Новости Молодечно и Молодечненского района

Інвестыцыі ў сваё развіццё

  • 2025-07-24 14:07:29
  • Людмила НЕХВЯДОВИЧ

Як даўно вы былі ў музеі? Павольна хадзілі па яго пакоях, спыняліся ля вітрын з экспанатамі, удумліва знаёміліся з эксплікацыямі… Культурны маладзечанскі край дае магчымасць сустрэчы з мінулым, для гэтага не варта нават выязджаць далёка.

Возьмем, напрыклад, філіял літаратурнага музея Янкі Купалы «Яхімоўшчына». Паўгадзіны дарогі ад Маладзечна – і вы трапляеце ў месца станаўлення паэта, драматурга, перакладчыка. «Маладзечанская газета» пацікавілася ў вучонага сакратара музея Галіны Варонавай аб планаванні развіцця і новых цікавых праектах.



– Некалькі важных падзей чакаюць музей: 25-годдзе з моманту адкрыцця ў наступным годзе і 145-годдзе самога паэта ў 2027-м. Таму ўжо завяршыўся рамонт у будынку, у планах – стварэнне новай пастаяннай экспазіцыі і аднаўленне мемарыяльнага пакоя Івана Дамінікавіча. Гэта неабходна для таго, каб узнавіць атмасферу, у якой рос і фарміраваўся будучы класік беларускай літаратуры. Наведвальнікі змогуць убачыць прадметы побыту, кнігі, фатаграфіі, якія дапамогуць ім лепш зразумець жыццё і творчасць Янкі Купалы. Таксама будзе нададзена ўвага і самой Яхімоўшчыне. Менавіта тут некалькі месяцаў жыў і працаваў над сваімі літаратурнымі творамі («А хто там ідзе?», «Дуб», «Воля») Янка Купала, якія потым склалі першы зборнік яго вершаў пад назвай «Жалейка». На гэты перыяд жыцця ў Яхімоўшчыне прыпадае паэтычны і духоўны ўзлёт будучага нацыянальнага паэта. Наогул, стварэнне стацыянарнай экспазіцыі – складаны і працаёмкі працэс, навуковы і архітэктурна-мастацкі праекты для яе ўжо распрацаваны. А пакуль музей запрашае на выставу мастацкіх тканін, падрыхтаваную Таццянай Ласкай «У вянку з пралесак», – шчыра запрасіла субяседніца.

Прыходзьце па натхненне і прыгажосць, бо паход у музей – гэта магчымасць пашырыць свой кругагляд, даведацца нешта новае, адкрыць для сябе свет з іншага боку. Гэта насычэнне для розуму і душы.
Людміла НЕХВЯДОВІЧ
Фото: интернет-ресурс