Новости Молодечно и Молодечненского района

«Расток» сабраў гасцей на свята «Скарбы роднага краю»

  • 2025-05-27 16:34:00
  • Анжаліка КАРАЛЕВІЧ

24 мая дзіцячы цэнтр культуры «Расток» ладзіў сапраўднае маляўнічае і разнажанравае свята – ХІІІ адкрыты дзіцячы фестываль беларускай творчасці «Скарбы роднага краю».

Тут стала добрай традыцыяй у апошнія майскія дні збіраць усіх, хто любіць беларускую мову, шануе і паважае свае традыцыі, цікавіцца беларускімі танцамі, песнямі, жартамі.
Паказаць сваё майстэрства на гэты раз да нас прыехалі творчыя калектывы і асобныя выканаўцы з Мінска і Мінскага раёна, Мінскай, Гродзенскай, Віцебскай абласцей. Гэта ўдзельнікі з Барысава, Вілейкі, Мар’інай Горкі, Клецка, Сянно, Ісерны, Смаргоні, Дукоры, Любушан, Сцешыц, Вішняўца, Турэц-Баяр, Аляхновіч і, канечне, з Маладзечна. Упершыню за 13 гадоў існавання фестываль праходзіў у памяшканні, таму што падвяло надвор’е: холад і дождж не спрыялі вулічнаму святу.


Пачынаючы з 2012 года фестываль заўсёды ладзіўся на адкрытай пляцоўцы, што надавала яму асаблівы каларыт. Але на тое ён і трынаццаты, каб не быць падобным на іншыя! Тым не менш, спецыялісты зрабілі ўсё магчымае, каб мерапрыемства было насычаным, шырокім, мнагажанравым і цікавым. І гэта атрымалася! Фестываль пачаўся, як заўсёды, шэсцем удзельнікаў, затым прадоўжыўся выступленнем таленавітых юных выканаўцаў. Можна было наведаць майстар-класы па выцінанцы, вырабе птушачак з фетру, заняцца мегамаляванкай, упрыгожыць сябе беларускім узорам на фэйс-арце. На выстаўцы была магчымасць пазнаёміцца з вырабамі традыцыйнага дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтваў, што прадставілі юныя і дарослыя госці фестывалю. Дзейнічала стылізаваная фотазона, ладзіліся розныя гульні і забавы.


Вельмі прыемна, што па заканчэнні фестывалю мы атрымалі шмат станоўчых водгукаў ад удзельнікаў, кіраўнікоў і бацькоў. Яны ўсе адзначалі шчырую сяброўскую падтрымку, а не канкурэнцыю, выдатны вопыт, новыя знаёмствы і ўражанні для дзяцей, яркія эмоцыі для ўсіх гасцей, а гэта якраз і стварала добразычлівую творчую атмасферу свята.
Анжаліка КАРАЛЕВІЧ,
метадыст ДЦК «Расток»