
Супрацоўнікі аддзела абслугоўвання і інфармацыі Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Багдановіча арганізавалі інтэрактыўную выставу, прымеркаваную да 130-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Кандрата Крапівы.
Экспазіцыя «Чытаем байкі Крапівы» – гэта сапраўднае паглыбленне ў свет творчасці мудрага і іранічнага аўтара.
Як расказала загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі бібліятэкі Ніна Варламава, на стэлажах размясцілі не толькі знакавыя творы Кандрата Крапівы, але і біяграфічныя матэрыялы, што раскрываюць старонкі жыцця і творчасці пісьменніка. Наведвальнікі маюць магчымасць бліжэй пазнаёміцца з яго літаратурным шляхам, даведацца пра стварэнне знакамітых баек і сатырычных твораў, якія не страчваюць сваёй актуальнасці.
Асаблівую цікавасць выклікаў інтэрактыўны фармат выставы. Для самых дапытлівых падрыхтаваны пытанні віктарыны. Яны ахопліваюць як ключавыя моманты біяграфіі пісьменніка, так і яго багатую літаратурную спадчыну. Гэта цудоўная магчымасць праверыць свае веды і даведацца нешта новае, пазнавальна правесці час у бібліятэцы. Экспазіцыя з 2 па 7 сакавіка адкрыта для ўсіх жадаючых.
Тэкст і фота: Людміла ЦАР