Чым адрозніваецца фларэнтыйская вышыўка, як з поліэтыленавага пакета з-пад малака пашыць сумку, які водар можа надаць упэўненасці і жыццёвых сіл – пра гэта і многае іншае можна было даведацца ў час прэзентацыі выстаўкі «Рукам работа – сэрцу радасць» у цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Багдановіча.
Аказваецца, сярод чытачоў нямала творчых людзей, якія захапляюцца рознымі відамі рукадзелля і ствараюць сапраўдныя шэдэўры. Многія наведваюць бібліятэку дзесяцігоддзямі, сябруюць з яе супрацоўнікамі. Таму з ахвотай адгукнуліся на прапанову бібліятэкара Раісы Давідовіч прадставіць сваю творчасць шырокаму колу, хаця для большасці такі вопыт быў першым. А ў час прэзентацыі выстаўкі, якую вялі Таццяна Скібіцкая і Святлана Нарэйка, аўтары работ расказалі пра свае хобі. Прыемна, што арганізатары мерапрыемства кожнаму майстру падарылі карысную кнігу па рукадзеллі ці на іншую тэматыку, якая яму цікавая. Многія выступоўцы адзначалі, што ў часы, калі не было інтэрнэту, бібліятэчныя кнігі і часопісы дапамаглі ім асвоіць тое ці іншае рамяство, сталі штуршком да творчасці.
У дзяцінстве мама падарыла лобзік

З ім Яўгеній Чачукевіч не расстаецца і цяпер, стварае сапраўдныя шэдэўры з фанеры. Расказвае, што навучыўся выразаць лобзікам на ўроках працоўнага навучання ў школе. Калі працаваў ветурачом, было не да рукадзелля, затое на пенсіі раскрыў неабмежаваныя магчымасці дрэва і даў волю сваёй фантазіі. 12 гадоў таму яго сям’я пераехала з Віцебшчыны ў Маладзечна, мужчына адразу запісаўся ў бібліятэку.
— Калі мы прыйшлі да Яўгенія Сяргеевіча дамоў, ахнулі: яго кватэра нагадвае музей, — гаварылі вядучыя прэзентацыі.
— Разам з унукамі раблю мадэлі танкаў, караблёў. Для танка Т-34 спатрэбілася 250 дэталяў. Я выразаў, унук шліфаваў, — падзяліўся Яўгеній Сяргеевіч.
Барджэла – фларэнтыйская вышыўка

Мы ўпершыню ўбачылі гэты рэдкі від вышыўкі, якім захапляецца Святлана Розіна, былы ўрач-педыятр дзіцячай паліклінікі. На вышытых ёю чахлах для маленькіх падушак нібыта водбліскі полымя ці пералівы вясёлкі. Прымяняецца барджэла і для ўпрыгожвання адзення, аксесуараў.
— Фларэнтыйская вышыўка – від габеленавай, яе можна ўбачыць у музеях Італіі. На самай справе, яна не такая і складаная. Вышываецца па канве, ніткі патрэбныя даволі тоўстыя. Узоры ёсць у інтэрнэце, можна прыдумваць і самім, — расказвае Святлана Сцяпанаўна.
«Я нічога не выкідваю!»

Гэта жыццёвы прынцып Надзеі Суднік, якая прадставіла на выстаўку дыванкі, капялюшыкі, звязаныя кручком з… поліэтыленавых пакетаў-«маек», надзвычай трывалыя гаспадарчыя сумкі чорнага колеру, пашытыя з пакетаў з-пад малака, вывернутых на адваротны бок.
Фартухі ў стылі пэчварк, вязанае «адзенне» для слоікаў, дзякуючы якому яны ператвараюцца ў скарбонкі – кожны выраб Надзеі Пятроўны здзіўляе яе вынаходлівасцю і арыгінальнасцю.
Дэкупаж – другое жыццё рэчаў

Так лічыць Ірына Хлебнікава, якая працавала выхавальніцай у дзіцячым садзе №11. Любоў да рукадзелля перайшла да яе ў спадчыну ад бабулі, якая ткала на кроснах. З маладосці Ірына шыла адзенне, вышывала, асвоіла макрамэ, аплікацыю саломкай. Апошняе яе захапленне – дэкупаж, пры дапамозе якога рукадзельніца дэкарыруе скарбонкі, посуд, бутэлькі, многія іншыя рэчы. «Тэхніка нескладаная, але патрабуе цярпення. Яна мяне проста заварожвае», — прызнаецца Ірына.
Звычайны збанок ператварае ў эксклюзіўны

— Сяброўкі мне прыносяць керамічны, шкляны посуд, а я яго распісваю, — знаёміць нас са сваёй творчасцю Наталля Гойдзіна.
Маляваць яна любіла з дзяцінства, а калі выйшла на пенсію, дачка падарыла ёй дзве кнігі па тэхніцы роспісу па шкле і фарбы. З таго часу на збанках ды вазах пачалі расцвітаць кветкі. Акрамя таго, Наталля Віктараўна пячэ смачнае пячэнне, булачкі, а цяпер асвойвае скандынаўскую выпечку.
Чаканка – захапленне для сапраўдных мужчын

— Гэта даволі працаёмкі від рукадзелля, — з веданнем справы расказвае Леанід Чарняўскі, у мінулым кадравы ваенны.
Саслужыўцы паказалі яму асноўныя прынцыпы работы з металам. Успамінае, што ў час службы на Поўначы доўгія палярныя ночы хутка праляталі за любімым рамяством. Каб стварыць рэльеф на металічным пано, патрабуюцца не толькі майстэрства, веданне нюансаў тэхналогіі, але і фізічная сіла. Работы Леаніда Мікалаевіча – на вякі, гэта спадчына для дзяцей і ўнукаў.
Цудоўнай прыгажосці вышытыя карціны Наталлі Шынкевіч, мяккія цацкі для развіцця дзіцяці Таццяны Бекіш, вышыўка бісерам Вольгі Ганчарык, алмазная мазаіка Людмілы Нарэйка, флакончыкі з духамі на аснове эфірных масел ад Таццяны Семашкевіч – кожны экспанат, прэзентаваны на выстаўцы, па-свойму цікавы. Магчыма, для кагосьці знаёмства з хобі чытачоў бібліятэкі стане штуршком, каб самому ўзяць у рукі іголку, асвоіць дэкупаж ці роспіс па шкле. А мы, журналісты, удзячныя арганізатарам за сустрэчу з вельмі цікавымі людзьмі. У адным матэрыяле пра ўсіх расказаць немагчыма. Значыць, абавязкова будзе працяг. Чакайце!
Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.
Читать