Отелло Саламов. Назван в честь прадеда

«Дзе твая Дэздэмона?» Менавіта такое пытанне найчасцей даводзіцца чуць Атэлу Саламаву з вёскі Аляхновічы Маладзечанскага раёна.

Отелло Саламов. Назван в честь прадеда "Маладзечанская газета"

Атэла -- удзельнік нашай пастаяннай рубрыкі, у якой мы расказваем пра людзей з рэдкімі імёнамі.

Хлопца назвалі ў гонар дзеда па бацькавай лініі, у якога азербайджанскія карані. Праўда, унуку так і не давялося ўбачыць яго — прадзед рана пайшоў з жыцця.

— Мама хацела назваць мяне Арцёмам. Але тата настаяў на сваім. У дзяцінстве з мяне жартавалі, — расказвае хлопец. – Толькі з узростам зразумеў, што звацца Атэлам крута!    

Гэта імя адно з самым рэдкіх на планеце. Па найбольш распаўсюджанай версіі, яно іспанскага паходжання і азначае «храбры». У сусветным павуцінні мы спрабавалі адшукаць знакамітых цёзак хлопца з Аляхновіч, але нават усёведны інтэрнэт выдаў толькі аднайменныя літаратурныя і музычныя творы, балет ды мультфільм, дарэчы, створаны на вядомай кінастудыі «Саюзмультфільм» у 1967 годзе.

Цяпер Атэла вучыцца ў Маладзечанскім гандлёва-эканамічным каледжы і марыць працаваць у сферы IT-тэхналогій. Дарэчы, нярэдка субяседнікі па той бок манітора думаюць, што Атэла – гэта нік, які прынята мець у камп’ютаршчыкаў. Нягледзячы на тое, што хлопец выбраў сабе такую сур’ёзную прафесію, ён вельмі творчы. Іграе на флейце, спявае. З асаблівым захапленнем расказвае пра яшчэ адно сваё хобі – маляванне. Пакуль Атэла сканцэнтраваны на выдуманых сюжэтах, але вельмі марыць асвоіць жанр партрэта.

— Нават не ведаю, ці трэба верыць у тое, што імя ўплывае на лёс чалавека. Усё адносна… — філасофствуе юнак. – Вось, напрыклад, маю старэйшую сястру завуць Яна. Колькі яна нацярпелася з-за майго імені! Нярэдка нам кідалі ўслед: «Вунь пайшлі Атэла і Дэздэмона…». Але мы людзі з гумарам. Без гэтага пачуцця ў жыцці немагчыма.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Калі ў вас, вашых блізкіх, знаёмых, сяброў рэдкае імя, ёсць цікавая гісторыя, звязаная з ім, раскажыце нам пра гэта. Тэл. 77-19-61.

Прочитано 2167 раз
Ірына Рабушка

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.