04.08.2021 14:23

Творчасць і майстэрства Генадзія Унукава

Сваю юбілейную дату майстар лозапляцення Генадзій Унукаў адзначаў не толькі ў сямейным коле, але і разам з калегамі па творчасці.

Майстар умее ствараць прыгажосць Майстар умее ствараць прыгажосць

Не адзін дзясятак гадоў Генадзій Андрыянавіч займаецца лозапляценнем, не адзін дзясятак вучняў перанялі ў яго сакрэты майстэрства, пятнаццаць з іх сталі членамі Беларускага саюза майстроў народнай творчасці.

— Мы рады вітаць усіх прысутных у Палацы культуры на персанальнай выставе майстра лозапляцення, члена Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, заснавальніка народнага аматарскага калектыву «Вербачка» Генадзія Унукава. Прымеркавана выстава да 85-годдзя майстра, — такімі словамі вядучая Анастасія Шустоўская пачала вечарыну.

Слова ўзялі намеснік дырэктара па арганізацыйна-масавай рабоце Палаца культуры Галіна Акулёнак, вучаніца Генадзія Унукава Лана Сласцён, якая цяпер узначальвае «Вербачку» і працягвае традыцыі настаўніка, дырэктар Мінскага абласнога краязнаўчага музея Алена Чарнецкая. Павіншавалі юбіляра кіраўнікі клубнага аб’яднання «Майстар» Людміла Хрол і духоўна-патрыятычнага аб’яднання «Светач» Ларыса Сысун. Узнёслыя словы адрасаваліся шчыраму чалавеку, які адражае старажытнае рамяство, стварае сапраўдныя творы мастацтва, стараецца жыць у згодзе з сабой і людзьмі, у гармоніі з Сусветам.

Кожны раз, сустракаючыся з Генадзіем Андрыянавічам, звяртаю ўвагу на яго прамяністую ўсмешку. Ён заўсёды падтрымае размову, раскажа пра сябе і сваё захапленне. Такая шчырасць прыцягвае людзей. Прыхільнікі прыйшлі да яго ў творчае аб’яднанне, знаёміліся, наладжвалі стасункі, адкрывалі для сябе свет мастацтва. Але і дысцыпліну Генадзій Унукаў падтрымліваў. Сам ён з кадравых ваенных, служыў у розных гарнізонах былога Савецкага Саюза. Кіраўніком гуртка стаў на пенсіі — сядзець без справы зусім не прывык. Тады распачаўся новы этап яго жыцця — творчы.

 

Генадзій Унукаў з удзельнікамі адкрыцця яго персанальнай выставы ў Палацы культуры.

 

На адкрыцці выставы адзначаліся каларыстыка і стыль работ Генадзія Андрыянавіча, якога называюць заснавальнікам школы лозапляцення ў Маладзечне. Аматарскі калектыў «Вербачка» ўдзельнічаў у шматлікіх конкурсах, фестывалях і святах, у тым ліку Міжнародным фестывалі мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», Нацыянальным фестывалі беларускай песні і паэзіі «Маладзечна», рэспубліканскім фестывалі-кірмашы народных мастацкіх рамёстваў «Вясновы букет», выставах сучаснага народнага мастацтва «Калядныя ўзоры», свяце «Александрыя збірае сяброў», фестывалі нацыянальных культур…

Аб творчай дзейнасці калектыву неаднаразова расказвалі абласныя і раённыя газеты. Генадзій Андрыянавіч і ўдзельнікі «Вербачкі» сталі героямі тэлевізійнага праекта «Майстэрства і фантазія» на мясцовым тэлебачанні. Сёлета на тэлеканале «Беларусь 1» быў паказаны рэпартаж аб творчай дзейнасці маладзечанскіх майстроў лозапляцення. Вялікай папулярнасцю карыстаецца анлайн-праект «Школа майстэрства» і анлайн майстар-класы Генадзія Андрыянавіча «Сакрэты майстра».

Людміла ЦАР.

Фота: Яўгеній СТЭЛЬМАХ.

Прочитано 347 раз Последнее изменение 04.08.2021 14:23
Людміла Цар

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.