Новости Молодечно и Молодечненского района

«Горад, пра які хочацца спяваць»

  • 2024-07-18 07:15:00

Супрацоўнікі аддзела абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Багдановіча заўсёды ўдзельнічаюць у мерапрыемствах, што ладзяцца ў Маладзечне. Не стаў выключэннем і суботні дзень, калі гараджане святкавалі Дзень горада.

У гарадскім парку Перамогі бібліятэкары арганізавалі арыгінальную інтэрактыўную пляцоўку «Горад мой, якім зачараваны». Увагу наведвальнікаў прыцягвала фотасушка «Маладзечна ў аб’ектыве», дзе на доўгай  вяроўцы «сушыліся» шматлікія фатаграфіі. Так, на фота першай паловы дваццатага стагоддзя гараджане пазнавалі сучасныя месцы Маладзечна, на іншых картках з цікавасцю  разглядвалі моманты шматлікіх мерапрыемстваў, што заўзята ладзяць бібліятэкары.

У час гульні-віктарыны «Горад, пра які хочацца спяваць» дарослыя спрабавалі прыгадаць падзеі з гісторыі правядзення фестываляў беларускай песні і паэзіі, пачынаючы з 1993 года. Бібліятэкар Ірына Бабровіч падрабязна тлумачыла ўдзельнікам віктарыны правілы і залічвала правільныя і дакладныя адказы. Нямала жадаючых было паўдзельнічаць і ў акцыі «Упрыгожу кветкамі мой горад любімы». Госці свята на стыкеры ў выглядзе кветкі рабілі надпіс-прызнанне, чаму ім падабаецца Маладзечна, пакідалі шчырыя пажаданні любімаму гораду і размяшчалі іх на стэндзе. А фотазона «Адзін горад – адна любоў» падарыла яе наведвальнікам магчымасць папоўніць свае калекцыі новымі фатаграфіямі, такім чынам узяўшы з сабой часцінку незабыўнага ліпеньскага свята.

Таццяна КНЯЗЕВА