Новости Молодечно и Молодечненского района

«Хутарок» сярод вёскі»

  • 2020-09-28 05:21:05
  • Анжаліка Крупянькова

Іх дом знаходзіцца на ўскрайку вёскі, а ўласная сажалка, ніцыя вербы над ёю, вялікі газон з дрэвамі і кустамі ствараюць уражанне адасобленасці, ператвараюць тэрыторыю ў райскі куточак.

Уладзімір Уладзіміравіч – карэнны жыхар, на гэтым участку жылі яго бацькі, дзяды. Праўда, дома, у якім ён вырас, ужо няма. Рындзевічы пабудавалі абсалютна новы: сучасны, з вялікай і ўтульнай кухняй-гасцёўняй, з усімі гарадскімі выгодамі.

— Без дапамогі нашых сыноў Дзмітрыя і Аляксандра, нявестак Вольгі і Алёны, якія для нас, нібы родныя дочкі, унукаў Арцёма, Уладзіслава, Аліны, Лідзіі мы не справіліся б. Сыны займаюцца бізнесам, як толькі сталі на ногі, вырашылі найперш адбудаваць бацькоўскі дом, — з любоўю гавораць аб сваіх дзецях і ўнуках гаспадары.

Дарэчы, летась Рындзевічы адзначылі 50-годдзе сумеснага жыцця. Цікава, што распісваліся яны ў Палачанскім сельскім Савеце 31 снежня 1969 года. Такім чынам, кожны Новы год для іх — чарговы дзень нара-джэння сям’і. Крысціна, ура-джэнка суседніх Палачан, вучылася на той час на першым курсе педінстытута, выкладала рускую мову і літаратуру ў Гарадзі-лаўскай сярэдняй школе. Яна прыгадвае, што ў 70-я гады мінулага стагоддзя класы былі вельмі вялікія – больш за 40 чалавек. Нават цяжка ўявіць, колькі сшыткаў даводзілася насіць маладой настаўніцы дамоў на праверку…

Уладзімір працаваў вадзіцелем, за доўгую працоўную бія-графію змяніў некалькі арганізацый. Ад «Сельгасхіміі» быў камандзіраваны на ліквідацыю наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, праводзіў
дэзынфекцыю палёў у Хойніцкім раёне. Увогуле правёў там некалькі месяцаў, і гэта, на жаль, адбілася на здароўі. Але жыццёвы аптымізм, працавітасць, любімая сям’я, уласцівае яму пачуццё гумару дапамагаюць пераадольваць усе нягоды, радавацца жыццю. І ўтрымліваць сваю сядзібу ў адмысловым парадку. У свой час ён сам сабраў грузавічок, які быў добрай дапамогай у будаўнічых работах. Цяпер любіць бавіць час за сталярным станком, стварае з дрэва розныя патрэбныя ў гаспадарцы рэчы – крэслы, палічкі, рамкі для фота, днушкі, качалкі.

У сажалцы водзяцца ракі

Мы папрасілі гаспадароў правесці экскурсію па тэрыторыі. Пачалі з сажалкі, у люстраную гладзь якой глядзяцца вербы.

— І ў маім дзяцінстве тут сажалка была, а вакол яе – балота, няўдобіца. Калі вада вясной разлівалася, немагчыма было прайсці, — успамінае Уладзімір Уладзіміравіч. – Калі ж пабудавалі торфабрыкетны завод, пачалося асушванне зямель, наша сажалка высахла. Па-новаму мы яе выкапалі ў 2003 годзе. З берагу яна неглыбокая, каб і дзеці маглі купацца, а ў цэнтры метры чатыры будзе. Вада халодная, невялічкія крынічкі ёсць. Рыбы ў ёй шмат – карпы, карасі, можна на беразе з вудачкай пасядзець. І ракі водзяцца, значыць, вада вельмі чыстая.

Вербам па-над сажалкай 15 гадоў, хаця за гэты час яны так выраслі, што здаецца, яны былі тут заўсёды. Ідэальна падстры-жаны зялёны газон упрыгожваюць шмат дрэў, сярод якіх і звыклыя нам, і экзатычныя. Блакітныя елкі, сасна ў выглядзе шара, ядловец, некалькі відаў туй, дуб-прыгажун, клён-самасейка… Непадалёк ад іх прыжыліся і добра сябе адчуваюць бамбук, барбарыс. Ля елак мы ўбачылі некалькі белых капялюшыкаў шампіньёнаў.

— Магчыма, вы іх вырошчваеце?

— Спецыяльна не, але рэшткі грыбоў высыпаем пад елкі, — не здзіўляюцца грыбам руплівыя гаспадары.
Як і ўсе вяскоўцы, яны са-дзяць агарод, бульбу. Але іх палеткі схаваныя за домам, на заднім двары. Побач у садзе даспяваюць яблыкі, ігрушы, слівы, вінаград…

Упрыгожваюць тэрыторыю перад домам з густам аформленыя кампазіцыі кустоў, валуноў і больш дробных камянёў. Уся гэта прыгажосць – вынік карпатлівай працы. Гаспадар гаворыць, што аднаго толькі цэменту для фундамента агароджы давялося 12 тон прывезці… А колькі намаганняў і душы ўкладвае Крысціна Іванаўна ў вырошчванне агарод-ніны, кветак, якія з ранняй вясны да позняй восені радуюць вока сваімі фарбамі і разнастайнасцю. З любоўю гаворыць, што дапамагаюць ёй нявесткі, якіх нязменна называе дочкамі.

Ля дома прасторная ажурная альтанка, летняя гасцёўня з адмысловымі сталамі і лаўкамі, за якімі лёгка размесціцца чалавек дваццаць. Госці здараюцца часта, дзеці, унукі любяць прыязджаць на свой «хутарок», нярэдка і сяброў прывозяць. І гэта не дзіўна: усё тут спрыяе адпачынку, радуе вока, супакойвае, настройвае на мажорны лад.

— Вельмі люблю назіраць, як промні сонца на захадзе купаюцца ў нашай сажалцы, — гаворыць Крысціна Іванаўна.

На мой погляд, у гэтым і за-ключаецца простае чалавечае шчасце: жыць на сваёй роднай зямельцы ў любові і згодзе з роднымі людзьмі, у гармоніі з прыродай, мець добрую сям’ю, быць сябрамі і аднадумцамі з дзецьмі і ўнукамі, якія з радасцю і жаданнем едуць да бацькоў у сваё радавое гняздо.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.