прочитано 1120 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.