24.06.2022 15:06

Якія беларускія творы, аўтары або выканаўцы вам найбольш падабаюцца?

Пра гэта мы спыталіся ва ўдзельнікаў і гасцей ХХІ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2022».

В качестве иллюстрации. В качестве иллюстрации.

Ганна КНЯЗЕВА, удзельніца гуртка народнай творчасці аграгарадка Баравіцы Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці:


— Сучаснае беларускае мастацтва бярэ пачатак з народнай творчасці. Фальклор — аснова нашых культурных традыцый. Вельмі люблю народную музыку, песні і танцы. Лічу, што традыцыйную культуру трэба папулярызаваць. Мне падабаюцца ўсе выканаўцы, якія ў сваёй творчасці абапіраюцца на народныя традыцыі.

Вольга ШУРПАЧ, навуковы супрацоўнік Гомельскага палацава-паркавага ансамбля Румянцавых і Паскевічаў:


— Люблю беларускую літаратуру. Асабліва падабаюцца раманы «Каласы пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча і «Сэрца на далоні» Івана Шамякіна. Са старажытных твораў вельмі цікавая паэма Міколы Гусоўскага «Песня пра зубра». Павучальна чытаць каментарыі Францыска Скарыны. Увогуле, беларуская класічная літаратура напісана сакавітай мовай, мае яркія вобразы. Гэта творы сусветнага ўзроўню.

Мікалай СВЕЧКАРОЎ, жыхар Мядзельскага раёна, народны майстар:


— Падабаюцца творы Янкі Купалы, Якуба Коласа. Вялікае ўражанне пакідае ваенная проза Васіля Быкава. Яшчэ люблю беларускі вакальна-інструментальны ансамбль «Песняры». Песні Уладзіміра Мулявіна кранаюць душу, ствараюць адпаведны настрой. Калі ёсць магчымасць, заўсёды іх слухаю.

Надзея АСАДНІК,работнік Вілейскага раённага Дома рамёстваў:


— Беларускую літаратуру палюбіла яшчэ са школы. Запомніўся раман Івана Мележа «Людзі на балоце». Вялікае ўражанне пакінула аповесць Васіля Быкава «Знак бяды». Выдатна, што цікавасць да роднага слова перадаецца маладому пакаленню. Так прывіваецца любоў да Радзімы, выхоўваецца патрыятызм.

Таццяна МАРТЫНЧЫК, спецыяліст Чэрвеньскага раённага цэнтра культуры і адпачынку:


— Атрымліваю вялікае задавальненне, калі слухаю запісы песень у выкананні дуэта Ядвігі Паплаўскай і Аляксандра Ціхановіча. Падабаюцца музычныя творы на словы Янкі Купалы, Максіма Багдановіча. Прыемнае ўражанне пакінулі ВІА «Сябры» і «Верасы». Беларуская мова такая мілагучная, што сама кладзецца на музыку.

Міхаіл МАЦЫГОРА, жыхар Любанскага раёна:



— Падабаецца творчасць пісьменнікаў, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Толькі той, хто сам перажыў ваеннае ліхалецце, можа так пранікліва і ярка апісаць тыя падзеі. Іх творы – сапраўдны падручнік жыцця, энцыклапедыя мужнасці.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.

Прочитано 549 раз
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.