Павел з дзяцінства захапляўся музыкай, закончыў у Лебедзеве, дзе нарадзіўся, дзіцячую школу мастацтваў па класе баяна. Яго мама марыла, каб сын навучыўся іграць на гэтым інструменце. Цяпер ён ажыццяўляе сваю мару — асвойвае піяніна. Павел наведвае музычную студыю пры дзіцячай школе мастацтваў.
У сумцы настаўніка інфарматыкі акрамя падручнікаў і планаў па гэтым прадмеце заўсёды ляжаць ноты. Нягледзячы на тое, што ў студыі чатыры ўрокі на тыдзень, ён прыходзіць сюды значна часцей.
— Музыка для мяне сапраўдная аддушына, — прызнаецца субяседнік. – Многія мае вучні таксама займаюцца або закончылі гэту школу. Я цікаўлюся, якім музычным плыням яны аддаюць перавагу. Агульныя інтарэсы дапамагаюць нам выстройваць даверлівыя адносіны. Спачатку, калі выхаванцы бачылі мяне праз акно на студыйных занятках (памяшканне знаходзіцца на першым паверсе), стукалі з вуліцы ў шыбіну і са здзіўленнем пыталіся: «Міхалыч, а што гэта вы тут робіце?». Уражаны маім захапленнем і калегі.
Ставіцца да справы адказна Павел прывык з ранняга дзяцінства. Дарэчы, Лебедзеўскую СШ ён закончыў з залатым медалём. У настаўніцтва пайшоў услед за мамай Інай Леанідаўнай, якая шмат гадоў выкладала рускую мову і літаратуру, была намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце.
Урокі музыкі Павел наведвае другі год. Займаецца ў вопытнай выкладчыцы Святланы Антонавай. Яна даўно навучылася быць на агульнай музычнай хвалі з падапечнымі, нягледзячы на іх узрост і жыццёвыя погляды. Цяпер Павел развучвае знакамітую «Лунную сонату» Бетховена, папулярную лірычную песню «Опять метель» з рэпертуару Алы Пугачовай і Крысціны Арбакайтэ, кампазіцыі з мюзікла «Кошки» і фільма «Хатико»... Падабаецца яму і творчасць рок-групы «Scorpions». Павел наогул захоплены рокам і спрабуе яго адаптаваць для піяніна. А яшчэ аматар-піяніст марыць навучыцца акампаніраваць сваёй сяброўцы, якая прыгожа спявае. Першыя творчыя спробы ўжо былі.
— Прафесіі педагога і артыста-музыканта ў нечым падобныя. Толькі настаўнік стаіць перад аўдыторыяй ля класнай дошкі, а творца выступае са сцэны, — заўважае інфарматык. – Калі я вучань у студыі і разумею, што мне трэба выступаць, чамусьці бярэ такі страх… Пакрысе стараюся перамагаць уласныя фобіі.
Дзякуючы захапленню музыкай Павел Міхайлавіч унёс карэктывы і ў сваю педагагічную дзейнасць. Ён стараецца не прыспешваць вучняў, дае больш часу падумаць, сабрацца з думкамі.
— Я ўвогуле паважаю людзей, захопленых той ці іншай справай. Выдатна, калі чалавек імкнецца знайсці сябе ў музыцы, спорце, харэаграфіі… Нават магу дараваць сваім выхаванцам непадрыхтаванае дамашняе заданне, калі на гэта ёсць важкая прычына, — працягвае Павел Міхайлавіч.
У музычнай студыі ён не самы дарослы вучань, ёсць і тыя, хто даўно размяняў пяты дзясятак. Навучацца ігры тут можна на любым інструменце, які ёсць у «арсенале» школы. Як правіла, вучнямі становяцца людзі, прафесіі якіх абсалютна не звязаныя з творчасцю і яны ажыццяўляюць свае дзіцячыя мары або займаюцца для душы. Сярод іх нямала педагогаў, медыкаў, інжынераў, рабочых. Найчасцей дарослыя выхаванцы аддаюць перавагу гітары, піяніна, баяну, а таксама спасцігаюць вакал. Педагогі ўстановы, якія займаюцца са студыйцамі, не перастаюць здзіўляцца іх захопленасці, стараннасці ў вучобе і ўменню знаходзіць час для хобі ў мітуслівых буднях.
Міжнародны дзень музыкі адзначаецца 1 кастрычніка, і гэта традыцыя распачата з 1975 года Міжнародным музычным саветам пры ЮНЕСКА. Адным з ініцыятараў з’яўляецца вядомы кампазітар Дзмітрый Шастаковіч.
У гэты дзень ва ўсім свеце па традыцыі праводзіцца мноства канцэртных праграм, ладзяцца творчыя сустрэчы, тэматычныя выстаўкі і акцыі. Іх мэта агульная – прапаганда музычнага мастацтва.
Фота: Ірына РАБУШКА.