Новости Молодечно и Молодечненского района

Вязынка запрашае гасцей

  • 2023-07-07 07:50:11

Вязынка – адзін з найпрыгажэйшых куткоў Міншчыны – зноў збірае сяброў, каб адсвяткаваць 141-годдзе нараджэння першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. Менавіта тут знаходзіцца выток магутнай плыні Купалавай паэзіі. Яе мастацкі свет стаў неад’емнай часткай духоўнага скарбу беларускага народа. Тут пачатак шляху творцы, які стаў сімвалам беларусаў як нацыі і з ідэаламі якога звяраюць сваё жыццё ўсё новыя і новыя пакаленні.

Вершы, прысвечаныя Песняру, на яго радзіме прачытаюць беларускія паэты, члены Саюза пісьменнікаў Беларусі. У святочным канцэрце прагучать музычныя творы, натхнёныя мілагучнымі Купалавымі радкамі.
Свята ў Вязынцы стане выдатным сямейным адпачынкам.

Памяткі аб ім прапануюць гасцям кірмаш рамёстваў і кніжны кірмаш.

А шматлікія фотапляцоўкі дадуць магчымасць зафіксаваць гэты дзень у сямейным фотаальбоме. Запрашаем усіх далучыцца ў Год міра і стварэння да мерапрыемстваў па ўшанаванні спадчыны першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы.