25 мая 1917 года не стала аднаго з самых выдатных беларускіх творцаў Максіма БАГДАНОВІЧА.
Стала добрай традыцыяй сустракацца на дзень памяці паэта ў філіяле Літаратурнага музея «Фальварак Ракуцёўшчына». 23 мая цэнтральная раённая бібліятэка імя Максіма Багдановіча традыцыйна запрасіла пісьменнікаў, краязнаўцаў, настаўнікаў, школьнікаў, прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі і грамадзян, якія захапляюцца лірыкай Максіма Багдановіча на творчую імпрэзу «Так ярка пражыць – лепшай долі няма на зямлі».
Усклаўшы кветкі да помніка паэту, з прывітальным словам да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнуліся краязнавец Міхась Казлоўскі і загадчыца музея Любоў Шчэрбач.
Затым гасцей чакала цікавая сустрэча з пісьменнікамі. Ала Клемянок, Аляксандр Быкаў, Лідзія Гардынец, Аляксандр Хазянін, Тамара Бярэзіна, Тамара Аўсяннікава выказалі словы ўдзячнасці геніяльнаму паэту, прыгадалі моманты яго творчага і жыццёвага шляху, чыталі вершы. Яркім дапаўненнем стала выкананне Аляксандрам Хазяніным і Алай Клемянок песні «Зорка Венера» пад акампанемент настаўнікаў Красненскай дзіцячай школы мастацтваў. Аматараў беларускай літаратуры і творчасці паэта чакала аглядная экскурсія па фальварку.
Хоць і мала пражыў паэт, але след, які ён пакінуў, – неўміручая старонка нацыянальнай літаратуры. Заўсёды ў нашых сэрцах будуць жыць крыштальна чыстыя, філігранныя вершы майстра слова.
Вольга ПАЖУКАВА,
загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі ЦРБ імя Максіма Багдановіча
Фота: архіў бібліятэкі