Новости Молодечно и Молодечненского района

Цяпліца самаробная, таматы -- без хіміі

  • 2017-09-06 06:34:20
  • Ірына Рабушка


Галоўныя на прысядзібным участку Валянціна і Анатолій, ім дапамагаюць дзеці і ўнукі. Каб вырас добры ўраджай, трэба шмат працаваць, работы ўсім хапае. Без справы не застаюцца нават унучкі — шасцігодка Маша і старэйшая на год Алёна. Гаспадары аддаюць перавагу, як кажуць, натуральнаму ўраджаю і «хімію» на сваім агародзе не выкарыстоўваюць. Угнаенні таксама простыя – попел ды каравяк. Паліваюць расліны вадой пакаёвай тэмпературы. Насенне купляюць айчыннае ў звычайных магазінах, замежнаму не давяраюць. Маўляў для раслін не нашых шырот трэба і ўмовы адпаведныя. У Беларусі ж надвор’е капрызлівае, летам і спякота можа быць, і зацяжныя дажджы.   
Што тычыцца памідораў, то Валянціна і Анатолій вырошчваюць іх выключна ў цяпліцы, сёлета пасадзілі 58 кустоў. Летась руплівы гаспадар сам зрабіў яе з металічнага профілю і поліэтыленавай плёнкі, добраўпарадкаваў унутры. Дошкамі аддзяліў зону для высадкі таматаў, падсыпаў зямлі, а праходы заслаў паласавымі дарожкамі жоўтага і чырвонага колераў. Жыхары Насілава, якія прыходзяць паглядзець на цяпліцу, не перастаюць здзіўляцца ўмелым рукам Анатолія Мікалаевіча.

— Я ў цяпліцы працую ў дамашніх тапачках. Гэта ж сапраўды нібы другі дом! – усміхаецца Валянціна Васільеўна.
Наогул, ураджай яна вырошчвае з веданнем справы, бо шмат гадоў да выхаду на заслужаны адпачынак была агароднікам у падсобнай цяплічнай гаспадарцы завода «Спадарожнік».

Анатолій усё жыццё працаваў вадзіцелем.На думку нашых субяседнікаў, пенсія – самы час займацца агародам, дапамагаць гадаваць унукаў, перадаваць ім уласны жыццёвы вопыт, вучыць весці гаспадарку. На будучы год у Валянціны і Анатолія ўжо таксама ёсць планы. Яны хочуць пабудаваць яшчэ адну цяпліцу і заняцца вырошчваннем баклажанаў, перцаў, кавуноў.

Шаноўныя чытачы! Магчыма, на вашых градках або ў вазонах на падаконніках ці балконе таксама вырас добры ці незвычайны ўраджай? Раскажыце нам пра гэта! Тэл. 77-19-61.