Новости Молодечно и Молодечненского района

Запрашае школьны музей

  • 2025-02-22 08:31:00
  • Олег Беганский

У Аляхновіцкай сярэдняй школе створаны сапраўдны асяродак гістарычнай памяці, які адлюстроўвае падзеi i традыцыі мiнулых гадоў, служыць патрыятычнаму выхаванню падрастаючага пакалення, станаўленню маральных каштоўнасцей навучэнцаў. Гаворка ідзе пра школьны краязнаўчы музей.

– Наш музей быў заснаваны ў 1979 годзе, – гаворыць настаўніца беларускай мовы і літаратуры кіраўнік музея Таццяна Комар. – Усе экспанаты для яго сабралі настаўнікі і вучні школы. У экспазіцыі ёсць такія раздзелы, як «Жыццё вёскі Аляхновічы», «Яны загінулі ў баях з фашызмам», і іншыя.

Субяседніца адзначыла, што сабраныя матэрыялы расказваюць пра гісторыю населенага пункта і школы. Звесткі таксама тычацца Маладзечанскай птушкафабрыкі (цяпер прадпрыемства «Утка ферма №1». Вялікую цікавасць выклікаюць экспанаты, дзякуючы якім ажываюць падзеі Вялікай Айчыннай вайны, у тым ліку ўспаміны сведак тых падзей.

– Этнаграфічная экспазіцыя знаёміць наведвальнікаў з жыццём беларускай вёскі ў далёкім мінулым, – працягвае Таццяна Пятроўна. – Тут прадстаўлены прадметы сялянскага побыту, сельскагаспадарчыя прылады, кераміка, адзенне, тканіна. Для больш поўнага паглыблення ў гісторыю ў музеі рэканструяваны жылы пакой беларускай хаты.

Таццяна Комар паведаміла, што музейныя экскурсіі разлічаны на вучняў самых розных класаў. Экспанаты дапамагаюць лепш авалодаць школьнай праграмай. Экскурсіі цікавыя як для дзяцей, так і для дарослых. Праводзяць іх шасцікласніца Ганна Раманёнак і вучні дзясятага класа Мацвей Хацяеў і Паліна Каспаровіч.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ