Новости Молодечно и Молодечненского района

Янка Купала заўсёды ў трэндзе

  • 2024-04-06 08:29:32
  • Олег БЕГАНСКИЙ

У гэтым упэўнена Ірына ТРУТНЕВА, навуковы супрацоўнік філіяла «Вязынка» Дзяржаўнага лiтаратурнага музея Янкi Купалы.

– У наш філіял прыхільнікі роднага слова прыязджаюць у любую пару года, – адзначыла субяседніца. – Людзі з задавальненнем наведваюць радзіму Янкі Купалы. Іх прыцягвае непаўторная аўра гэтага месца. Сама абстаноўка настройвае на лірычны лад. Садзейнічае таму і прыгажосць наваколля.

Ірына Трутнева расказала, што ў Вязынцы заўсёды рады гасцям. Тут традыцыйна ладзяцца мерапрыемствы ў рамках Нацыянальных фестываляў беларускай песні і паэзіі, мастацкія пленэры, выставы, творчыя ўрачыстасці, сустрэчы з літаратарамі, іншыя цікавыя мерапрыемствы. Вялікая культурная праграма прадугледжана і сёлета.

– Каб месца было яшчэ больш утульным і прывабным, у старым садзе плануецца пасадка дрэў, – дадала навуковы супрацоўнік. – Работнікі музея і валанцёры прымуць удзел у азеляненні тэрыторыі. Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка» – адна са славутасцей Маладзечаншыны. Ён нагадвае, што наша зямля шчодрая на таленты.

Увага! У нядзелю, 7 красавіка, у Купалаўскім мемарыяльным запаведніку адбудзецца «Веснавы фэст». Ладзяць яго «Студэнцкае этнаграфічнае таварыства» і Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы. Удзельнікі свята атрымаюць незабыўныя ўражанні.

Алег БЯГАНСКІ
Фота: Аляксей ПЛАТКО