Праект «Дрэва жыцця» – трэцяя па ліку калектыўная маштабная работа ўзорнай студыі «Народныя крыніцы» Маладзечанскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі «Маладзік» – здзіўляе ўсіх, хто прыходзіць у студыю займацца або паўдзельнічаць у майстар-класах.
– Спачатку мы з навучэнцамі працавалі над інтэграваным праектам «Сучаснасць і традыцыі: беларуская батлейка», – расказвае кіраўнік студыі Вольга Маслава. – Яго галоўнай мэтай бачылі захаванне традыцыйнага нацыянальнага мастацтва праз выкананне дызайну батлейкі, батлеечных персанажаў у тэхніцы выцінанкі і пастаноўку батлеечных спектакляў. У наступным навучальным годзе дзеці пашырылі свае веды ў галіне тэатральнага мастацтва. Яны стварылі ў спалучэнні з традыцыйным выразаннем з паперы ў тэхніцы выцінанкі ценявы тэатр «Моўныя залацінкі» па беларускіх прымаўках і прыказках і самі ўдзельнічалі ў пастаноўках. Дарэчы, на I і ІІ Рэспубліканскіх фестывалях-конкурсах праектаў навучэнцаў «Нашчадкі традыцый» калектыў быў узнагароджаны дыпломамі II ступені.
Юныя творцы на гэтым не спыніліся: яны вырашылі пашырыць свае веды ў галіне манументальнага жывапісу, засваенні і авалодванні новых тэхнік выкарыстання выцінанкі стварэннем новых вобразаў фарбамі на сцяне. Задумана – зроблена! У працэсе рэалізацыі праекта дзеці і падлеткі пазнаёміліся з відамі і гісторыяй манументальнага мастацтва, творчасцю сучасных беларускіх і замежных мастакоў-манументалістаў, у тым ліку з творчасцю маладзечанскіх майстроў выцінанкі Лізаветы і Наталлі Чырвонцавых, Людмілы Валковіч-Борыс, Вольгі Маславай... Некаторыя матывы былі выкарыстаны ў кампазіцыі вышэйзгаданага дрэва.
Навучэнцы студыі арыгінальна ўпрыгожылі сцены і вокны кабінета, у якім займаюцца.
– На працягу некалькіх гадоў разам з Вольгай Юр’еўнай мы вывучалі народную культуру, сімволіку арнаменту і Дрэва жыцця, – далучаецца да размовы навучэнка студыі Ніна Багданава. – Даведаліся, што ў беларусаў адным з вобразаў мадэлі Сусвету з’яўляецца дуб – сімвал вечнага жыцця, празорлівасці і пазнання – і выступае як непасрэднае звяно паміж Сусветам і чалавекам. Карані дрэва – гэта традыцыі нашых продкаў, птушкі – сімвал кахання. Крона дрэва сімвалічна складаецца з некалькіх напрамкаў – зямнога і нябеснага. Гэта і чатыры бакі свету, чатыры сезоны.
Сваю працу над праектам «Дрэва жыцця» навучэнцы разам з педагогам пачалі з эскіза. Затым адпаведна з кампазіцыяй намалявалі і выразалі на ватмане трафарэты. Для ўвасаблення выявы на сцяне зрабілі разметку асноўных кампазіцыйных ліній і прыступілі да нанясення элементаў па трафарэтах.
– У нашым дрэве прадстаўлены вобразы туркаўкі і глушца, якіх мы выбралі невыпадкова, – працягвае знаёміць з работай Вольга Маслава. – Туркаўка (галубка) лічыцца сімвалам вечнага кахання і моцнага саюза сямейнай пары. Акрамя таго, штогод грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» выбірае птушку года. Аднойчы быў ушанаваны глушэц, у мінулым годзе – туркаўка звычайная.
На пытанне, які элемент кампазіцыі лёг да душы або які выконваць было больш складана, студыйцы адзначаюць: кожны з іх па-свойму цікавы і непаўторны. І дадаюць: найбольш складана штосьці ў працы выпраўляць, таму лепш рабіць усё адразу якасна і не адхіляцца ад задуманага.
У далейшых планах творчага калектыву – удзел ва ўпрыгожванні нашага горада: стварыць мурал на сцяне дома, каб выцінанка заняла годнае месца сярод мноства беларускіх стрыт-арт вобразаў.
Тэкст і фота: Таццяна КНЯЗЕВА