06.08.2021 14:27

Вользін хутарок на ўскрайку Груздава

Кажуць, жыццё не пражытае дарэмна, калі чалавек пасадзіў хаця б адно дрэва. А Вольга Александровіч з Груздава вырасціла вакол свайго дома цэлы бярозавы гай і дубовую алею…

Вольга Александровіч з Груздава Вольга Александровіч з Груздава "Маладзечанская газета"

Грыбы ў гаёчку ля хаты

— Мая хата паводдаль ад вёскі, вятры навокал гуляюць. Бывала, што буры і шкоду наносілі. Вось я і вырашыла сваю сядзібу дрэвамі акружыць, каб зацішней было. Злева бярозак насадзіла, уздоўж дома ад вуліцы – больш за дзесяць дубоў. А справа ў мяне ельнік, — пагладжваючы зялёныя пухнатыя лапкі, расказвае Вольга Мікалаеўна. – Ехала на веласіпедзе з Цюрлёў па палявой дарозе, убачыла вырытыя ў час будаўнічых работ елачкі, шкада іх стала. Падабрала, пасадзіла — і яны прыжыліся. У мяне ўжо і грыбы свае растуць – падбярозавікі, паддубнікі, курачкі. А вось баравікі не хочуць, колькі ні старалася іх тут «пасяліць»…

 

Любоў да прыроды, да дрэў ёй перадалася ад дзеда Вікенція Дурко. Ён жыў на Валожыншчыне, на хутары Алёкса, дзе прайшло дзяцінства Вольгі.

— Нас усіх «Алёксавымі» звалі, — успамінае жанчына. — Зямля там была камяністай, дзед засадзіў яе дрэвамі – цэлы лес вырасціў. І я, як дзед, на ўскрайку вёскі жыву на хутары і свой лес саджу.

— Няўжо вам ніколі ў горад не хацелася? – не ўтрымалася я, каб не спытацца.

— Не, не маё гэта! Пасля школы паступіла ў Мінск на повара-кандытара, ужо і выклік на вучобу атрымала. Але дзед з бабуляй на два галасы пачалі прычытаць: «Волечка, а хто ж нас дагледзіць?».

 

Выдойвала ўручную па 30 кароў

Не змагла адарвацца ад іх, ад дзедавага лесу. Засталася, да-гледзела і дзеда з бабуляй, і матулю, калі тая састарэла. Пайшла працаваць на ферму. Быў 1968 год, кароў тады даілі ўручную, у вялізных кашах разносілі ім кармы. Тытанічная праца, як толькі вытрымлівалі рукі выдаіць тры разы на дзень па 30 кароў… У 1970-я гады перайшлі на апаратнае даенне, але нярэдка здаралася, што электрычнасць адключалі, і даяркі зноў пераходзілі на ручную дойку. На змену кошыкам для кармоў прыйшлі тачкі, ды толькі на іх развозіць сілас ды буракі было нялёгка — колы чапляліся за парогі.

— Я вельмі любіла сваю работу, хоць яна і нялёгкая. Відаць, яна мне Богам дадзена, — прызнаецца мая субяседніца. – Ведаеце, цяпер калі бачу, як на машыне на бойню вязуць жывёлу, нешта ў душы сціскаецца, слёзы на вочы наварочваюцца…

37 гадоў адпрацавала на ферме Вольга Мікалаеўна. Спачатку на Валожыншчыне, затым у Груздаве, дзе ў канцы 1990-х купіла дом. Трымала вялікую падсобную гаспадарку, нават па тры каровы мела. Трэба было выжываць, карміць дзяцей. Так склаўся лёс, што ёй адной давялося гадаваць дачку і траіх сыноў. Дзеці дапамагалі матулі, выраслі працавітымі, добрымі. Віктар – будаўнік, жыве ў Валожыне. Іван – вадзіцель-дальнабойшчык, Таццяна – швачка, яны ўладкаваліся ў Маладзечне. На вялікі жаль, Міхаіл трагічна загінуў у 24 гады, і гэта вечны мацярынскі боль, яе нявыплаканыя слёзы…

 

Будзе зімой цёпла

Тэрыторыя вакол дома вялікая, значная яе частка адведзена пад бульбу, агарод. «Вось ужо выбрала часнок: сёлета галоўкі з-за засухі меншыя, а летась з кулак былі», — паказвае Вольга Мікалаеўна «букеты» з часнаку. Градкі з капустай, цыбуляй, буракамі, дзве цяпліцы… Гаспадыня любіць, каб усё было сваё. Яна недаўмявае, як можна нешта з чужых рук купляць.

Жанчына выдатна ведае навакольныя лясы, яна заўзятая ягадніца і грыбніца. Сёлета чарніцы не ўрадзілі, але яна ўсё роўна ўмудраецца іх назбіраць для дзяцей і ўнукаў.
Разам з дзецьмі Вольга Мікалаеўна адмыслова добраўпарадкуе свой дом. Гэтым летам паставілі электракацёл, бо прыродны газ да сядзібы падвесці немагчыма. Сыны ўстанавілі, правялі батарэі. Дастаткова толькі кнопку націснуць — і цяпло будзе паступаць, не трэба вазіцца з дрывамі. Ёсць у доме сучасны санвузел з душавой кабінай, бойлер – усе гарадскія выгоды. Нядаўна сыны зрабілі рамонт у зале, дзе цяпер новыя столь, шпалеры, падлога.

Нельга не звярнуць увагу і на ўтульную тэрасу перад домам з аранжавым празрыстым дахам, якую таксама пабудавалі сыны. Падлога вымашчана тратуарнай пліткай, якую Вольга Мікалаеўна на спецыяльным прыстасаванні адлівала сама.

— Люблю тут вечарком пасядзець, адпачыць. Сонейка заходзіць, паветра свежае – прыгажосць! — гаворыць мая субяседніца.

А на карцінах – ружы…

— А чым зімой займаецеся, калі на падворку работы менш?

 

— Вышываю! І пано з саломкі раблю, — адказвае жанчына.

У абноўленай зале Вольга Мікалаеўна яшчэ не паспела развесіць свае карціны. На іх розныя кветкі: ружы, макі, цюльпаны. А побач з імі партрэты любімых дзяцей, унукаў – дружная сям’я цудоўнай жанчыны, вялікай працаўніцы і жыццялюбкі, якая, нягледзячы на цяжкасці, робіць жыццё вакол сябе больш прыгожым і ўмее радавацца кожнаму дрэўцу, кожнай кветачцы…

Тэкст і фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.

Прочитано 601 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.