Грэчаская далікатнасць Глафіры

Сёння гераіня нашай пастаяннай рубрыкі пра людзей з рэдкімі і нязвыклымі імёнамі — Глафіра Шлойда (на фота) з вёскі Раёўка.

Менавіта з гэтым утульным мястэчкам звязаны яе дзяцінства, юнацтва, сямейнае жыццё і працоўны шлях. А назвала яе так прабабка ў гонар сваёй сяброўкі, з якой доўгі час працавала ў Карэліі.
— Прыкладна ў васьмігадовым узросце я зразумела, што вылучаюся сярод іншых дзяцей сваім іменем. Спачатку мне гэта не падабалася, — гаворыць субяседніца. — Толькі з цягам часу ацаніла яго неардынарнасць. Але і сёння пры знаёмстве людзі часта называюць мяне Дашай замест Глашы (так звычайна прадстаўляюся).

Цяпер імя Глафіра лічыцца адным з самых рэдкіх на планеце. Пераважна так называюць дзяўчынак у Расіі. Хваля моды на яго была пасля рэвалюцыі 1917 года. Па найбольш распаўсюджанай версіі, яно мае грэчаскія крані і азначае «вытанчаная, далікатная, стройная» — якраз як удзельніца нашай рубрыкі.

Глафіра працуе бібліятэкарам у сельскай бібліятэцы. Сярод мноства яе захапленняў, безумоўна, чытанне кніг. Дарэчы, многія вядомыя рускія пісьменнікі гэтым прыгожым іменем называлі сваіх гераінь — княгіня Валконская ў вершах Івана Даўгарукава, персанажы драм Аляксандра Астроўскага, рамана Івана Тургенева «Дваранскае гняздо», аповесці Мікалая Ляскова «На нажах», п’есы Максіма Горкага «Ягор Булычоў і іншыя»… Вядома цікавая гісторыя з жыцця Багдана Хмяльніцкага і польскага палітычнага дзеяча Чаплінскага. Дачка апошняга Глафіра дала казаку магчымасць выратавацца і з’ехаць у Варшаву, дзе ён скардзіўся каралю. Чаплінскаму за гэта па каралеўскім загадзе быў адрэзаны адзін вус. Пра далейшы лёс дзяўчыны невядома.


Уладальніцы гэтага імені знайшлі сябе абсалютна ў розных сферах. Васілевіч – савецкі лінгвіст, этнограф-тунгусазнаўца; Алымава – фрэйліна імператрыцы Кацярыны, адна з першых рускіх арфістак, мадэль знакамітага мастака Дзмітрыя Лявіцкага; Акулава – руская рэвалюцыянерка Грамадзянскай вайны; яе суайчынніца Кашырына – лётчыца Вялікай Айчыннай, кавалер ордэна Чырвонага Сцяга; расіянка Тарханава – сучасная актрыса тэатра і кіно…

Нягледзячы на тое, што ў нашай удзельніцы рубрыкі ёсць работа, яна працягвае шукаць сябе. Глафіра захапляецца коннай яздой. У яе ўласнай гаспадарцы ёсць кабыла Каця, вярхом на якой дзяўчына любіць праехаць па раёўскіх прасторах. Яшчэ адно хобі – творчасць. Ужо каторы год Глафіра выступае ў складзе народнага вакальнага ансамбля Раёўскага СДК «Асалода». А самая вялікая яе надзея і гонар – дачушка Лізавета.


Калі ў вас, вашых блізкіх, знаёмых, сяброў рэдкае імя, ёсць цікавая гісторыя, звязаная з ім, раскажыце нам пра гэта. Тэл. 77-19-61.

Фота: архіў Глафіры ШЛОЙДА.

Прочитано 1625 раз
Ірына Рабушка

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.