Выстаўка вырабаў гэтай жанчыны ў час свята ўпрыгожыла падвор’е сельгаспрадпрыемства «Беразіна-аграпрадукт», дзе яна працуе вартаўніком на мехдвары.
Цікава, што нарадзілася і вырасла Марына ў Мінску. З дзяцінства ведае Пятроўшчыну, часта адпачывала непадалёк у піянерскім лагеры «Брыганціна». Узрадавалася, калі ў маладосці з’явілася магчымасць летам уладкавацца ў яго выхавальнікам. Там і пазнаёмілася з пятроўшчынскім хлопцам Віктарам Дараховічам, які працаваў экспедытарам…
Пачыналі сямейнае жыццё ў сталіцы, затым купілі дом на хутары кіламетры за тры ад Пятроўшчыны. У іх трое дзяцей – дочкі Ірына і Кацярына, сын Віталій. Маюць ужо і ўнукаў Максіма і Мікіту, якія любяць гасціць у дзядулі з бабуляй. Ім тут раздолле: лес, луг — прырода вельмі прыгожая.
— Не шкадуеце, што змянілі сталіцу на хутар? – пытаюся ў Марыны Паўлаўны.
— Ніколькі! За 25 гадоў настолькі да сельскага жыцця прывыкла, што ў Мінску пару гадзін пабуду — і хочацца дадому. У сталіцы, дарэчы, жывуць мая мама і старэйшая дачка з сям’ёй.
Віктар Уладзіміравіч шмат гадоў працуе ў сельгасгаспадарцы механізатарам, на перыяд жніва перасаджваецца за штурвал камбайна. Два апошнія гады яго памочнікам быў сын Віталій, навучэнец тэхнічнага каледжа, будучы зваршчык.
Клопатаў у вясковых жыхароў шмат – вялікая гаспадарка, агарод. Аднак калі ёсць захапленне, час на яго абавязкова знойдзецца.
Вязаць пруткамі Марыну яшчэ ў дзяцінстве навучыла мама Тамара Васільеўна. А вось кручок асвоіла сама гады тры таму. Убачыла ў інтэрнэце вязаныя цацкі — і загарэлася, пачала сама спрабаваць. Узоры, схемы, апісанне – усё ў камп’ютары можна знайсці, абы жаданне было. З першай яе работай – вясёлай малпачкай — малодшы ўнук гуляе і цяпер. Вожыкі, мішкі, пчолкі, мікі-маусы, кароўкі, анёлы – якіх толькі герояў не стварала майстрыха. Ніткі звычайна купляе ў магазіне «Багет» у Маладзечне, расказвае, што для цацак добра падыходзяць акрылавыя. Ёсць і плюшавыя, з іх вырабы атрымліваюцца больш буйнымі. Праўда, каштуюць яны даражэй.
Свае цацкі Марына Дараховіч выстаўляла ў Пятроўшчынскім сельскім клубе, а таксама на свяце вёскі, якое праходзіла некалькі гадоў таму. Дорыць іх блізкім і сябрам, бывае, што знаёмыя заказваюць сваім дзецям. Выкананыя па-майстэрску акуратна, яркія і вельмі пазітыўныя, яны здалёк прыцягваюць погляд, выклікаюць замілаванне і ўсмешку. А дамавічкі, анёлы з добрымі вачыма з’яўляюцца і абярэгамі. У кожную сваю цацку рукадзельніца ўкладвае часцінку душы, станоўчую энергетыку.
Доўгія лістападаўскія вечары спрыяюць творчасці. Хутка рухаецца кручок у руплівых руках, рад за радам роўненька выкладваюцца яркія ніткі.
— Не за гарамі Каляды, таму цяпер я вяжу анёлка, — дзеліцца рукадзельніца. – Буду рада, калі ён узніме настрой камусьці з дзяцей ці дарослых…
Фота: Аляксей ПЛАТКО.