Для Алесі КАРЫЦЬКА агратурызм – любімая справа, да якой яна ставіцца з усёй адказнасцю. Сядзіба ветлівай гаспадыні заходзіцца ў вёсцы Насілава.
– Адпачываць да мяне прыязджае шмат маладзечанцаў, – гаворыць субяседніца. – На аграсядзібе падабаецца сем’ям з дзецьмі. У асноўным яны спыняюцца на выхадныя. Людзям цікава не толькі бавіць час у камфортнай абстаноўцы, але і навучыцца чамусьці новаму. І такая магчымасць ёсць: я правожу майстар-класы па вышыванні, пляценні, іншых дысцыплінах, прапаную розныя пазнавальныя маршруты.
На думку Алесі, гаспадар аграсядзібы павінен быць камунікабельным, умець знаходзіць кампрамісы (людзі ж усе розныя). Важна ўмець даносіць патрэбную інфармацыю, праяўляць гасціннасць, любіць свой край. Тады справа будзе мець поспех і прыносіць задавальненне гаспадарам сядзіб і гасцям.
Алег БЯГАНСКІ
Фота: Аляксей ПЛАТКО