Каб неба не замкнулася
Традыцыі мы вывучалі разам з жыхарамі Заскавіч. Нашы «памочнікі» кіруюцца і жыццёвым вопытам, і зборнікам беларускай народнай варажбы «Дай, Божа, знаць, з кім век векаваць», які захоўваецца ў мясцовым сельскім Доме культуры.
— Я і сама разам з дзяўчатамі ў юнацтве варажыла, — усміхаецца дырэктар СДК Валянціна Бобрык. – Асаблівы сэнс мы ўкладвалі ў варажбу на стары Новы год. Напрыклад, трэба было падмесці падлогу ў хаце, скласці смецце ў вядро і сесці на яго на вуліцы. Адкуль пачуюцца галасы — адтуль і нарачоны будзе. Так наваражыла сабе будучага мужа і ўрэшце перабралася з Вытрапаўшчыны ў Заскавічы, дзе жыву ўжо больш за 20 гадоў.
Калі кіравацца зборнікам, заснаваным на народных паданнях, то варажба дазвалялася тым, каму споўнілася 16 гадоў і ў вызначаны час на працягу ўсяго года. Зімой – з 6 па 19 студзеня. Варта заўважыць, што многія народныя святы ідуць на мяжы з рэлігійнымі. Адзінае, што ганьбілася, — усялякія прадказанні па картах. Пра гэта гаварылі так: «Хто варожыць на картах – робіць цяжкі грэх. Варажбіткі ідуць прама ў пекла, неба для іх раз і назаўсёды замкнутае».
Дзе сабака забрэша – туды і замуж ісці
Больш за 30 гадоў таму наваражыла сабе на стары Новы год будучага мужа і Вера Лоўчая, удзельніца вакальнай групы «Суседкі», што існуе пры Заскавіцкім Доме культуры.
— Памятаю, як мама напякла бульбяных бліноў, — успамінае Вера. – Па традыцыях варажэння, трэба было «скрасці» адзін з іх і выбегчы на сметнік. Адкуль пачуецца брэх сабакі — туды і замуж ісці. У мяне так і адбылося – выйшла замуж у Пруды, хаця ўрэшце абжыліся сям’ёй у маіх родных Заскавічах.
Прыгадала яна і прыгожую гісторыю кахання пра тое, як ледзь не ўсёй вёскай жыхары хацелі злучыць лёс маладой разведзенай жанчыны і нежанатага хлопца.
— Было відавочна, што паміж імі ёсць сімпатыя, — працягвае субяседніца. – Ведаеце, ёсць такая традыцыя варажбы, калі з сядзібы дзяўчат «крадуць» веснічкі. Мы вырашылі зрабіць наадварот: «скралі» іх у таго хлопца і прынеслі да яе дома, так нам хацелася, каб іх гісторыя была шчаслівай. Неслі тыя веснічкі талакой праз усю вёску. А яны жалезныя – вельмі цяжкія! Усе ногі сабе сцерла, пакуль ішла, здаецца, і цяпер адчуваю боль ад тых мазалёў. На жаль, нашы намаганні аказаліся дарэмнымі…
Вішнёвыя «пуклі» і веснічкі на таполі
Многія лічаць варажэнне дзявочым заняткам, але ж хлопцы таксама прымалі ў гэтым непасрэдны ўдзел.
— Ведаю, што ў многіх вёсках нашай мясцовасці яны, нібы тыя волаты, вырывалі лаўкі, устаноўленыя каля дамоў, дзе жылі дзяўчаты, каб тыя не заседжваліся ў дзеўках, — далучаецца да размовы Наталля Зянько, таксама ўдзельніца групы «Суседкі». – Ды і веснічкі тыя «скрасці» трэба мець добрую сілу! У маіх родных Готкавічах іх аднойчы на высачэзную таполю прычапілі. І цяпер не разумею, як і хто гэта зрабіў. Наўрад ці дзяўчаты. Іншым разам «скрадзеныя» веснічкі мы шукалі па ўсёй вёсцы цэлы тыдзень.
Увогуле, часцей за ўсё варажылі, будзе чалавек у бліжэйшы час у пары ці ў адзіноце. Наталлі асабліва падабаецца традыцыя шукаць адказ на гэта пытанне пры дапамозе галінак вішні, якія некалі хавалі ў падпечак. Той, у каго аказвалася больш набраклых пупышак (іх яшчэ называлі пуклямі), хутчэй знойдзе сабе пару.
Сон… у руку
Ёсць меркаванне, што сны ў ноч на стары Новы год таксама лёсавызначальныя. І гэта пацвердзілі нашы субяседніцы.
— Будучы муж маёй старэйшай сястры нават не ведаў, што стаў удзельнікам варажбы, — гаворыць Валянціна Бобрык. – Потым ужо нам расказваў, як незаўважна маці паставіла яму пад ложак міску з вадой і «пабудавала» праз яе мост з лучыны. Менавіта на ім і «напаткаў» сын сваю нарачоную ў сне, які неўзабаве спраўдзіўся. Тая самая дзяўчына прыйшла на завод, дзе ён працаваў, на практыку.
— Сон у руку прысніўся і маёй сястры: нібыта праз роў з вадой не даў прайсці незнаёмец, які затрымаў яе за каўнер. Потым яны і сапраўды пазнаёміліся, — дадае Наталля Зянько.
Дарэчы, прадказанням, звязаным з вадой, асабліва верылі на Вадохрышча. Самы папулярны спосаб, калі варажылі над галавой таго, хто хоча даведацца пра далейшы лёс. Чалавека прысаджвалі альбо ён проста нагінаўся, а тым часам «варажбіткі» трымалі над ім міску з вадой, у якую са свечкі (выкарыстоўвалі грамнічную) капаў воск. Урэшце атрымліваліся малюнкі – па іх і лічылі, чаго чакаць у бліжэйшай будучыні.
— Мне таксама давялося паверыць у аналагічную варажбу, — заўважае яшчэ адна ўдзельніца нашай гутаркі Паліна Кавалеўская, мастацкі кіраўнік Заскавіцкага Дома культуры. У мяне быў малюнак у выглядзе… эмбрыёна. У бліжэйшы год я сапраўды стала мамай. Цяпер Софіі ўжо дзесяць гадоў, падрастаюць яшчэ два малодшыя сыны.
Больш зярнят – больш шчасця
Зрэшты, варажыць на лёс можна і сямейным, і людзям старэйшага ўзросту. Па традыцыях гэта прадказанне на дабрабыт. Напрыклад, калі з дрывотні выцягнуць палена з сучкамі, значыць, і на шляху да забяспечанасці будуць хібы, калі яно гладкае – абыдзецца без перашкод.
— Аднолькавае прадказанне ўвогуле можна тлумачыць па-рознаму ў залежнасці ад таго, хто варожыць, — заўважае загадчыца Заскавіцкага СДК. – Тое ж палена з сучкамі альбо без іх для незамужніх і нежанатых азначае ў будучыні пару адпаведна са складаным і мяккім характарам. Аналагічна варажылі і па саломе, і па сцяблінах з зярнятамі – іх выцягвалі з-пад абруса. Чым даўжэйшая саломіна і чым больш зярнят на сцяблінах — больш і шчасця будзе.
Людзі сталага ўзросту таксама дапамагалі ладзіць варажбу дзеўкам ды хлопцам, а яшчэ клапаціліся, каб у вызначаныя дні па ўсіх правілах быў накрыты і стол. Стары Новы год называлі багатай куццёй, і руплівыя гаспадары імкнуліся прыгатаваць «свіныя рабрынкі з падкалоткай і блінамі», а на Вадохрышча (як і на бедную куццю з 6 на 7 студзеня) — «кіслыя крупы». Іх рэцэптамі нашы субяседніцы з задавальненнем дзеляцца і з чытачамі «Маладзечанскай газеты».
Таямнічых дзён, калі дазвалялася варажыць на лёс і можна было наталіцца, здаецца, звычайнымі стравамі, некалі вельмі чакалі. Гэта сапраўды былі вясёлыя сустрэчы. А як ставіцца да варажбы і ці верыць у прадказанні, кожны вырашае для сябе сам.
Тэкст і фота: Ірына РАБУШКА.