Ідэя вечарыны «Залатыя паліцы нашай маладосці» належыць бібліятэкару Раісе Давідовіч – аўтару многіх цікавых праектаў. Калегі дапамаглі ўвасобіць ідэю ў жыццё, разам стваралі ў канферэнц-зале бібліятэкі «Верасок» антураж эпохі 60-х – незабыўнага часу, калі краіна залячыла ваенныя раны, паляцеў у космас Юрый Гагарын, асвойваліся цалінныя землі, наступіла хрушчоўская адліга, якая вылілася ў дэмакратычныя ідэі ў літаратуры, мастацтве, грамадскім жыцці. Бібліятэкарам удалося хаця б ненадоўга перанесці ў савецкі час сваіх гасцей – самых верных чытачоў, сапраўдных сяброў храма кнігі. Старадаўні самавар з нізкай абаранкаў, ільняныя абрусы на сталах, упрыгожаных букецікамі ландышаў, духмяная гарбата на травах, да якой гасцінныя бібліятэкары прапанавалі дамашнія хрушчы і пірагі, цукеркі падушачкі – раскоша пасляваенных гадоў…
Атмасфера была б няпоўнай без песень, якія спявала ўся краіна, многія з якіх гучаць і сёння: «На тот большак, на перекресток…», «Что так сердце растревожено», «На безымянной высоте» і іншых. Іх выконвалі ўдзельнікі клуба «Адпачынак» Аліна Брыль, Ніна Падцялежнікава, Аляксандр Хазянін, Уладзімір Маркелаў пад віртуозны акампанемент на баяне Авяніра Дудко. Прыемна было назіраць за маладымі вядучымі-бібліятэкарамі Алесяй Генбура і Наталляй Кісель, якія настолькі прасякнуліся атмасферай часу маладосці сваіх бабуль, што і ўборы сабе падабралі адпаведныя: спаднічкі ў зборку за калена, белыя блузкі, туфлі-лодачкі. Дзяўчаты акрэслілі літаратурныя тэндэнцыі эпохі 60-х, прадставілі гасцей, якія расказвалі пра свае любімыя кнігі так захапляльна і «апетытна», што многія перапытвалі, запісвалі аўтараў і назвы, перад адыходам прасілі іх на абанеменце. Для былога бухгалтара Зоі Арловай — старэйшай чытачкі, якой у лістападзе споўніцца 90 гадоў, любімай стала кніга Васілія Аксёнава «Калегі», прысвечаная працоўным будням савецкай моладзі. Педагог Іна Ларына прыгадала словы галоўнага героя кнігі Юрыя Германа «Справа, якой ты служыш» Валодзі Усціменкі: «Калі ты хочаш, каб жыццё тваё адбылося – у цябе павінна быць справа, якой ты служыш, і ты будзеш патрэбен людзям». У Аляксандра Савянка чытацкі стаж з 1957 года, а любімы яго аўтар – Юрый Бондараў. «Чытаю ваенныя творы, і слёз не магу стрымаць, стаўлю сябе на месца тых салдат і афіцэраў, якія кожную хвіліну рызыкавалі жыццём, разважаю, што б зрабіў на іх месцы», — дзяліўся Аляксандр Афанасьевіч. А яшчэ ён сказаў, што вельмі любіць байкі Івана Крылова: «Супастаўляю іх з сённяшнім жыццём і разумею, што яны абсалютна не ўстарэлі…».
«Як вы думаеце, аб чым да поўначы магла спрачацца маладая сельская інтэлігенцыя? Аб новай кнізе Івана Шамякіна «Сэрца на далоні» — заінтрыгавала ўсіх вялікая аматарка беларускай літаратуры Тэрэса Шукіна. Успамінала, як у 1966 годзе яна, будучы аграном, прыехала на практыку у адну з гаспадарак. Вёскі на той час былі поўныя моладзі, якая не адставала ад літаратурных навінак, імкнулася ўсё спасцігнуць, шмат чаму навучыцца. Тэрэса Станіславаўна прынесла свае пасведчанні – камбайнера, трактарыста, парашутыста, свой партрэт у маладосці і шчыра дзякавала бібліятэкарам, што хаця б ненадоўга далі магчымасць вярнуцца ў тыя шчаслівыя і незабыўныя гады.
«Чым больш я чытаю, спасцігаю, тым больш разумею, як многа на свеце прайшло міма нас!» — гаварыла Зінаіда Булгак, разважаючы аб замежнай літаратуры, якая якраз у 60-я пачала масава выдавацца ў СССР, бо прыадчынілася «жалезная заслона». Успамінала, як па начах стаяла ў чарзе на падпісныя выданні, адчувала сябе на сёмым небе ад шчасця, калі ўдалося падпісацца на васьмітомнік Джэка Лондана. Перачытала і 12 тамоў Дзікенса: «Я на ўсё жыццё ўдзячная гэтаму пісьменніку за тое, што ён зрабіў з маёй душой, дапамог зразумець: жыццё не бывае толькі чорна-белым, у ім ёсць месца іншым колерам». Але з найбольшым імпэтам Зінаіда Юльянаўна расказвала пра творчасць Рэя Брэдберы, дала параду прачытаць «Вино из одуванчиков»: «У гэтай кнізе велізарны зарад чалавечнасці, таго, што мы страчваем, развітаўшыся з дзяцінствам».
Новы імпульс і жаданне развівацца, адкрываць для сябе новых аўтараў, перачытаць любімыя творы атрымалі ўсе, хто прыйшоў на вечарыну. Гэта адно з тых мерапрыемстваў, у якое ўкладзена шмат душы, і таму яно запомніцца надоўга. А ў арганізатараў ёсць задума прадоўжыць такія рэтра-сустрэчы: наперадзе чакаюць 70-я, 80-я, 90-я гады…
Фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.