Новости Молодечно и Молодечненского района

Вясну гукаем – весела гуляем

  • 2026-03-13 10:48:00

Няма нікога і нічога жывога на Зямлі, што б не імкнулася да святла і цяпла. Гаспадарчая неабходнасць прымушала нашых продкаў-земляробаў своечасова рыхтавацца да пачатку палявых работ, уважліва прыглядацца да змены надвор’я і надыходу цёплых веснавых дзянькоў. Ад гэтага залежаў будучы ўраджай, таму клікаць – «гукаць» – вясну было добрай традыцыяй.







11 сакавіка спецыялісты філіяла «Дзіцячы цэнтр культуры «Расток» дзяржаўнай установы «Палац культуры г. Маладзечна» завіталі ў інтэрнат Маладзечанскага дзяржаўнага каледжа з фальклорнай замалёўкай «Вясну гукаем – весела гуляем», каб пазнаёміць моладзь з маляўнічым вясновым святам. Усе дзеі гэтага старажытнага абраду былі накіраваны на абуджэнне зямлі, набліжэнне цяпла і ўшанаванне птушак, якія «прыносяць вясну на крылах».



Дзяўчаты з задавальненнем упрыгожвалі папяровымі птушачкамі і каляровымі стужкамі дрэвы, спявалі песні-заклічкі, падкідалі на абрусе галёпы – печыва ў выглядзе птушак, гулялі ў гульні і вадзілі традыцыйныя карагоды, абуджаючы зямлю і запрашаючы хутчэй прыйсці вясну з сонейкам і цяплом.













Свята нікога не пакінула раўнадушным і дазволіла далучыць моладзь да народных беларускіх традыцый.
Анжаліка КАРАЛЕВІЧ,
метадыст па культурна-дасугавай дзейнасці філіяла «Дзіцячы цэнтр культуры «Расток» дзяржаўнай установы «Палац культуры г. Маладзечна»