Новости Молодечно и Молодечненского района

Хор – часцінка неба на зямлі

  • 2024-11-09 10:02:06
  • Олег БЕГАНСКИЙ

Так лічыць выкладчык па класе харавога дырыжыравання Аляхновіцкай дзіцячай школы мастацтваў Лізавета ВАЙНІЛОВІЧ.

Лізавета Андрэеўна малады спецыяліст. Гэты год першы ў яе працоўнай біяграфіі. Дзяўчына нарадзілася ў Аляхновічах, вучылася ў мясцовай сярэдняй школе, наведвала школу мастацтваў. Спецыяльнасць атрымала ў Маладзечанскім дзяржаўным музычным каледжы імя М.К. Агінскага.

– У калектыве мае мары і спадзяванні цалкам супалі з рэчаіснасцю, – гаворыць субяседніца. – Усіх сваіх цяперашніх калег я ведала ўжо. Гэта значна аблягчыла ўваход у прафесію. Прыемна, што вопытныя педагогі заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу. Увогуле, калектыў у нас дружны, усе хварэюць за агульную справу.

Лізавета Вайніловіч расказала, што на занятках яна вучыць дзяцей прыгожа і зладжана спяваць, адчуваць сябе адным цэлым. Яе выхаванцы развучваюць розныя творы. Сярод іх песні нашай зямлячкі Алены Атрашкевіч. Задача педагога – раскрыць творчы патэнцыял юных выканаўцаў. І гэта ў Лізаветы Андрэеўны цалкам атрымліваецца.

– Як малады спецыяліст зазначу, што работа выкладчыка высакародная і ганаровая, – акцэнтавала субяседніца. – Я стаўлю сабе задачу натхніць моладзь, усяліць у ёй упэўненасць у сабе. Трэба, каб маладыя людзі не баяліся браць на сябе адказнасць паступаць ва ўстановы культуры. Гэта перспектыўны жыццёвы выбар. 

Малады спецыяліст дадала, што палюбіла музыку з дзяцінства. Гэта яе жыццё. У музыцы шмат фарбаў, разнастайнасці. Увогуле, яна прысутнічае ўсюды – у прыродзе, спевах птушак. Музыка натхняе, пашырае кругагляд. І любоў да яе маладая выкладчыца перадае дзецям.

У тэму. Харавыя спевы – адзін з самых старажытных відаў музычнага мастацтва. Ён з’явіўся яшчэ ў перыяд антычнасці і, перажываючы разнастайныя змены, дайшоў да нашых дзён. Спевы ў калектыве – гэта заўсёды вялікая ўвага і сканцэнтраванасць. Бо трэба чуць не толькі свой голас і ўтрымліваць сваю партыю, але адначасова чуць голас ці галасы іншых удзельнікаў.
На базе Аляхновіцкай дзіцячай школы мастацтваў створаны два хоры. У канцэртным каля 20 удзельнікаў, у зводным – 45 юных выканаўцаў.

Алег БЯГАНСКІ
Фота: архіў Лізаветы ВАЙНІЛОВІЧ