Юныя выканаўцы ансамбля «Весялінка» Хажоўскай сярэдняй школы іграюць на цымбалах разнастайную музыку – ад нацыянальных мелодый да сучасных папулярных маладзёжных хітоў.
– Дзеці вельмі сур’ёзна ставяцца да заняткаў у ансамблі, – гаворыць настаўнік музыкі Алена Лубнеўская. – Яны імкнуцца праявіць свае здольнасці, парадаваць слухачоў. І гэта ў іх выдатна атрымліваецца. Калектыў не раз станавіўся пераможцам раённых і абласных конкурсаў дзіцячай творчасці, прымаў удзел у Міжнародным фестывалі-конкурсе «Новыя вяршыні».
Субяседніца паведаміла, што ў ансамблі ёсць малодшая і старэйшая групы. Займаюцца ў іх выключна дзяўчынкі. «Весялінка» рэгулярна выступае на школьных святах, мерапрыемствах, што арганізуе мясцовая гаспадарка, выязджае з гастролямі ў Маладзечна, іншыя гарады. І ўсюды выступленні заканчваюцца гучнымі апладысментамі ўдзячных гледачоў.
– У ансамблі пануе асаблівая атмасфера, – адзначыла Алена Іванаўна. – Дзеці знаёмяцца са светам музыкі, вучацца адчуваць сябе больш упэўнена. У іх павышаецца культурны ўзровень, ім прывіваецца разуменне гармоніі. Усё гэта можа аказаць уплыў на выбар жыццёвага шляху. У далейшым музычную адукацыю можна прадоўжыць у Маладзечанскім музычным каледжы імя М.К. Агінскага.
Алена Лубнеўская заахвочвае выхаванцаў асабістым прыкладам. Яна сама мае музычную адукацыю, іграе на некалькіх інструментах, працуе ў школе больш за 25 гадоў.
Алег БЯГАНСКІ
Фота: архіў Алены ЛУБНЕЎСКАЙ