Такога прынцыпу прытрымліваюцца ўдзельніцы вакальнай групы «Журавінка» Радашковіцкага цэнтра культуры і адпачынку.
– Група была створана ў 2020 годзе, – гаворыць яе кіраўнік Наталля Віршыч. – Раней салісткі збіраліся ў сельскім Доме культуры ў Путніках, а калектыў называўся «Крынічанька». «Журавінка» аб’ядноўвае жанчын рознага ўзросту з агульным жаданнем дзяліцца з людзьмі пеўчым мастацтвам.
Аснову рэпертуару складаюць беларускія народныя песні. Некаторыя музычныя творы выконвалі матулі і бабулі ўдзельніц. Такая пераемнасць фальклорных традыцый дазваляе захаваць культурную ідэнтычнасць пэўнай тэрыторыі.
Радуе гледачоў «Журавінка» і песнямі з рэпертуару ансамбля народнай музыкі «Бяседа», творамі сучаснай беларускай эстрады, патрыятычнымі. Гледачы адзначаюць станоўчую энергетыку, талент і выканальніцкае майстэрства ўдзельніц групы. Дарэчы, калектыў не раз станавіўся пераможцам раённых і абласных конкурсаў.
– Мы выступаем на розных сцэнічных пляцоўках, – працягвае Наталля Іванаўна. – «Журавінка» – традыцыйная ўдзельніца свят вёскі, грамадска-культурных мерапрыемстваў. Нас запрашаюць з канцэртамі ў санаторыі і дамы адпачынку. Адзін са складальнікаў іміджу групы – арыгінальныя касцюмы, якія ўдзельніцы шыюць самі.
Наталля Іванаўна падкрэсліла, што вялікае значэнне для творчасці калектыву мае падтрымка з боку кіраўніцтва раённага цэнтра культуры. Яна падзякавала ўдзельніцам групы Жанне Багжаноўскай, Людміле Канюшык, Жанне Мельнік, Ірыне Пятроўскай, Аксане Пятроўскай, Аксане Апарневай за адданасць мастацтву і запэўніла, што калектыў і надалей будзе радаваць публіку сваёй творчасцю.
Алег БЯГАНСКІ
Фота: архіў Наталлі ВІРШЫЧ