Новости Молодечно и Молодечненского района

Быў псіхолаг - стаў каваль

  • 2016-11-22 11:10:28
  • Анжаліка Крупянькова

З добрай нагоды завіталі мы на сядзібу Юрыя Шчукі ў Залінейны мікрараён. 14 лістапада ў Беларусі адзначаецца Дзень каваля, які бярэ пачатак ад народнага свята Кузьмы – апекуна кавалёў, прадстаўнікоў аднаго з самых старажытных і паважаных рамёстваў.

«Я – Шчука з-пад Шчучына»

«Кавалём у класічным разуменні гэтага слова мяне можна назваць з нацяжкай, бо часцей я працую з халодным жалезам. Калі трэба яго нагрэць, горн не распальваю, карыстаюся газавай гарэлкай», — адразу расстаўляе ўсе кропкі над «і» мой субяседнік. Між тым сваім захапленнем кавальскай справай ён абавязаны класічнай вясковай кузні. Родам Юрый са Шчучынскага раёна. «Так і напішыце: я — Шчука з-пад Шчучына», — гаворыць з усмешкай і прыгадвае, як хлопчыкам бегаў у калгасную кузню да дзядзькі Стася. Увесь чорны ад сажы, той  здаваўся дзецям сапраўдным асілкам. Нездарма ў народных казках і паданнях кавалі заўжды валодаюць незвычайнай сілай: у іх руках жалеза і агонь становяцца паслухмянымі. У той кузні Юра ўпершыню адчуў падатлівасць нагрэтага металу: пад наглядам дзядзькі Стася зрабіў ножык.

Сельскі хлопец, ён з маленства ўмеў цвікі забіваць, дровы пілаваць, каня запрагаць... І з молатам саўладаў, хаця, безумоўна, быў ён для падлетка цяжкаватым. Але ўпартасці яму не пазычаць. Такі характар: калі вырашыў што зрабіць, абавязкова давядзе справу да канца.

«Я заўсёды ведаў, што буду жыць ва ўласным доме, дзе пастаянна змагу нешта майстраваць. Ляжаць на канапе ля тэлевізара – не для мяне», — гаворыць Юрый Славаміравіч. У пачатку двухтысячных яны з жонкай Алёнай Іосіфаўнай купілі дом на Лясных. Цана была па сілах сям’і маладых педагогаў, але дому патрабаваўся рамонт. Працы ўкладзена вельмі шмат, цяпер гэта ўтульнае сямейнае гняздо. У сям’і падрастаюць двое дзяцей – васьмікласнік Аляксей і другакласніца Надзя.

Усё пачалося з вешалкі

Гадоў пяць таму Юрый убачыў у гаспадарчым магазіне жалезную вешалку для адзення. «Злосць мяне ўзяла, што яна каштуе дорага, вырашыў зрабіць падобную», — успамінае майстар. Не адразу атрымалася тое, што хацеў, але гэта стала зыходным пунктам для справы, якой ён захапіўся сур’-
ёзна і надоўга. Спасцігаў тонкасці з дапамогай інтэрнэту, бо майстры, з якімі меў стасункі, не вельмі ахвотна дзеляцца сакрэтамі. З цягам часу сам сабраў станок, які значна аблягчыў работу з металам. Ёсць у яго і шмат розных прыстасаванняў, якія дапамагаюць надаваць жалезу патрэбную форму. А сваім фірменным знакам лічыць вітыя косы з 12-міліметровага дроту, якія ўпрыгожваюць многія яго вырабы.

Цяпер Юрыю не трэба думаць, што падарыць жонцы Алёне на дзень нараджэння. Ажурны балкончык, ліхтарык у выглядзе ружы ля брамкі, арыгінальны мосцік для вазонаў – аб такіх падарунках можна толькі марыць. Яны проста бясцэнныя: зробленыя з любоўю і ў адзіным экзэмпляры. Прыемна было даведацца, што спецыяльна для «Маладзечанскай газеты», якую ў гэтай сям’і выпісваюць і любяць, Юрый Славаміравіч зрабіў прыгожую паштовую скрыню. Вялікая праца – жалезная агароджа вакол сядзібы, якая прыгожа спалучаецца з выкладзеным з камянёў фундаментам і слупкамі. Лаўкі на вуліцы і ў прыхожай, умяшчальная паліца для абутку, вешалка для адзення – усе без выключэння вырабы Юрыя выклікаюць захапленне. Хаця сам ён сціпла гаворыць, што яшчэ толькі вучыцца.

Да старой падковы ён прымацаваў… хвост, вусы і вушы – атрымаўся кот, які ахоўвае ключы. Трывалая аснова ад старадаўняй швейнай машынкі служыць выдатнымі ножкамі для адмысловага мангала.

А які прыгожы драўляны гарнітур з каванымі ножкамі – стол і крэслы — чакае гаспадароў на тэрасе… У магазіне такі каштаваў бы вельмі дорага – ручная работа, індывідуальны праект. Між тым сабекошт яго невялікі, але ж колькі працы ўкладзена! Як і ў агароджу, арыгінальны ліхтарык ля дома, балкончык з мудрагелістымі ўзорамі на другім паверсе, мосцік, які ўлетку ператвараецца ў кветкавы астравок…

Ружа, якая ніколі не завяне

Раней Юрый Славаміравіч працаваў у гімназіі №10 псіхолагам, але  вырашыў перакваліфікавацца і вось ужо чатыры гады выкладае працоўнае навучанне. Вучыць хлопчыкаў з пятага па восьмыя класы як са сваёй, так і з шостай гімназіі трымаць у руках малаток і рубанак, знаёміць з самымі простымі спосабамі апрацоўкі жалеза. Трэба адзначыць, што на тэрыторыі гімназіі можна ўбачыць вырабы Юрыя Славаміравіча: адміністрацыя ўстановы, калегі па вартасці ацанілі яго захапленне. Педагог лічыць, што для загружаных вучобай дзяцей урокі працы – сапраўдная рэлаксацыя, а атрыманыя навыкі ім абавязкова спатрэбяцца ў дарослым жыцці. Той, хто хоча спасцігнуць больш, чым прадугледжвае праграма, прыходзіць на гурток «Майстэрня сваімі рукамі». З гордасцю Юрый Славаміравіч расказвае пра дзевяцікласніка Ілью Кавалёва, які стварае дзівосныя пано з дрэва. А былы вучань Валодзя Мароз, цяперашні адзінаццацікласнік СШ №2, зрабіў ружу з металу і падарыў на памяць свайму настаўніку.

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА
Фота: Аляксей ПЛАТКО